«Больш за палову фільму было гатова». Як вайна ва Украіне змяніла планы беларускіх фільммейкераў


Для беларускага кіно, якое часткова эмігравала пасля падзеяў 2020-га, вайна ва Украіне стала чарговым ударам. Міжнародная кінасупольнасць сфакусавалася на падтрыманні ўкраінцаў, і для беларускага парадку дня месца ў ёй амаль не засталося. Больш за тое, некаторыя дзверы гэтай сферы перад беларусамі, як прадстаўнікамі краіны-суагрэсара, публічна закрыліся. Нарэшце, пэўныя праекты нашых аўтараў вайна перапыніла проста на этапе здымак, так што глядач, прынамсі ў бліжэйшы час, іх не пабачыць. Разбіраем з беларускімі фільммейкерамі, як вайна ва Украіне ўдарыла па беларускім кіно.

«Гэта найлепшы матэрыял, які я зняла»

У рэжысёркі нашумелага ў 2018 годзе «Крышталю» Дар’і Жук пасля пачатку вайны ва Украіне прыпынілася праца над некалькімі праектамі. Самай адчувальнай стратай быў напалову гатовы серыял для стрымінгавай платформы «Netflix». Самай крыўднай з гледзішча беларускага «пратэставага» кіно – поўнаметражны фільм пра наш жнівень 2020-га на стадыі дэвелапменту. Перарвалася і падрыхтоўка серыяльнага альманаху паводле апавяданняў Таццяны Заміроўскай.

Дар’я Жук.
Фота: Таццяна Касуля

«Усе гэтыя праекты былі звязаныя з расейскамоўнай прасторай, бо знайсці грошы на беларускае кіно недзе яшчэ вельмі цяжка, а цяпер усё ўскладнілася нават больш. Здымаць не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, і ва Украіне стала немагчыма, таму частка майго жыцця проста сышла», – кажа Дар’я.

На момант, калі пачалася вайна, рэжысёрка ўжо год працавала над серыялам «ЗАТО». Гэта меркаваўся быць крымінальны трылер пра 1990-я, у якім журналістка і міліцыянт у закрытым горадзе намагаюцца расследаваць знікненне дзіцяці. «ЗАТО» быў чацвёртым праектам «Netflix» на расейскай мове, які разлічваўся на аўдыторыю Усходняй Еўропы і перадусім Расеі. Для яго быў створаны свет, падабраныя акторы, знойдзеныя лакацыі – і на гэтых лакацыях ужо ішлі здымкі.

«Гэта, напэўна, пакуль што найлепшы матэрыял, які я зняла як рэжысёр, – і цяпер ён ляжыць неадрэдагаваны і недазняты. Ніводная серыя не была знятая цалкам», – кажа Дар’я Жук.

2 сакавіка выданне «Variety» паведаміла, што «Netflix» прыпыняе працу над сваімі расейскімі праектамі, сярод якіх быў «ЗАТО», з-за ўварвання Расеі ва Украіну. Дар’я тады чакала дачку, якая нарадзілася праз тры тыдні пасля пачатку вайны, а калі калегі патэлефанавалі паведаміць навіну пра спыненне праекту, яна была на іншых здымках у Лос-Анджэлесе.

Фота: Таццяна Касуля

«Я ўспрыняла гэта як дадзенасць: маўляў, так здараецца, што ты нешта ствараеш-ствараеш, а потым гэта ідзе ў стол, значыць, так трэба. Мне было б вельмі складана акурат тады, калі б праект не спынілі, бо вярнуцца і працягваць рабіць фільм для расейскага гледача, то бок працягваць таго забаўляць – гэта быў бы цяжкі выбар, таму яны мне нават аблегчылі жыццё. Мне вельмі шкада матэрыялу, але я разумею і падтрымліваю рашэнне, шчыра».

Апроч здымак «ЗАТО» Дар’і Жук давялося спыніць працу над двума праектамі на этапе дэвелапменту, якія вось-вось павінныя былі перайсці на этап прэпрадукцыі, то бок падрыхтоўкі да здымачнага перыяду. Адзін з іх мусіў стаць поўнаметражным фільмам, заснаваным на рэальных падзеях у Беларусі ў жніўні 2020-га. Дзеянне патэнцыйнай стужкі адбываецца цягам аднаго дня – у якасці галоўных герояў тут тры жанчыны, якія не ведаюць адна адну, але ў гэты дзень іхныя жыцці дзіўным чынам перасякаюцца і назаўсёды мяняюцца.

«Зразумела, я не магла здымаць гэты фільм у Менску, таму збіралася здымаць у Харкаве – напрыклад, з-за яго шырыні вуліцаў, якіх больш няма. Я вельмі спадзяюся вярнуцца да гэтага праекту, і, можа, калі дыстанцыя ад таго, што перажылі беларусы, будзе большая, стужка атрымаецца лепшай, – я цешуся такой надзеяй».

Перад вайной фільм ужо меў частку фінансавання – яно было расейскім, тым часам каманда працавала над тым, каб атрымаць рэшту бюджэту ў Заходняй Еўропе, але пасля нападу Расеі на Украіну тая дамоўленасць была разарваная. Гэтаксама змянілася сітуацыя ў дачыненні альманаху паводле апавяданняў Таццяны Заміроўскай: каманда праекту меркавала ажыццявіць яго з дапамогаю расейскіх стрымінгавых сервісаў, але пасля 24 лютага Дар’я Жук адышла ад справаў.

Дар’я Жук.
Фота: Таццяна Касуля

«Спадзяюся, гэты праект будзе завершаны, але, напэўна, ужо не мной. Мне складана цяпер працаваць на расейскім рынку і апраўдваць гэта. Увогуле я так упарта працавала апошнія гады, што, лічу, маю права пабыць у дэкрэце», – кажа рэжысёрка.

«Усё разумеюць, але мусяць выказаць сваю пазіцыю»

Вайна ва Украіне наўпрост паўплывала на магчымасці беларускіх рёжысёраў. Перадусім, вядома, негатыўна. Міжнародная кінасупольнасць сканцэнтравалася на ўкраінскай трагедыі, і беларуская аказалася выціснутая з парадку дня. А праз тое, што Беларусь выступіла ў вайне краінай-суагрэсарам, некаторыя пляцоўкі адкрыта адмовіліся прымаць заяўкі ад беларускіх аўтараў.

У канцы 2021 года прэстыжная міжнародная платформа для дакументалістаў B2B Doc (Baltic to Black Sea Documentary Network) абвясціла праграму «Фільммейкеры ў небяспецы», у тым ліку для беларускіх аўтараў. Яна прадугледжвала падтрыманне рэжысёраў, якім пагражае небяспека ў сваёй краіне, каб тыя маглі працягваць працу над праектамі.

Адзін з беларускіх фільммейкераў – ён пажадаў застацца ананімным – доўга не атрымліваў адказу на сваю заяўку і спытаў пра вынік адбору сам. «Мне адказалі – маўляў, вайна і цяпер іншыя прыярытэты, мы хацелі б дапамагчы, але не ўпэўненыя, што на тое будуць час і рэсурсы. Гэта падобна на фразу «Вы ж самі ўсё разумееце». Вядома, акцэнт павінен быць на самым балючым, але… мне б таксама не перашкодзіла дапамога».

На пітчынг-форуме для дакументалістаў «Baltic Sea Docs» у Рызе прэзентуюцца (пітчацца) незавершаныя праекты з мэтаю знайсці партнёраў. У траўні форум абвесціў набор на сваю чарговыю эдыцыю – з агаворкай, што праекты прадзюсарскіх кампаніяў з Расеі і Беларусі, а таксама праекты пра Расею і Беларусь не будуць дапушчаныя да ўдзелу.

Аляксей Палуян.
Фота: aliaksei.paluyan / Facebook

«Тады ўпершыню адкрыта прагучала забарона на ўдзел беларусаў», – кажа рэжысёр Аляксей Палуян. Два гады таму ў BSD удзельнічаў праект ягонага будучага фільму «Кураж», а летась тут паказвалася ўжо гатовая стужка.

«Вядома, гэта не Каны і не «Бэрлінале», але для дакументальнага кіно з нашага рэгіёну – добрая платформа, – працягвае Аляксей. – Я тады напісаў дырэктарцы «Baltic Sea Docs» асабіста: не разумею, як такое можа быць, бо летась яны былі «з намі» і выказвалі салідарнасць – мы там былі вельмі гучныя з нашым фільмам, яшчэ калі ішлі пратэсты. У BSD увогуле штогод удзельнічалі беларускія праекты. Яна адказала, што ўсё разумее, але яны мусяць неяк выказаць сваю пазіцыю».

Беларуская рэжысёрка (ейнага імя мы не называем, бо дзяўчына застаецца ў Беларусі) падала заяўку на ўдзел у літоўскім кінафестывалі «Scanorama» са сваім другім кароткім метрам. Фільм здымаўся за ўласныя грошы, бюджэтыя сродкі ў праекце прадказальна не ўдзельнічалі: беларускае Міністэрства культуры звычайна не падтрымлівае незалежнага кіно.

«У Літве цяпер шмат маіх сяброў, я хацела, каб яны ўбачылі мой фільм на вялікім экране. Аказваецца, можна было пра гэта нават не марыць, бо я беларуска».

Ужо пасля таго, як падала заяўку, рэжысёрка ўбачыла на сайце фэста «Scanorama» пазнаку пра тэрытарыяльную прыналежнасць патэнцыйных удзельнікаў – уся Еўропа, апроч Расеі і Беларусі.

Людзі трымаюць плакаты з фотаздымкамі Максіма Знака і Марыі Калеснікавай падчас паказу стужкі «Кураж» Аляксея Палуяна ў Варшаве, Польшча. 8 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

«Стала вельмі крыўдна. Я магу зразумець арганізатараў, але мне падаецца, што трэба больш педантычна падыходзіць да такіх момантаў: даваць магчымасць напісаць сваю гісторыю і растлумачыць, чаму ты варты. Хацелася б, каб табе проста далі шанец і разгледзелі тваю заяўку».

Хутка з’явілася афіцыйнае рашэнне адносна фільму рэжысёркі: «не адабраны».

«Адчуванне, што ўсё, што ты рабіў апошні год, нікому не патрэбна»

Здымкі серыялу «Тут быў Ленін» з вядомымі беларускай публіцы ЧынЧынамі ў галоўнай ролі пераносіліся сем разоў. «Мы жартавалі, што нашаму праекту засталося перажыць толькі вайну і метэарыт», – кажа сцэнарыст і рэжысёр праекту Андрэй Кашперскі. Праца над серыялам перапынілася вайной ва Украіне пасярод здымачных дзён.

«Тут быў Ленін» здымаўся ў Львове і Львоўскай вобласці. Гэта быў працяг сатырычнага праекту пра ўсярэдненых беларускіх чыноўнікаў у выкананні Міхаіла Зуя і Дзмітрыя Есяневіча, што пачаўся ў ліпені 2020 года з кароткіх відэа на YouTube-канале «ЧинЧинЧенэл».

«Пасля роліка, у якім нашыя ЧынЧыны зладзілі рэйд на Кастрычніцкую вуліцу, дзе з’явіўся кліп «Шчучыншчына», нас заўважылі крыху больш і сталі прапаноўваць рабіць праекты больш сур’ёзныя. Мы знялі фільм «ЧынЧыны ў краіне цудаў» для «Белсату» і вырашылі пайсці далей і стварыць для мультысусвету ЧынЧынаў нешта большае».

Андрэй Кашперскі. 
Фота: Таццяна Касуля

Паводле сюжэту, у серыяле «Тут быў Ленін» сталічныя чыноўнікі прыязджаюць з праверкаю ў невялікі беларускі гарадок Шчучыншчынск і высвятляюць, што з цэнтральнай плошчы Леніна знік помнік Леніна. Але ніхто не памятае, калі гэты помнік знік і як ён увогуле выглядаў.

«Нашыя чыноўнікі ўяўляюць сябе Шэрлакам і Голмзам і застаюцца ў горадзе, каб разгадаць страшную тайну знікнення помніка, пра які самі нічога не ведаюць. Паралельна развіваюцца іншыя сюжэтныя лініі – тут мы ўпершыню бачым гісторыю станаўлення Алены Жалудок, а целаахоўнік чыноўнікаў у кожнай серыі прачынаецца ў Швецыі ў вобразе іншага персанажа і расказвае блізкім, што ён сніў, быццам ён целаахоўнік нейкіх чыноўнікаў у нейкай Беларусі».

Першапачаткова серыял планавалі здымаць у Беларусі, гэта было яшчэ ў 2021 годзе. Але тады студыі пачалі адмаўляць аўтарам ЧынЧынаў у арэндзе, некаторыя партнёры прыпынілі супрацу, а праўладныя тэлеграм-каналы сталі публікаваць пагрозы. Летась каманда пераехала ў Львоў, сабрала здымачную групу, падабрала актораў і ў канцы студзеня гэтага года прыступіла да здымак. Апошні здымачны дзень здарыўся 2 лютага ў гарадку Мікалаеў, абраным на ролю Шчучыншчынску – тады ўсё пайшло не паводле плану.

Да здымачнай групы, якая працавала на цэнтральнай плошчы, падышла паліцыя, потым яшчэ раз, потым прадзюсара і лакейшн-менеджара забралі з пляцоўкі, потым з’явіўся начальнік аддзелу паліцыі, потым прадзюсара і лакейшн-менеджара звезлі «некуды ў бок РУУСа», потым прыехалі прадстаўнікі СБУ са Львова і папрасілі «некага Кашперскага» патлумачыць, што адбываецца.

«Як аказалася, наш львоўскі мастак-пастаноўшчык зняў з флагштока Палацу культуры ўкраінскі сцяг і павесіў туды чырвоныя і зялёныя сцяжкі, а паперы, якія лакейшн-менеджар адправіў мэрыі гораду, каб ўзгадніць здымкі з мясцовымі ўладамі, не дайшлі, адпаведна, у нас не было дамоўленасці, таму мэрыя выклікала паліцыю».

Здымкі давялося перарваць, але мясцовыя ўлады прапанавалі з належнымі паперамі вярнуцца праз тыдзень.

«Мы падлічылі страты, і нашай задачаю стала знайсці дадатковае фінансаванне, каб скончыць серыял. Мы звярнуліся да магчымых спонсараў з Беларусі, і нас запрасілі на сход Асацыяцыі беларускіх прадпрымальнікаў ва Украіне. Сказалі, што праблемаў з дадатковым фінансаваннем хіба не ўзнікне, проста, маўляў, прыязджайце і прэзентуйце свой серыял. Гэты з’езд меў адбыцца 24 лютага».

Андрэй Кашперскі.
Фота: Таццяна Касуля

Калі пачалася вайна, серыял «Тут быў Ленін» быў гатовы на траціну. Украінская частка групы пераключылася на іншыя справы, хтосьці сышоў у тэрытарыяльную абарону, з некаторымі нават адсутнічае сувязь. Беларуская частка пакінула Львоў – дзесяць чалавек з каманды праекту цяпер уцекачы ў розных краінах.

«Мы сабраліся ў Варшаве, абсалютна разбітыя, з адчуваннем, што ўсё, што ты рабіў апошні год, нікому не патрэбна і ніякіх вынікаў ты не дамогся. Мы сядзелі і шукалі магчымасць завяршыць серыял у будучыні, а я тым часам сустрэў навіну ад NASA пра метэарыт, што мусіць падляцець да Зямлі. І кажу: «Давайце трохі адкладзем гэтыя абмеркаванні».

Для таго, каб працягнуць серыял з тым жа матэрыялам, павінна скончыцца вайна, але Андрэй мяркуе, што серыял будзе зняты так ці інакш, нават калі яго давядзецца рабіць з нуля.

«Вайна дазволіла лепш зразумець свой фільм»

Беларускія фільммейкеры вымушана прымаюць новую рэальнасць, у якой рэалізоўваць свае кінапраекты ім робіцца яшчэ больш нялёгка. «Патэнцыйным спонсарам цяпер складаней абгрунтаваць, што фільм пра беларускія рэаліі важны», – лічыць адзін з іх. «Маральна мне дакладна стала цяжэй, бо цяпер я буду баяцца, што мне будуць адмаўляць з-за таго, што я беларуска», – кажа іншая рэжысёрка.

Але аўтаркі Ксенія Галубовіч і Нэла Агрэніч паказваюць, што пасля пачатку вайны ёсць месца пазітыўнаму досведу.

«Вайна не зменшыла маіх магчымасцяў», – кажа Ксенія. Рэжысёрка здымае ва Украіне і паралельна працягвае рабіць свой дакументальны праект.

Ксенія Галубовіч.
Фота: Таццяна Касуля

«Хутка будзе год, як я працую над фільмам пра бежанцаў – з Іраку, пра курдаў, трошкі пра беларусаў. Я пачала рабіць яго мінулай восенню, калі на мяжы з Літвой і Польшчай здарыўся мігранцкі крызіс. Мой праект – пра глабальнае бежанства, у ім няма акцэнту на бежанцах з канкрэтнай краіны, мне хацелася, каб гэта было проста пра людзей».

Ксенія дамовілася аб супрацы з французскім прадзюсарам і атрымала некалькі прапановаў аб фінансаванні ўжо пасля пачатку вайны – на пітчынгу Кракаўскага кінафестывалю ў траўні.

«Першым часам я ўкладала ў фільм шмат сваіх фінансаў, бо калі тэма падаецца табе важнай, не думаеш, акупіцца кіно ці не. А пасля пачатку вайны гэтая тэма ўзрушыла Еўропу, бо такога наплыву ўцекачоў яна, напэўна, не бачыла ніколі. Людзі бралі ўкраінцаў да сябе пераночыць ці пажыць, аказвалі ім дапамогу і, магчыма, сталі разумець, што на месцы бежанца можа аказацца кожны».

Здымкі ў Беларусі часткова праходзілі ўжо без фізічнага ўдзелу Ксеніі: яна з’ехала ў Польшчу за дзень да расейскага ўварвання ва Украіну. «Гэта было надзвычай складана, але дзякуючы калегам калектыўна мы гэта зрабілі». На сёння здымкі стужкі амаль завершаныя.

«Вайна як мінімум дазволіла мне лепш зразумець свой фільм, ён стаў глыбейшы, чым задумваўся напачатку. Цяпер мы чакаем фіналу, і я спадзяюся, гэта будзе хэпі-энд».

Нэла Агрэніч ужо некалькі гадоў здымае дакументальную карціну пра беларускага блогера. Рэжысёрка была адной з тых, хто працаваў над серыялам «Тут быў Ленін» у Львове і вымушана эвакуяваўся ў Польшчу.

«Я ўсю дарогу праплакала, бо ўсведамляла, што мы згубілі класны праект, які я любіла, да таго ж я згубіла жыццё, якое ўжо наладжвалася ў Львове. А ехалі мы ў нікуды».

Нэла Агрэніч.
Фота: Таццяна Касуля

Тым не менш, пасля прыезду ў Польшчу Нэла здолела знайсці для свайго дакументальнага праекту польскіх прадзюсараў. Яна пачала навучанне ў варшаўскай Школе Вайды на паўгадовай праграме для рэжысёраў. «Гэта з аднаго боку падтрымала, з іншага – складана вучыцца, калі чытаеш навіны і забываеш дыхаць». Аднаму з выкладчыкаў спадабаўся матэрыял фільму, і ён паказаў яго калегам у кінасферы – так праект атрымаў прадзюсараў, якія цяпер шукаюць фінансавання, каб даць стужцы жыццё.

«Я была здзіўленая, што яны пайшлі на кантакт з беларусамі, нармальна ставяцца і разумеюць нашую сітуацыю. Не чакала, што нехта захоча працаваць з беларускім рэжысёрам, усё ж для яго цяжка знайсці фінансаванне. Калі мы падаваліся ў адзін з фондаў, прадзюсар сказаў, што да беларускага рэжысёра могуць паставіцца неадназначна, таму прапанаваў падацца разам з польскім, маўляў, давер да праекту будзе большы».

Цяпер Нэла прызвычайваецца да думкі, што не толькі дакументальны фільм будзе завершаны за мяжой, але і яе наступны праект мастацкага фільму, які пісаўся пад беларускія рэаліі, імаверна, давядзецца рэалізаваць у Польшчы.

«Я да апошняга думала, што мы хутка вернемся ў Беларусь. Цяпер да мяне паступова даходзіць думка, што трэба спрабаваць працаваць тут. Я ўжо зразумела: жыццё непрадказальнае, у любы момант усё можа пайсці не паводле плану, але гэта не нагода складваць лапкі. Якой бы катастрофай ні падавалася рэчаіснасць, гэта стымул для прафесійнага і эмацыйнага росту, і калі раптам не стане аднаго – будзе нешта іншае».

Артыкулы
«Спачатку выкладчыкі мяне размазалі» – беларусы пачалі здымаць сваё кіно пры дапамозе польскіх кінашколаў
2022.07.09 16:22

Фота вокладкі: Ігар Чышчэня

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў