Як пачаць уласную дэрусіфікацыю?


Беларускі комплекс непаўнавартасці, таўро суагрэсараў, стаўленне як да міні-расейцаў. Здавалася б, у чым тут няпраўда? Пераход Зяленскага на расейскую мову ў зваротах да беларусаў – не навіна, бо ў Львове беларускія цягнікі і раней дубляваліся расейскай. У свеце ж нас і ўвогуле рэдка ўважаюць за самастойную Belarus, калі мы называемся White Russia. Дэрусіфікацыя – наш шлях не проста да годнасці, але, натуральна, да самазахавання. Піша пазаштатны аўтар belsat.eu Ясь Тутэйшы.

Усведамленне акупацыі прымусіла беларусаў вырывацца з абдымкаў «русского мира». Але як? Праз мову і падкрэсленне беларускасці. Праблема глыбей. Шукаючы шлях да волі, трэба ўсвядоміць ступень няволі. Для нас гэта доўгае міжвольнае перабыванне нацыі ў расеяцэнтрычным свеце і пад шкоднымі наратывамі.

«Прадмова» у Варшаве
Наведніца фестывалю «Прадмова» з набытымі кніжкамі. Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Мова. Расейскаму вуху смешна і нягегла гучыць беларускае: пыса, мэбля, Марына, Ларыса. І гэтыя расейскія вушы, на жаль, растуць на галовах беларусаў. Мы мусім адарвацца ад бачання беларускай мовы з пункту гледжання ўсходняга суседа, прыняць сваё як дадзенасць, а ні ў якім разе не як сапсаваную вялікарасейскую. Зважайце і памятайце, хто насаджваў нам наратывы пра «бедный язык», «маленькую страну – клочок земли» і «русских со знаком качества», і не падыгрывайце яму.

Дарэчы, пра «клочок земли». Беларусь паводле еўрапейскіх мерак – буйная краіна, 12-я з 50 па тэрыторыі, ненашмат меншая за Злучанае Каралеўства пад нумарам 10 і амаль роўная з нумару 11, які, што цікава, адэпты «клочка земли» называюць «огромная страна Румыния».

Варта паважліва ставіцца да самавызначэння іншых нацыяў. Каб патрабаваць назву Беларусь замест «Белоруссии», спачатку трэба запомніць, што ёсць краіна Малдова, а Малдавіі – няма. Тое ж самае з Кыргызстанам, які зусім не Кіргізія. Трэба запомніць, што правільна казаць «ва Украіне», а не «на Украіне». Пішучы расейскай, варта правільна пісаць эстонскую сталіцу з дзвюма «н» – «Таллинн» – і забыцца пра тэрмін «Прыбалтыка». Ёсць краіны Балтыі, а мы – тыя, хто прагнуць адрознення ад стэрэатыпных расейцаў.

Дыктоўка ў Горадні. Гарадзенцы напісалі 14-ю па ліку беларускую дыктоўку. Міжнародны дзень роднай мовы. 21 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Калі ж мы ўжо не саромеемся свайго імені ў пашпарце, раманізаванага ад беларускай формы, калі Кавалёў падпісваецца як Kavaliou, а не Kovalev, то і тапонімы мы мусім пісаць адпаведна: Mahiliou, а не Mogilev. І тое ж самае паважаць у іншых, раней русіфікаваных суседзяў: Kyiv, а не Kiev. Увогуле ж мы маем цудоўную беларускую лацінку, якая дакладна перадае нашу мову, і ня трэба выкручвацца sms’ачным транслітам, як украінцы і расейцы. Параўнайце: Kuntsawshchyna і Kuncaŭščyna, Uruchcha і Uručča.

У імкненні быць адрозным і быць беларусам не трэба грэбаваць беларускімі лакалізацыямі для паўсядзённых прадуктаў, якія трывала існуюць і актыўна распрацоўваюцца. На ўсіх дэвайсах можна наладзіць прыярытэт беларускай, каб і «Фэйсбук», і ўсе сэрвісы «Гугла» былі па-беларуску. Дадаць беларускую клавіятуру, каб у якіх-небудзь каментарах не адказваць беларусу па-расейску. Нязручна дадаваць новую раскладку? Дык пра гэта ж можна падумаць як пра дасягненне, маўляў, так шмат моваў, што ажно пераключацца цяжка! Увогуле, пра беларусаў кажуць, што гэта тыя людзі, якія валодаюць чатырма мовамі: расейскай, роднай, міжнароднай і мовай краіны перабывання. Калі сярод гэтага набору няма беларускай, то варта задумацца.

Наратыў пра беднасць і непатрэбнасць беларускай мовы ідзе і з адваротнага, ад нястачы попыту на яе. Ці шмат мы шукаем на ёй у онлайн-абсягах? А папраўдзе ж ёсць багата кантэнту па-беларуску. Беларусы настолькі крутыя, што беларускіх «Вікіпедыяў» ажно дзве, і гэта яшчэ лацінка на чарзе 🙂 Зразумела, што роля расейскай у онлайн-прасторы вялікая, але для пошуку расейскамоўнага кантэнту прынамсі можна пазбягаць сайтаў на .ru, калі побач існуе той жа .ua.

Неделя белорусской культуры, фестиваль «Гучна-фэст», беларусы, Варшава, Польша, Беларусь
Наведнікі фестывалю «Гучна-фэст». Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Ну і, бадай, найбольш відавочнае, дзе ў нас жыве «русский мир», – сфера забаваў і вольнага часу. Што ў нас глядзяць? Расейскі ТНТ, расейскі «Камедзі клаб». Якія шырпатрэбныя часопісы, крыжаванкі? Расейскія, натуральна. Потым у гульні ў гарады мы аперуем расейскай геаграфіяй як роднай. Радыёстанцыі ў машынах слухаем расейскія, гумар расейскі. Канал «Euronews» у нас трансляваўся ў расейскай версіі. І так, гэта мела сэнс, бо заўсёды ж можна зэканоміць на лакалізацыі беларусаў. Але ж калі запускаеш у Беларусь кантэнт, лакалізаваны пад Расею, то табе ў спартовых навінах і будуць расказваць пра дасягненні расейскіх атлетаў. Трэба разумець, што ўсё гэта закладае ў нас неадрыўнасць ад расейскага парадку дня, ладу жыцця і ўвогуле – ментальнасці. Дык самае непрыемнае, што ўсё гэта ўваходзіць у звычку, у lifestyle, які цяжка і балюча перакройваць. Як і непрыемна выкідваць з жыцця ўлюбёныя песні кшталту «Выйду ночью в поле с конём… я влюблён в тебя, Россия, влюблён». Але мусім. Усвядоміць. І адысці. Іначай будзе ў нас і надалей свята 23 лютага, на якое дзяўчаткі дораць хлопчыкам фігуркі салдацікаў з трыкалорамі.

А што ў нас увогуле беларускага, каб шараговы чалавек пачуваўся беларусам ментальна, а не паводле геаграфічнай прыкметы? Хіба што транспарт у Менску па-беларуску. Дык і там ваююць, каб «Кастрычніцкая» прадублявалася ў «Октябрьскую», бо гасцям нязручна.

Наш шлях да годнасці і волі ляжыць цераз высілак над сабою, асэнсаванне, пакаянне. І праз вялікі, агульнанацыянальны дэтокс ад атруты. Праводзім дыягностыку, вызначаем паразы і выпрацоўваем проціяддзе ўжо цяпер.

Ясь Тутэйшы для belsat.eu

Стужка навінаў