Галоўнае за выходныя: беларус у вышуку, АМАП для белсатаўцаў і вызваленне палітвязня


Belsat.eu падводзіць вынікі 23 і 24 кастрычніка.

Улады Расеі абвесцілі ў вышук беларуса, які выкрыў катаванні

Беларускі IT-спецыяліст Сяргей Савельеў, дзякуючы якому інфармацыя пра масавыя катаванні ў расейскіх турмах патрапіла ў шырокі доступ.
Фота: NetGulagu / Telegram

Паліцыя Расеі абвесціла ў вышук беларуса Сяргея Савельева, які перадаў відэа з катаваннямі ў расейскіх турмах праекту Gulagu.net.

На мінулым тыдні Сяргей Савельеў з’ехаў у Францыю, дзе папрасіў палітычнага прытулку.

Палітвязень выйшаў на свабоду

Палітзняволены грамадзянін РФ Даніла Чамаданаў скончыў адбываць тэрмін і выйшаў на волю – яго ўжо дэпартавалі ў Расею. Яму цяпер нельга ўязджаць у Беларусь на працягу 2 гадоў. Адзначым, што 24-гадовы хлопец 22 гады пражыў у Беларусі.

Даніла – фігурант берасцейскай «справы карагодаў», распачатай па падзеях 13 верасня 2020 года ў горадзе (калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт). Яму прысудзілі 1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

На 24 лістапада ў Беларусі праваабаронцы прызналі 817 чалавек палітвязнямі.

Прысуд рэдактару

Рэдактара парталу «Виртуальный Брест» Андрэя Кухарчыка пакаралі 1,5 гадамі «хатняй хіміі» за камэнтар пра дэпутата Ігара Марзалюка. Суд распачаўся ў чацвер, а ўжо ў пятніцу суддзя Яўген Брэган агучыў вырак.

Рэдактар «Віртуальнага Берасця» Андрэй Кухарчык.
Фота: racyja.com

Кухарчыку выставілі абвінавачванне па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»). Паводле версіі следства, у телеграм-чаце «Обсуждаем опасный Брест» пад фатаграфіяй дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, Кухарчык напісаў каментар.

Калі судзіць па публічнага відэа МУС наконт гэтай справы, каментар быў наступны: «Народ избили, а депутат: «Забыть обиды и начать с чистого листа». Вот прикорытная [..]»

23 кастрычніка, сайт «Виртуального Бреста» быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі.

Ціханоўская заклікае беларусаў змагацца супераць каронавіруса

За выходныя палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская двойчы звярнулася да беларусаў з заклікам адказна ставіцца да пандэміі.

У суботу яна запісала відэазварот пра бяспеку падчас абвастрэння сітуацыі з захворваннем.

А ў нядзелю нагадала пра неабходнасць рабіць тры простыя крокі для спынення хваробы: рабіць прышчэпку, насіць маску і заставацца дома.

«Беларусы пераканаліся, што дзяржава не здольная спыніць распаўсюд пандэміі ў краіне. Таму мы, як заўсёды, разлічваем толькі на сябе!» – прыводзіць яе зварот афіцыйны тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Беларусы фундуюць на палац Радзівілаў

На аднаўленне палацу Радзівілаў у Паланэчцы Баранавічскага раёну беларусы сабралі неабходныя 17 тысяч рублёў за тры дні, паведамяе ўладальнік палацу.

Палац Радзівілаў у Паланэчцы.
Фота: radziwill_palace_polonechka / Instagram

У канцы мінулага года комплекс будынкаў былога палаца Радзівілаў у вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёну прадалі менчуку на паўторным аўкцыёне за 20 160 рублёў.

Пасля продажу па ўмовах новы ўласнік абавязаны рэстаўраваць будынкі ў тэрміны, прадугледжаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй, падпісаць і зарэгістраваць у Міністэрстве культуры ахоўнае абавязанне і выкарыстоўваць аб’ект на працягу 3 гадоў з моманту ўводу ў эксплуатацыю.

Hавiны
За тры дні беларусы сабралі 17 тысяч рублёў для рэканструкцыі палаца Радзівілаў
2021.10.24 10:27

У Беларусь прыйшоў новы штам каронавіруса

Новы штам каронавіруса зарэгістраваны ў Беларусі, паведаміў намеснік міністра аховы здароўя і галоўны санітарны лекар Аляксандр Тарасенка ў эфіры дзяржтэлебачання.

Вірус дэльта-штаму здольны хутчэй пераходзіць ад чалавека да чалавека.

Паводле афіцыяльных лічбаў за содні ў Беларусі зарэгістраваныя 2 044 пацыента з COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

За той жа перыяд выпісалі з больніцаў 2 354 пацыента. Пайшлі з жыцця 16 чалавек.

Hавiны
У Беларусі зарэгістравалі новы штам каронавіруса
2021.10.24 12:21

АМАП на падхопе для затрымання белсатаўцаў

Улетку 2020 году журналістаў «Белсату» неаднаразова затрымлівалі пасля стрымаў з перадвыбарчых пікетаў. «Кіберпартызаны» перадалі нам запісы перамоваў міліцыянтаў, дзе тыя абмяркоўвалі аперацыю па затрыманні нашых калегаў у Жодзіна.

Спачатку сілавікі планавалі спыніць журналістаў на ўездзе ў Жодзіна. Аднак тады яны яшчэ задумваліся пра законныя падставы для арышту. Пра тое, ці можна затрымаць да пікету, і ці есць сэнс у арышце пасля, размаўлялі камандзір Менскага абласнога атраду АМАП Мікалай Максімовіч і намеснік кіраўніка Жодзінскага ГАУС Міхаіл Мурашкін.

Артыкулы
«АМАП будзе на падхопе, каб не пайшло не па сцэнары». Як затрымлівалі «белсатаўцаў» у чэрвені 2020 году
2021.10.24 23:12

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў