«АМАП будзе на падхопе, каб не пайшло не па сцэнары». Як затрымлівалі «белсатаўцаў» у чэрвені 2020 году


Улетку 2020 году журналістаў «Белсату» неаднаразова затрымлівалі пасля стрымаў з перадвыбарчых пікетаў. «Кіберпартызаны» перадалі нам запісы перамоваў міліцыянтаў, дзе тыя абмяркоўвалі аперацыю па затрыманні нашых калегаў у Жодзіна.

Аператара і журналіста затрымалі пасля перадвыбарчага пікету ў Жодзіне на 3 гадзіны. З размоваў вынікае, дазвол на затрыманне мясцовыя міліцыянты атрымалі з санкцыі намесніка міністра ўнутраных справаў. Інцыдэнт адбыўся ў чэрвені мінулага году.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студыя «Белсату» у Варшаве, Польшча.
Фота: Белсат

«Патлумачыў, што ў нас няма падставаў для затрымання»

Спачатку сілавікі планавалі спыніць журналістаў на ўездзе ў Жодзіна. Аднак тады яны яшчэ задумваліся пра законныя падставы для арышту. Пра тое, ці можна затрымаць да пікету, і ці есць сэнс у арышце пасля, размаўлялі камандзір Менскага абласнога атраду АМАП Мікалай Максімовіч і намеснік кіраўніка Жодзінскага ГАУС Міхаіл Мурашкін.

Мурашкін: Хочуць, каб мы затрымалі «белсатаўцаў». Я сказаў, каб узгаднілі з вамі, якія каманды будуць.

Максімовіч: Затрымалі як?

Мурашкін: Каб пры ўездзе ў горад спынілі ДАІ і склалі на іх пратакол.

Максімовіч: За што?

Мурашкін: За здымкі, што яны не маюць права ажыццяўляць.

Максімовіч: Пры ўездзе?

Мурашкін: Пры ўездзе <…>. Я яму патлумачыў, што ў нас няма падставаў для затрымання, бо яны яшчэ не ажыццяўлялі ніякую дзейнасць, што іх можна будзе затрымаць толькі падчас ці пасля.

Максімовіч: Так і ёсць.

Мурашкін: Я яму патлумачыў, што падчас мы лезці не будзем, каб не ствараць карцінку. Лепш за ўсё затрымліваць пасля таго, як яны правядуць стрым.

Максімовіч: Сэнсу няма.

Мурашкін: Я сказаў, што ў любым выпадку без указання УУС нічога рабіць не будзем і ўласнымі сіламі гэта таксама не вельмі добра будзе.

Максімовіч: А ён ведае, хто прыедзе, па прозвішчах?

Мурашкін: Як я зразумеў, ведае. Ён сказаў, што цэнтр цяпер працуе.

<…>

Максімовіч: Я табе ператэлефаную, Міхаіл Міхалыч.

«Ініцыятыва пакуль не ўзгодненая»

Потым Максімовіч абмяркоўваў аперацыю па затрыманні журналістаў з кіраўніком УУС Менаблвыканкаму Аляксандрам Астрэйкам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманне журналістаў «Белсату» Змітра Міцкевіча і Дзяніса Дзюбы падчас стрыму на мітынгу аб’яднанага штабу ў Маладзечне. У Маладзечне таксама затрымалі журналістаў Марыю Арцыбашаву і Алеся Сіліча. 31 ліпеня 2021 года.
Фота: Кацярына Шульжыцкая

Максімовіч: Аляксандр Вячаслававіч, Добры дзень, Максімовіч. Зручна?

Астрэйка: Так, канешне.

Максімовіч: Па Жодзіна, мне тэлефанавалі мае супрацоўнікі. «Белсат». Што робім?

Астрэйка: Пакуль няма рашэння. Гэта ініцыятыва не ўзгодненая пакуль.

Максімовіч: Бо да таго, як яны пачнуць трансляцыю, у нас падставаў няма.

Астрэйка: Па-першае, так, а па-другое, вы ведаеце агульнае па сталічным рэгіёне па іх.

Максімовіч: Не, што?

Астрэйка: Я маю на ўвазе, што мы не чапалі іх увесь гэты час.

Максімовіч: Я бачыў.

Астрэйка: Прапрацоўваецца пакуль гэтае пытанне, але рашэння няма. Я вам адразу скажу.

Максімовіч: Добра, прынята. Падскажыце тады, калі трэба будзе нам па іх працаваць, у якім фармаце.

«Транспарт лепш грамадзянскі, але супрацоўнікі ў форме»

Далей было яшчэ некалькі перамоваў, падчас якіх сілавікі спрабавалі вырашыць, што ж рабіць – затрымліваць ці проста здымаць на камеру, а калі затрымліваць, то ў які момант лепш. Нарэшце вызначыліся, што затрымаюць пасля стрыму і прыцягнуць да адказнасці паводле былога арт.22.9 КаАП РБ – «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

Максімовіч: Будзем працаваць па «Белсаце».

Мурашкін: Будзем усё ж такі?

Максімовіч: Угу.

Мурашкін: І якім чынам?

Максімовіч: Яны прыязджаюць, вам неабходна адфіксаваць, на чым яны будуць, дзе паставяць машыну. Далей яны ідуць, займаюцца сваёй незаконнай журналісцкай дзейнасцю. Мы гэта фіксуем, стрым у нас павінен быць, там, дзе будуць *бальнікі гэтых, што будуць рэпартаж весці. Яны напэўна там прадставяцца, і бачны будзе твар у любым выпадку – доказная база. Скончылі. Ідуць да машыны. Пад’язджае наш транспартны сродак.

Мурашкін: Размаляваны?

Максімовіч: Лепш грамадзянскі, але супрацоўнікі ў форме. <…>. Падставы ў нас якія?

Мурашкін: Тое, што яны здымалі?

Максімовіч: Не. Для дастаўлення якія падставы?

Мурашкін: Для вядзення адміністратыўнага працэсу.

Максімовіч: Са старту можам так і агучыць.

<…>

Мурашкін: А калі яны скажуць – нам абаронцу? А яны гэта скажуць 100%.

Максімовіч: Чаму ты так думаеш?

Мурашкін: Ну яны ж такія, палітычныя.

Максімовіч: Абаронцу пры чым?

Мурашкін: Для вядзення адміністратыўнага працэсу. Яны ж маюць права запатрабаваць абаронцу. <…>. А абаронца можа прыехаць нейкі з Менску з «Вясны» ці яшчэ што-небудзь.

<…>

Максімовіч: «Вясна», яны ж гэта, б*дзь, у іх забралі акрэдытацыю. Няма такога цяпер цэнтру праваабарончага «Вясна». Ягоная дзейнасць ануляваная.

Мурашкін: Я зразумеў. Але ў любым выпадку, калі яны скажуць, мы будзем абавязаныя.

«У машыну і павезлі ў ГУУС. Ніякіх размоваў па дарозе»

Далей кіраўнік Менскага абласнога АМАПу падрабязна распісаў, як трэба затрымліваць журналістаў «Белсату».

Максімовіч: Ну давай тады па сітуацыі. Самае асноўнае цяпер глядзі, Міхалыч, што – гэта пытанне іхнага затрымання. Па-першае, у іх павінны быць гарантавана выключаныя камеры. Яны ўжо рухаюцца да транспартнага сродку, і недзе па дарозе каля машыны <…> нам бы падфарціла, калі б яны сваю машыну падалей паставілі, каб астатнія не прыбеглі туды з тэлефонамі.

Машынка пад’ехала, «здравия желаю – здравия желаю». І каб у машыне, якая пад’ездзе, ім дваім хапіла месца. Прайдзіце ў транспартны сродак для дастаўлення ў ГУУС для далейшага вядзення адміністратыўнага працэсу. Настойліва іх у машыну і павезлі ў ГУУС. Ніякіх размоваў, перамоваў па дарозе быць не павінна. У ГУУС прывезлі і далей вядзем адміністратыўны працэс па 22.9.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты падчас працы на пратэстнай акцыі ля ЦУМу ў Менску. 1 верасня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Разбіральніцтва вельмі простае – вы хто такія? Карэспандэнты «Белсату»? Не, мы не карэспандэнты «Белсату». Вы толькі што вялі рэпартаж, можна нават паказаць – вось гэта вы, вось ваш мікрафон, вось вы кажаце, што вы – карэспандэнт і вяшчаеце на канале «Белсат». У каналу «Белсат» няма акрэдытацыі МЗС на сённяшні дзень. Пакажыце вашыя пасведчанні. Вось маё пасведчанне БАЖу – Беларускай асацыяцыі журналістаў. Я вас віншую – ваша Беларуская, ну, не ваша, а агулам Беларуская асацыяцыя журналістаў – гэта грамадскае аб’яднанне, і ніякіх правоў на вядзенне журналісцкай працы яно вам не дае без акрэдытацыі МЗС. Любы СМІ павінен мець акрэдытацыю. У дадзеным выпадку гэта акрэдытацыя МЗС.

І ўсё. У іх яе няма. Яны ўсё гэта ведаюць выдатна і моцна вы*бывацца яны не будуць, павер мне. І самая асноўная фішка, дзе яны могуць згуляць і паспрабаваць павы*бывацца, гэта момант затрымання, прыцягнення ўвагі. Вось, нас затрымліваюць, нас вядуць. Таму настойліва адразу ў машынку, дастаўляем і складаем пратакол. Пратакол склалі – выспятка пад с*аку, могуць ісці куды захочуць. Там санкцыя толькі штраф.

<…>

Мурашкін: Можа, АМАП на ўсялякі пажарны падцягнецца, не? Ну, каб не пайшло не па сцэнары.

Максімовіч: Я табе АМАП накірую, Міхалыч, але затрымліваць павінны супрацоўнікі.

Мурашкін: Мы зробім, зробім, але проста каб на падхопе былі.

Максімовіч: На падстрахоўцы будзе ў цябе АМАП, я накірую.

Мурашкін: Прыняў, дзякуй, будзем працаваць.

Максімовіч: Трымай мяне ў курсе, на чым прыехалі, дзе машынку пакінулі – далёка, не далёка. Абавязкова мы павінны спрацаваць, у абавязковым парадку.

Мурашкін: Ёсць.

  • Цягам 2020 году журналістаў «Белсату» затрымлівалі дзясяткі разоў.
  • 15 лістапада 2020 году былі затрыманыя журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова і асуджаныя на 2 гады пазбаўлення волі за стрым акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі.
  • За кратамі таксама знаходзяцца вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч і публіцыст belsat.eu Аляксандр Фядута.
  • Сёлета 21 траўня ў студыі, дзе запісваліся праграмы «Белсату» у Менску прайшоў вобшук, былі затрыманыя тэхнічныя супрацоўнікі.
  • 16 ліпеня прайшлі вобшукі ў белсатаўцаў па ўсёй краіне.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў