«Трэба перасабраць сілы». У Вільні праходзіць Канферэнцыя беларусаў свету


Святлана Ціханоўская размаўляе з удзельнікамі канферэнцыі беларусаў свету ў Вільні. Вільня, Літва. 24 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

24–25 верасня ў Вільні з ініцыятывы Офісу Святланы Ціханоўскай ладзяць Канферэнцыю беларусаў свету, піша карэспандэнт belsat.eu.

Падзея сабрала прадстаўнікоў беларускіх супольнасцяў з больш як 27 краінаў і 40 арганізацыяў. Разам з Народным антыкрызісным упраўленнем і Каардынацыйнаю радаю цягам двух дзён удзельнікі абмяркуюць праекты беларусаў свету ды каардынацыю паміж ініцыятывамі і дэмакратычнымі сіламі.

«Першая мэта – пазнаёміцца, а другая – выпрацаваць супольны план дзеянняў, – паведаміў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай. – Існуюць дзясяткі арганізацыяў беларусаў па ўсім свеце. Трэба, каб яны больш каардынавалі працу паміж сабою».

Вячорка падкрэсліў, што беларуская дыяспара сталася часткаю беларускай супольнасці, якая мае сур’ёзны ўплыў на актуальныя працэсы:

«Мы бачым, што Лукашэнка выціскае беларусаў за мяжу. І нам трэба перасабраць сілы, зарганізавацца як след, каб працаваць больш эфектыўна і дапамагчы тым, хто працягвае барацьбу ўнутры Беларусі».

Франак Вячорка прамаўляе на канферэнцыі беларусаў свету ў Вільні. Вільня, Літва. 24 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

На сустрэчах удзельнікі абмяркуюць магчымасці эканамічнага ціску, дапамогу рэпрэсаваным беларусам, медыям, праваабаронцам.

На канферэнцыю прыехалі прадстаўнікі старых дыяспараў, тыя, хто аб’яднаўся цягам апошніх гадоў, і людзі, якія нядаўна выехалі за мяжу. Франак Вячорка выразіў надзею, што такія сустрэчы будуць адбывацца час ад часу, а наступная пройдзе ўжо ў Менску:

«Спадзяюся, што бліжэйшым часам дыктатура падзе. Беларусь стане на шлях рэформаў, і мы зможам сабраць такую канферэнцыю, толькі большую ў 20 разоў, дзе-небудзь у цэнтры Менску».У сваім выступе на адкрыцці канферэнцыі палітычная лідарка Святлана Ціханоўская падзякавала прадстаўнікам дыяспары за ўдзел у кангрэсе, а таксама адзначыла, што ў тых, хто цяпер застаецца ў Беларусі, вельмі абмежаваныя рэсурсы для дзейнасці:

«У параўнанні з беларусамі на радзіме мы можам дзеяць больш адкрыта. Менавіта беларусы замежжа правялі экзітполы і сотні акцыяў салідарнасці. Вы ўтрымліваеце інтарэс СМІ да беларускага пытання і фінансава дапамагаеце беларусам унутры краіны ды ініцыятывам. Вы камунікуеце з палітыкамі. Літаральна ў кожнай краіне кіраўніцтва ведае, што ёсць беларуская дыяспара, і супрацоўнічае з вамі. Калі я вазьмуся пералічваць усё, што вы зрабілі, то на гэта сыдуць усе два дні канферэнцыі».

Ціханоўская распавяла, наколькі радая пазнаёміцца з такою вялікаю колькасцю актыўных людзей, якія пасля сваёй асноўнай працы прыходзяць дадому і, як у другую змену, працягваюць сваю справу для вызвалення краіны:

«Я ганаруся тым, што стала сведкаю гістарычнага моманту, калі ўсё памянялася, калі мы памяняліся і сталі адчуваць сябе часткай адзінага народу. На канферэнцыі будзе выступаць Івонка Сурвіла, якая дзесяцігоддзямі не губляе сувязі з Беларуссю, працягвае дапамагаць беларусам і вітае новае пакаленне на гэтым шляху».

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што цяпер ідзе барацьба на трываласць, бо супрацьстаянне зацягнулася на доўгі час:

«Я разумею, што шмат хто стаміўся. Ужо складана прыдумляць нейкія новыя фарматы працы, генераваць новыя ідэі, як дагрукацца да міжнародных партнёраў ці перадаць дапамогу ў Беларусь. Але мы ёсць адно ў аднаго. На жаль, сотні тысяч беларусаў пакінулі радзіму, але і сотні тысячаў чалавек умацавалі дыяспару.

Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова бяруць удзел у канферэнцыі беларусаў свету ў Вільні. Вільня, Літва. 24 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

Тыя, хто нам супрацьстаіць, упусцілі час. Яны думаюць, што, як раней, адʼезд чалавека значыў ягонае фізічнае знікненне і немагчымасць працягваць барацьбу. Але вось мы тут з вамі, і наступныя два дні будзем абмяркоўваць, што рабіць, як хутчэй вярнуцца ў Беларусь. Няма вялікіх ці маленькіх дзеянняў. Ад кожнага з нас залежыць больш, чым мы самі думаем».Кіраўнік НАУ Павел Латушка падкрэсліў, што ўсе беларусы аб’яднаныя ў галоўным, чаго чакае і прагне большасць беларусаў:

«Першае – вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў. Другое – прыцягненне да адказнасці ўсіх вінаватых у злачынствах супраць беларускага народу. Трэцяе – правядзенне як мага хутчэй новых, дэмакратычных выбараў прэзідэнта Беларусі. Для дасягнення гэтых мэтаў нам патрэбныя моцныя структуры і каманды. Беларусы замежжа ўжо больш за год ёсць адною з самых уплывовых сілаў, якая вядзе бескампрамісную барацьбу з рэжымам і ёсць для нас рэальнаю сілаю».

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў