Менчука асудзілі на 15 содняў за рэпост з тэлеграм-каналу TUT.BY у прыватнай перапісцы


36-гадовага Паўла Смірнова затрымалі і даставілі ў Фрунзенскі РУУС для «прафілактычнай гутаркі» у чацвер, 23 верасня, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Павел Смірноў.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»/Telegram

Згодна з паказаннямі міліцыянта, Павел раней удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, таму яго адвезлі ў РУУС для «праверкі».

Падчас гутаркі Смірноў аддаў міліцыянтам свой тэлефон, у якім яны знайшлі перасылку паведамлення з тэлеграм-каналу TUT.BY у прыватнай перапісцы з сябрам 23 верасня. За гэта на менчука склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»).

Справу Смірнова 24 верасня разгледзела суддзя Фрунзенскага раёну Таццяна Полулех. Сваю віну мужчына прызнаў і дадаў, што не ведаў аб прызнанні тэлеграм-каналу TUT.BY «экстрэмісцкім». Суддзя прызнала мужчыну вінаватым і пастанавіла арыштаваць яго на 15 содняў.

Таксама 24 верасня ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася пакаяльнае відэа са Смірновым.

Гэта першы вядомы выпадак суду за перасылку паведамлення з тэлеграм-каналу TUT.BY.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў