Пасля інцыдэнту з ліфтам у «Dana Mall» па меддапамогу звярнуліся 5 дзяцей


Днём 24 верасня ў ГЦ «Dana Mall» прайшла сустрэча з 12-гадовай расейскай блогеркай Міланай Хаметавай, на ёй прысутнічала некалькі тысяч чалавек. У нейкі момант з-за перавагі ліфт у ГЦ захрас разам з падлеткамі ўнутры.

Сустрэча з блогеркай у ГЦ «Dana Mall» 24 верасня 2022 года. Крыніца: kyky_org/ Telegram

«У 14:18 у службу выратавання паступіла паведамленне аб людзях, якія захраслі ў кабіне ліфта. Устаноўлена, што пры выкарыстанні ліфта паміж першым і цокальным паверхам адбыўся экстраны прыпынак кабіны з-за перагрузкі, дзе пачалася цісканіна. Там знаходзіліся больш за 15 чалавек пры дапушчальнай норме не больш за 13 чалавек. Супрацоўнікамі МНС аказана неабходная дапамога, міліцыя забяспечыла ахову грамадскага парадку і бяспечныя маршруты выхаду з будынку», – паведамляюць у Следчым камітэце.

У выніку за медычнай дапамогай звярнуліся пяцёра малалетніх дзяцей. Паводле СК, сур’ёзных траўм у выніку цісканіны атрымана не было. Жыццю і здароўю дзяцей нічога не пагражае.

Раней у Міністэрстве аховы здароўя паведамлялі, што ўнутры ліфту было 20 чалавек. Пасля таго, як былі адчыненыя дзверы кабіны, яны атрымалі дапамогу спецыялістаў хуткай медычнай дапамогі, якія прыбылі на месца здарэння. У гандлёвы цэнтр выехалі адна рэанімацыйная і чатыры лінейныя брыгады хуткай медычнай дапамогі.

Сустрэчу з блогеркай прыйшлося скараціць з двух гадзін да 20 хвілін па патрабаванні адміністрацыі і службы бяспекі ГЦ. Таксама паведамляецца, што дзеля таго, каб прымусіць падлеткаў пакінуць гандлёвы цэнтр, былі задзейнічаны АМАП і міліцыя.

Hавiны
У ГЦ «Dana Mall» адбылася цісканіна ў ліфце. Там выступае расейская блогерка
2022.09.24 17:08

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў