Заснавальнік Telegram Павел Дураў выказаўся аб блакіроўцы беларускіх тэлеграм-каналаў


Мэсэнджар Telegram па просьбе кампаніі «Apple» 23 верасня заблакаваў некалькі прапагандысцкіх рускамоўных тэлеграм-каналаў, звязаных з Беларуссю, з агульнай колькасцю 80 тысячы падпісчыкаў на iPhone/iPad, паведаміў заснавальнік мэсэнджару Павел Дураў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Адміністратары яшчэ некалькіх тэлеграм-каналаў, звязаных з Беларуссю, з агульнай аўдыторыяй у 50 тысяч падпісчыкаў атрымалі папярэджанні.

Павел Дураў таксама распавёў аб адным з каналаў, які парушыў правілы Telegram:

«Напрыклад, учора пасля паўторнага парушэння мы былі вымушаныя выдаліць расейскамоўны канал, які заклікаў «рэзаць» і «расстрэльваць» бяззбройных безабаронных людзей. Пасля таго, як нашыя мадэратары схавалі праблемны пост і адправілі адміністратарам каналу апавяшчэнне аб недапушчальнасці падобнага кантэнту, уладальнікі каналу апублікавалі тое ж паведамленне нанова, забяспечыўшы яго скрыншотам атрыманага імі папярэджання. Так рабіць ніколі не варта – правілы Telegram прама забараняюць публічныя заклікі да гвалту. Паўторнае парушэнне амаль непазбежна прыводзіць да выдалення каналу».

Ён таксама папярэдзіў, што каналы такога плана будуць выдаляцца і ў далейшым, калі яны будуць парушаць правілы.

«Уцёкі ў іншыя мабільныя прыкладанні не дапамогуць ім пазбегнуць абмежаванне доступу», – запэўнівае Дураў, бо любыя з іх таксама выконваюць патрабаванні крамы прыкладанняў.

Патрабаванні «Apple» абысці немагчыма, паколькі Telegram распаўсюджваецца праз краму прыкладанняў «App Store», якая належыць гэтай кампаніі. Акрамя таго, ёсць яшчэ ўласныя правілы Telegram, парушэнне якіх, напрыклад, заклікі да гвалту і жорсткасці, таксама вядуць да блакіроўкі каналу.

Раней Міністэрства інфармацыі Беларусі назвала блакіроўку каналаў «патрыятычнай накіраванасці» «прыкладам задушэння свабоды слова ў сетцы Інтэрнэт».

Абноўлена
Кампанія «Apple» абмежавала доступ да праўладных тэлеграм-каналаў
2022.09.23 19:20

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў