У Радзе ААН у справе правоў чалавека абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі


24 верасня на 48-й сесіі Радзе ААН у справе правоў чалавека адбыўся інтэрактыўны дыялог пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Вярхоўная камісарка ААН Мічэль Бачэлет падкрэсліла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца ў 2021 годзе:

«Я глыбока занепакоеная з нагоды ўсё больш жорсткіх абмежаванняў прасторы для грамадзянскай супольнасці і асноўных свабодаў, у тым ліку працягу аперацыяў спецслужбаў супраць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ды незалежных СМІ, а таксама арыштаў і крымінальнага пераследу праваабаронцаў ды журналістаў паводле абвінавачанняў, якія адно за адным аказваюцца палітычна матываванымі.

Больш за 650 асобаў у Беларусі цяпер лічацца зняволенымі за свае меркаванні, сярод іх прадстаўнікі апазіцыі, праваабаронцы, журналісты, пратэстоўцы і актывісты, у тым ліку старшыня вядомай праваабарончай арганізацыі «Вясна».

Мічэль Бачэлет таксама падкрэсліла, што 129 арганізацыяў грамадзянскай супольнасці былі закрытыя або ў застаюцца ў стадыі ліквідацыі ўладамі, у тым ліку некалькі даўніх партнёраў праваабарончых механізмаў ААН.

Зала Рады правоў чалавека.
Фота: Un.org

«Я ўстрывожаная бясконцымі паведамленнямі пра масавыя ды сістэматычныя катаванні і жорсткім абыходжанні ў кантэксце адвольных арыштаў ды затрыманняў удзельнікаў акцыі. На сёння ў нас няма доказаў якіх-кольвек сапраўдных і бесстаронніх расследаванняў па паведамленнях пра інцыдэнты, што адбыліся падчас разгону дэманстрацыяў у наступныя дні пасля 9 жніўня 2020 года», – сказала вярхоўныя камісарка.

У інтэрактыўным дыялогу ўзялі ўдзел 46 краінаў і шэраг міжнародных праваабарончых арганізацыяў, якія падымалі пытанні рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці, катаванняў і незаконных затрыманняў, ліквідацыі шматлікіх НДА, якія працягваюцца больш за год, а таксама прызначэння вялікіх тэрмінаў у палітычна матываваных крымінальных справах, у тым ліку ў дачыненні Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» і затрымання Рамана Пратасевіча ды Соф’і Сапегі, міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Літвою, Латвіяй і Польшчай.

Прадстаўнікі еўрапейскіх краінаў заклікалі вызваліць усіх палітычных вязняў і пакласці канец рэпрэсіям, правесці празрыстыя расследаванні на нацыянальным узроўні, выявіць усіх вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці, аднавіць інклюзіўны дыялог паміж уладамі ды грамадзянскаю супольнасцю, а таксама супрацоўнічаць з усімі адмысловымі працэдурамі ААН і праваабарончымі экспертамі Управы вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR).

Традыцыйна шэраг краінаў, у тым ліку Егіпет, Венесуэла, Куба, Расейская Федэрацыя, Кітай, Сірыя, Ліван, Таджыкістан і Азербайджан абвінавацілі раду ў палітызацыі. Прадстаўнік Беларусі ў ААН Юрый Амбразевіч заявіў, што сітуацыя ў краіне стабілізавалася, а рада не павінна ўмешвацца ва ўнутраныя справы краінаў.

Hавiны
«Сістэма накіраваная на ўзмацненне жорсткасці». Што ў Радзе па правах чалавека ААН сказалі пра Беларусь
2021.07.05 21:34

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў