На аднаўленне даху Будслаўскага касцёлу бракуе 300 тысяч рублёў


Па стане на 23 верасня накрыта амаль 60% даху касцёлу. Агульная сума ахвяраванняў на рамонт святыні склала 1 045 000 рублёў, піша «Народная воля» са спасылкай на пробашча будслаўскай парафіі Дзмітрыя Дубовіка.

Касцёл у Будславе.
Фота: тэлеграм-канал «Адновім Будслаў разам»

Як распавёў ксёндз Дзмітрый Дубовік, цяпер інтэнсіўна ідуць працы на накрыцці даху – працаўнікі мусяць паспець да наступлення халадоў. Працы вядуцца таксама ўнутры касцёлу.

Hавiны
Купал будслаўскага касцёлу ў аварыйным стане. Што яшчэ выявілі спецыялісты пасля пажару?
2021.07.23 16:28

Сумы ахвяраванняў, крыху большай за мільён рублёў, недастаткова, каб накрыць дах. Паводле ксяндза Дубовіка, патрэбна яшчэ 300 тысяч рублёў.

Касцёл у Будславе загарэўся раніцай 11 траўня. Пажар удалося патушыць, а таксама ўратаваць галоўны скарб святыні – абраз Маці Божай Будслаўскай. Аднак у касцёле цалкам выгарэў і абваліўся дах.

Ужо ў дзень пажару распачаўся збор сродкаў на аднаўленне касцёлу, і ахвяраванні працягваюць паступаць да гэтага часу.

Касцёл у Будславе.
Фота: тэлеграм-канал «Адновім Будслаў разам»

Прычыны пажару пакуль названы не былі. Паводле пробашча, адпаведныя органы, якія займаюцца расследаваннем, ніякай інфармацыі з гэтай нагоды не давалі.

Рэпартаж
«Уладу мы хочам даверыць людзям, падобным да Бога». Як прайшоў Будслаўскі фэст пасля пажару ў касцёле
2021.07.03 16:35

У тэлеграм-канале, прысвечаным аднаўленню Будслаўскага касцёлу, з’явілася паведамленне, што 2 кастрычніка плануюцца працы па навядзенні парадку ў касцёле і вакол яго, таму запрашаюцца валанцёры. Збор а 10-й гадзіне раніцы. А 9-й – Святая Імша.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў