Новыя звесткі пра забойства Рамана Бандарэнкі, чарговыя ператрусы і прысуды: галоўнае за дзень


«Белсат» падводзіць вынікі пятніцы, 24 верасня. Пра самыя важныя падзеі чытайце ў нашым аглядзе.

Ініцыятыва «ByPol» апублікавала новае расследаванне абставінаў гібелі Рамана Бандарэнкі.

У сваім расследаванні «ByPol» выкарыстоўваў запісы тэлефонных перамоваў, якія атрымалі «Кіберпартызаны» у выніку ўзлому базы МУС.

Аб’ектыў
BYPOL: Забойцы Рамана Бандарэнкі вядомыя
2021.09.24 23:22

«ByPol» прыходзіць да высновы, што першы, хто выкарыстаў фізічны гвалт супраць Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў 11 лістапада 2020 года, быў Дзмітрый Шакута – неаднаразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу, інструктар па спецпадрыхтоўцы Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (СОБР). Другі падазраваны ва ўжыванні гвалту ў дачыненні Бандарэнкі – Яўген Ціманоўскі, старэйшы прапаршчык СОБРу.

Па Бабруйску з самай раніцы пракацілася хваля ператрусаў у актывістаў і выпадковых гараджанаў. Былі затрыманыя як мінімум 10 чалавек. Пяцёх з іх пасля допыту адпусцілі, адну дзяўчыну на трое содняў адвезлі ў ІЧУ, лёс чацвярых на вечар пятніцы заставаўся невядомым. Сілавікі шукаюць тых, хто нібыта спрабаваў узарваць чыгунку ў ваколіцах Бабруйску.

Hавiны
Што вядома пра ранішнія ператрусы ў Бабруйску ў пятніцу, 24 верасня?
2021.09.25 00:06

У Гомлі Байцы ГУБАЗіКу затрымалі 51-гадовага вартаўніка раённага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання. Паводле міліцыі, з восені 2019 года мужчына размяшчаў у тэлеграм-чатах допісы, якія нібыта «абражаюць міліцыянтаў, суддзяў і чальцоў выбаркамаў», ды заклікаў размяшчаць іхныя асабістыя звесткі.

Распачатая крымінальная справа за абразу прадстаўнікоў улады і распальванне сацыяльнай варожасці або розні.

24 верасня, у судзе Маскоўскага раёну Берасця пачалі працэс над восьмаю групай у «карагоднай справе». Судзіць Марыя Аліфярук.

Вінавацяць шасцёх асобаў: Алега Кулеша (яго прывозяць на суд з СІЗА), Сяргея Кунцэвіча, Ганну Кашырскіх, Дзмітрыя Макарэвіча, Таццяну Пякарскую і Мікіту Дзмітрыева. Гэта самая малая група ў «карагоднай справе».

У «карагоднай справе» на сёння асудзілі 81 чалавека. Сумарна прысудзілі 66,5 года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хіміі») і 63,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»), а таксама 7 гадоў і 7 месяцаў калоніі. Агулам выявілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да берасцейскага карагоду, 108 з іх пачулі абвінавачанні.

Шасцярых затрыманых «Горадня-Азоту» перавялі ў СІЗА КДБ. Для іх прынялі перадачы ад родных, некаторыя сустрэліся з адвакатамі. Абвінавачванні пакуль не прад’явілі. Прычына затрымання «азотаўцаў» невядомая.

Вярхоўны Суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Міністэрства юстыцыі абвінаваціла грамадскую арганізацыю ў тым, што кіроўны і кантрольна-рэвізійны органы ЗБС «Бацькаўшчына» нелегітымныя. Падстава – перанос VIII З’езду беларусаў свету налета праз абмежаванні, накладзеныя пандэміяй каронавіруса.

Аб’ектыў
Разам – хутчэй да мэты. Беларусы свету гуртуюцца
2021.09.24 23:13

Адначасова 24–25 верасня ў Вільні з ініцыятывы Офісу Святланы Ціханоўскай ладзяць Канферэнцыю беларусаў свету. Падзея сабрала прадстаўнікоў беларускіх супольнасцяў з больш як 27 краінаў і 40 арганізацыяў. Разам з Народным антыкрызісным упраўленнем і Каардынацыйнаю радаю цягам двух дзён удзельнікі абмяркуюць праекты беларусаў свету ды каардынацыю паміж ініцыятывамі і дэмакратычнымі сіламі.

Аб’ектыў
Смяротнасць у Беларусі ў 2020 перавысіла лічбы 2019 года амаль на 40%
2021.09.24 23:30

У Беларусі зафіксавалі новы рэкорд у колькасці захварэлых на COVID-19 за дзень. Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за содні зарэгістравалі 1994 новыя выпадкі інфікавання каронавіруса. Калі арыентавацца на афіцыйную статыстыку, то гэта рэкордны паказнік за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі. Адначасова стала вядома, што ў 2020 годзе колькасць лятальных выпадкаў у стацыянарах вырасла на 39 адсоткаў у параўнанні з 2019 годам – 56 832 два чалавекі і 40 845 чалавек адпаведна.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў