«Мы не хацелі быць пасіўнымі назіральнікамі». Размова з каардынатаркай выставы «Штучная кома»


Выставу «Штучная кома» можна наведаць з 23 кастрычніка да 11 лістапада 2021 года ў Варшаве.

«Мы не можам сказаць, што мы мы самі па сабе трапілі ў кому, гэта не той стан, на які мы далі дазвол. І таму гэтая выстава ставіць пытанне, калі і чаму беларуская кома пачалася і калі яна скончыцца», – распавядае Дзіяна Ігнаткова, каардынатарка выставы «Штучная кома» і выпускніца ўніверсітэту культуры і мастацтваў. Усяго на выставе прадстаўлены работы дваццаці маладых аўтараў, адмыслова да падзеі таксама быў створана музыка.

Вернісаж выставы «Штучная кома». Усе працы, якія прадстаўлены на выставе, стварылі студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў, а экспазіцыя першапачаткова планавалася адбыцца на напачатку 2021 года ў Менску. Але пачаліся затрыманні дзеячаў культуры, а пляцоўка, на якой планавалі выставіць карціны, апячаталі. Таму ўдзельнікі «Студэнцкага аб’яднання мастацтва» («SOI») перавезлі ўсе работы за мяжу. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– Дзіна, распавядзіце пра «Студэнцкае аб’яднанне мастацтва» («SOI»), якое пры дапамозе мультыкультурнага цэнтру ў Варшаве, зладзіла выставу.

– Наша пляцоўка – гэта аб’яднанне студэнтаў творчых вузаў, якія раней канкуравалі паміж сабой, але падчас пратэсту аб’ядналіся, каб падтрымліваць адзін аднаго. Мы не хацелі быць пасіўнымі назіральнікамі, мы хацелі зафіксаваць гэты момант беларускай гісторыі і разам рабіць творчыя пратэсты, перформансы і акцыі, каб падтрымаць усіх беларусаў, саміх сябе. Вядома, з часам форма нашага творчага пратэсту змянілася, як змяніўся і сам пратэст. Выстава «Штучная кома» пачалася з конкурсу амаль на самым пачатку нашага аб’яднання яшчэ ў Менску.

– Як працы трапілі ў польскую сталіцу?

– У Варшаву пераехала адна з удзельніц «SOI» і запрапанавала перавезці ўсё сюды з поглядаў бяспекі. Мы не збіраліся адразу ладзіць тут выставу, але, калі прац назбіралася дастаткова, вырашылі даць сабе другі шанец. Гэта вельмі незвычайнае пачуцце: ісці ў мінкульт і атрымліваць дазвол на выезд. Мне здавалася, што нас разам з карцінамі запакуюць і павязуць на Акрэсціна. Але абышлося: за трэцім разам мы вывезлі ўсе нашыя працы. Я вельмі шкадую, што толькі адна аўтарка – Карына Калінкіна, змагла прысутнічаць на вернісажы.

Карына Калінкіна на вернісажы выставы «Штучная кома». Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
Вернісаж выставы «Штучная кома». Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
Вернісаж выставы «Штучная кома». Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– Што глядач пабачыць на выставе?

– Працы, па якіх вельмі канкрэтна можна зразумець, як пратэсныя падзеі паўплывалі на студэнтаў і іх творчасць. Экспанаты былі створаныя ў 2020-пачатку 2021 года. Адсюль і матыў «сну» – метафара беларускага асяроддзя, настрою і пачуццяў, які характэрны большасці людзей у краіне. На жаль, відавочна таксама дэпрэсія, каматоз, кома, якая выклікае ў гледача шмат пытанняў: колькі гэты стан будзе цягнуцца? Як і праз каго мы патрапілі ў кому? Няўжо праз 26 гадоў мы не зразумелі, што так жыць немагчыма?

– Як беларускае мастацтва будзе выходзіць з гэтай так званай комы?

– Беларускае мастацтва зараз – гэта балота. І як гэта змяніць – шчыра не вядома. Але адзначу, што кожны ўдзельнік «SOI» бачыць сваю будучыню моцна звязанай з радзімай. Нават тыя, хто з’ехаў. А пакуль што… Мне здаецца, што Варшава – цудоўнае месца, дзе адбываецца вельмі шмат творчых падзеяў, звязаных з беларускім мастацтвам. Мэта нашай пляцоўкі – гэта не толькі падтрымка і прасоўванне беларускага мастацтва, але і яго развіццё. Цікава, што дагэтуль шмат хто асацыюе беларускае мастацтва з фальклорам. Але гэта толькі адзін з кірункаў. Мы адходзім ад «штампаў» і жывем сучасным беларускім кантэкстам нават тут, у Польшчы, Літве, Украіне. Частка нашай каманды дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі, там нашыя бацькі, родныя і, як бы не дзіўна гэта гучала, ініцыятывы, якія нават у такі цяжкі стан гатовыя ладзіць культурніцкія мерапрыемствы. У такіх абставінах згубіць беларускасць за мяжой вельмі цяжка.

Дзіяна Ігнаткова (у цэнтры) на вернісажу выставы «Штучная кома». Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
Вернісаж выставы «Штучная кома». Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
Вернісаж выставы «Штучная кома». Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– На выставе шмат прац, выкананых у шэрых, чорных, белых і чырвоных колерах і адценнях. Гэта колеры сучаснага беларускага мастацтва?

– Хутчэй колеры той самай комы, у якой знаходзіцца і грамадства, і мастацтва. Але яны абавязкова зменяцца, калі кома скончыцца.

Выставу «Штучная кома» можна наведаць з 23 кастрычніка да 11 лістапада 2021 года ў Варшаве па адрасу: Jagiellońska 54 (Centrum Wielokulturowe) Гадзіны працы з панядзелка па пятніцу – 10:00-19:30, у суботу – 10:00-14:30.

Вернісаж выставы «Штучная кома». На здмыку — Дзіяна Ігнаткова распавядае пра працу Стасі Міронцавай, якая больш за год знаходзіцца за кратамі і прызнаная палітычным вязнем. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Саша Альтэр, belsat.eu

Стужка навінаў