Следчы камітэт заявіў пра яшчэ аднаго пацярпелага на беларуска-польскай мяжы


Паводле Следчага камітэту, 19 верасня ў лесапаласе блізу беларуска-польскай мяжы знайшлі 25-гадовага грамадзяніна Егіпту ў стане непрытомнасці.

Пасля першай медычнай дапамогі мужчыну даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне ўстановы аховы здароўя.

«Апрытомнеўшы, мужчына распавёў следчаму, што на тэрыторыі Рэспублікі Польшча яго разам з сябрамі затрымалі людзі ў форме і выправадзілі на тэрыторыю Беларусі з ужываннем гвалту. Тое, што адбылося, памятае цьмяна, бо адчуваў сябе дрэнна і прасіў мужчынаў выклікаць медыкаў, аднак атрымаў адмову, пасля чаго страціў прытомнасць», – адзначаюць у прэс-рэлізе СК.

Паводле медыкаў, мужчыну даставілі ў цяжкім стане з відавочнымі прыкметамі пераахаладжэння: сцвярджаюць, што прамаруджанне ў шпіталізацыі хоць бы на гадзіну магло прывесці да смерці.

Следчыя распачалі справу паводле ч. 3 арт. 159 («Пакіданне ў небяспецы») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

У прэс-рэлізе СК пры гэтым не тлумачаць, як грамадзянін Егіпту апынуўся на тэрыторыі Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Straż Graniczna / Twitter

Гэта не першы такі інцыдэнт з нелегальнымі мігрантамі на мяжы. 22 верасня беларускія памежнікі паведамілі, што знайшлі на беларуска-польскай мяжы грамадзяніна Іраку ў непрытомным стане. 19 верасня СК заявіў, што на ўчастку беларуска-польскай мяжы ў раёне Аўгустаўскага каналу знайшлі труп 39-гадовай жанчыны, грамадзянкі Іраку. Адначасова Памежная варта Польшчы паведаміла, што ў памежным раёне былі знойдзеныя целы трох чалавек.

У 2021 годзе Літва, Польшча і Латвія фіксуюць выбуховы рост нелегальнай міграцыі з Беларусі. Краіны ЕЗ вінавацяць рэжым Лукашэнкі ў спрыянні нерэгулярнай міграцыі ў Еўропу і мэтанакіраваным перакідванні мігрантаў з Блізкага Усходу да мяжы. Дзеянні афіцыйнага Менску на Захадзе называюць гібрыднаю вайной. Як адзначыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас выступу на Генеральнай Асамблеі ААН 22 верасня, ужо шмат тыдняў рэжым Аляксандра Лукашэнкі «прывозіць у сваю краіну дзясяткі тысячаў адчайных жыхароў Блізкага Усходу, якіх прымушае пераходзіць нашыя межы пад міліцэйскімі дручкамі і спрабуе выклікаць штучны гуманітарны крызіс».

II belsat.eu

Стужка навінаў