Следчыя «ByPol» агучылі імёны меркаваных забойцаў Рамана Бандарэнкі


Партрэт забітага Рамана Бандарэнкі.
Фота: Белсат

Ініцыятыва «ByPol» агучыла імёны меркаваных забойцаў Рамана Бандарэнкі. Былыя следчыя, якія сталі на бок народу, звярнуліся ў сваім расследаванні і да пракуратуры, якая прыпыніла расследаванне справы «з прычыны нявысветленасці асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачванага».

Былыя сілавікі з ініцыятывы «ByPol» вярнуліся да расследавання забойства Рамана Бандарэнкі, якое адбылося на плошчы Пераменаў у лістападзе летась. Следчыя атрымалі ад «Кіберпартызанаў» запісы размоваў паміж амапаўцамі, прадстаўнікамі МУС, Наталляй Эйсмант. На падставе гэтых матэрыялаў яны заявілі, што насамрэч высветліць асобаў, якія нанеслі цяжкія траўмы, ад якіх памёр Раман, не ёсць немагчымым.

«Менавіта СОБР перадаў жорстка збітага Рамана амапаўцам. Па дарозе Раман скардзіўся на самаадчуванне. Але яго ўспрымалі як моцна пʼянага. Разумеючы, што адбылося надзвычайнае здарэнне з відавочнай перспектывай крымінальна-працэсуальнага разбору, дзяжурная служба ГАУС не адважылася дакладваць пра начное здарэнне свайму кіраўніку. У выніку міліцыянты перавялі стрэлкі на кіраўнік менскага АМАПу Балабу, бо менавіта ягоныя супрацоўнікі апошнімі кантактавалі з цяжка траўмаваным Раманам», – распавёў Алег Талерчык, прадстаўнік «ByPol».

Hавiны
Сёння б споўнілася 32 гады Раману Бандарэнку
2021.08.01 13:36

Ініцыятыва таксама падсумоўвае, што 11 лістапада 2020 года на плошчы Пераменаў працавала банда пад кіраўніцтвам С. Такім ініцыялам генералы МУС назвалі Наталлю Эйсмант. Падчас сваёй так званай працы банда ўчыніла бойку з мясцовымі жыхарамі, у якой вылучыўся Дзмітрый Шакута. Пры гэтым, як адзначаюць прадстаўнікі «ByPol», налётчыкі дзеялі пад прыкрыццём СОБРу. Менавіта байцы гэтай структуры і перадалі Рамана Бандарэнку амапаўцам, якія памылкова палічылі яго пʼяным, каб тыя даставілі Рамана ў міліцыю.

«На гэты момант дакладна вызначана, што першы, хто ўвечар 11 лістапада 2020 года ўжыў у дачыненні да Рамана фізічны гвалт, быў Дзмітрый Шакута. Другім такім падазраваным ёсць баец СОБРу, старэйшы прапаршчык Яўген Ціманоўскі, які перад пагрузкаю Рамана ў службовы бус наўмысна сткунуў яго галавой аб зямлю. У кола падазраваных, безумоўна, належыць уключыць і ўсіх іншых прадстаўнікоў СОБРу, у службовым бусе якіх Раман правёў больш за 20 хвілінаў, да перадачы яго ў вельмі цяжкім стане амапаўцам. Гэта старэйшы групы – капітан Сяргей Сарман, кіроўца буса – старэйшы прапаршчык Сяргей Анцюфееў, а таксама прапаршчыкі Алег Буйкевіч і Раман Савенка», – кажа былы следчы Алег Талерчык.

Падазраваныя ў забойстве Рамана Бандарэнкі. Скрыншот з відэа «ByPol». Крыніца: BYPOL / YouTube

Тым не менш Генеральная пракуратура яшчэ 16 верасня заявіла, што справу аб расследаванні забойства прыпыняе.

«Расследаванне крымінальнай справы па факце смерці Рамана Бандарэнкі прыпыненае на падставе п. 1 ч. 1 арт. 246 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь з прычыны нявысветленасці асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачванага», – адзначылі ў ведамстве.

Артыкулы
«Я да гэтага часу знаходжуся ў шоку» – Маці Рамана Бандарэнкі звярнулася да беларусаў
2021.09.18 00:02

Родныя забітага Рамана да гэтага часу не атрымалі належных дакументаў з боку пракуратуры аб прыпыненні справы.

«16-га ўвечары мама Рамана атрымала апавяшчэнне пра прыпыненне крымінальнай справы. Цяпер мама з адвакатам пішуць заявы і хадайніцтва, каб справу завялі, бо ўсё ж былі нанесеныя пашкоджанні, якія пацягнулі за сабою смерць. Родныя і адвакат лічаць, што павінна быць крымінальная справа, каб зноў яе распачалі. А таксама складаюць хадайніцтва, каб прыслалі матывацыйную пастанову вытворчасці, каб было зразумела, чаму справу прыпынілі, а не проста адпіска. Будзем вывучаць, глядзець далей на сітуацыю», – кажуць сваякі Рамана Бандарэнкі.

Развітанне з Раманам Бандарэнкам. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

Адметна, што ў Генпракуратуры яшчэ 18 лютага, калі распачалі крымінальную справу па факце забойства Рамана, заявілі, што «датычнасць працаўнікоў унутраных органаў да прычынення Раману Бандарэнку цялесных пашкоджанняў не выяўленая».

«Схапілі здаровым – працаўнікі МУС, не выпускаючы з палону даставілі ў больніцу смяротна збітым – супрацоўнікі. Але датычнасць супрацоўнікаў да злачынства – не, не выяўленая. Логіка? Сумленне? Гонар? Не, ну што вы. У краіне, дзе не да законаў, у фаворы подласць, цынізм і крывадушнасць. Каго на працягу больш як сямі месяцаў з моманту завядзення крымінальнай справы, магла выявіць у якасці абвінавачанай асобы пракуратура? Калі яна з самага пачатку адрынула версію пра прычаснасць да гібелі Рамана працаўнікоў МУС. Правільна. Нікога», – рэзюмуе Алег Талерчык.

Родныя Рамана паглядзелі расследаванне «ByPol» і кажуць, што на сёння гэта бадай адзіная крыніца інфармацыі пра тое, хто ўчыніў злачынства:

«У новым расследаванні не прагучала прозвішча Баскава. Але галоўны акцэнт рабіўся на іншыя моманты. З улікам таго, што праваахоўныя органы нам не даюць наагул ніякай інфармацыі, то нам застаецца толькі праглядваць і вывучаць звесткі, якія агучвае «ByPol», бо іншага выйсця няма».

31-гадовы Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада 2020 года ў рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску пасля жорсткага збіцця сілавікамі.

Магіла Рамана Бандарэнкі на Паўночных могілках. Менск, Беларусь, 6 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат
Артыкулы
«Перашкодаў знайсці вінаватых не існуе». Следчы пракаментаваў прыпыненне справы пра забойства Бандарэнкі
2021.09.17 19:16

СК belsat.eu

Стужка навінаў