Анатоль Лябедзька пра тры фундаменты ўлады Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка працягвае псаваць дачыненні Беларусі з суседзямі. Міграцыйным крызісам ён капае сабе магілу ці наадварот, павышае стаўкі ў гульні: паказвае, што з ім дорага сварыцца? На якіх трох фундаментах трымаецца незаконная ўлада ў Беларусі? У праграме «Прасвет» каментуе Анатоль Лябедзька, дырэктар Цэнтру Еўрапейскага Дыялогу.

Сяргей Пеляса: Спадару Анатоль, пытанне пра міграцыйны крызіс. Я не магу вызначыць для сябе: Лукашэнка тым, што дасылае мігрантаў у краіны Заходняй Еўропы, капае сабе палітычную магілу, пагаршае сітуацыю ці, наадварот, падбівае стаўкі ў магчымым дыялогу, каб паказаць, што вельмі дорага з ім сварыцца, і «давайце лепш размаўляць»? Вы як думаеце?

Анатоль Лябедзька: Відавочна, што міграцыйны крызіс мае два вымярэнні: унутрыбеларускае і міжнароднае. Калі мы гаворым пра міжнародны чыннік, то трэба прызнаць, што спачатку Аляксандр Лукашэнка проста хацеў зрабіць балюча сваім суседзям, Літве і Польшчы, бо яны праводзілі вельмі жорсткую палітыку падчас прэзідэнцкай кампаніі ды пасля яе. Але мне падаецца, што чырвоны дом пераацаніў свае магчымасці, бо канфлікт з Польшчай і Літвою прывёў да канфлікту з Еўрапейскім Звязам. А гэта ўжо зусім іншая палітычная, эканамічная сіла.

Гэтая недаацэнка прывяла да таго, што спачатку Лукашэнка, магчыма, выпіў келіх шампанскага, бо для Польшчы, Літвы і Латвіі гэты «зялёны калідор», які стварыў Лукашэнка для мігрантаў, быў абсалютнаю нечаканасцю. Яны былі непадрыхтаваныя да гэтага, і таму давялося рабіць тэрміновыя захады. Але пасля таго, як да гэтага падключыўся Еўрапейскі Звяз, гэтая плынь стала не такім моцным выклікам для Варшавы і Вільні.

ВІДЭА
«Ён бярэ на сябе самую брудную працу». Лукашэнка атакуе суседзяў на загад Пуціна?
2021.09.24 17:05

Таму, я думаю, на перспектыву Аляксандр Лукашэнка не можа атрымаць нейкай тактычнай ці стратэгічнай перамогі, бо кожны дзень аддаляе кропку невяртання ў стасунках з Бруселем. Падсумоўваючы, я думаю, што Лукашэнка, распачаўшы гэтую міграцыйную вайну як частку гібрыднай вайны супраць сваіх суседзяў, прывёў да яшчэ большага паглыблення канфлікту з міжнароднаю супольнасцю. Мы можам казаць дакладна пра еўраатлантычную прастору.

Наступствы гэтага мы маем сёння, яны будуць толькі павялічвацца. Гэта пра санкцыі. Тут і палітычнае вымярэнне, і эканамічнае: яны будуць для Лукашэнкі вельмі, вельмі балючыя. А ўнутры краіны з самага пачатку немагчыма было разлічваць на нейкі поспех. Калі вы спрабуеце інфармацыйна абараняць мігрантаў з Іраку, з Сірыі, гаворыце аб правах чалавека, праяўляеце нейкі клопат, а разам з тым у вас 50 тысячаў сваіх грамадзянаў прапушчаныя праз рэпрэсіі, вязніцы, калі ў нас больш за 700 чалавек афіцыйна прызнаныя палітычнымі вязнямі, калі ўжо сотні тысячаў вымушаныя пакінуць сваю краіну, то гэта абсалютна не спрацоўвае. Я думаю, што нават сярод прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі разумеюць, што гэта не той аргумент, на які можна атрымаць палітычныя дывідэнды. Думаю, чым больш мігрантаў застаецца на тэрыторыі Беларусі, тым большы негатыў з боку насельніцтва будзе ў дачыненні ўладаў Беларусі.

Прэзідэнт Польшчы ўчора на паседжанні ААН агучыў лічбу: 150 тысяч беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу. Канечне, з розных прычынаў, але ў асноўным гэта палітычныя ды эканамічныя прычыны. Яшчэ адно пытанне, што датычыць перспектываў, увогуле трываласці гэтага рэжыму. Зразумела, што ён трымаецца на сілавіках і падтрыманні з Расеі. Як вы ацэньваеце палітычную будучыню Аляксандра Лукашэнкі? Якая ягоная перспектыва? Што будзе з Лукашэнкам праз год ці два?

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі мае тры апірышчы. Першае – гэта страх. Я думаю, што на сёння гэта галоўны хаўруснік Лукашэнкі. Інструменты страху – гэта эскадроны смерці, якія ўпершыню заявілі пра сябе яшчэ ў 1999 годзе, і эскадроны страху – гэта сілавікі, якія рэпрэзентуюць розныя структуры беларускіх праваахоўных органаў.

Што датычыць іншых інструментаў, то я б сюды аднёс таксама і судзейскі корпус, які выносіць заведама неправасудныя рашэнні. Сюды можна аднесці і прызначаных дэпутатаў, якія ваююць з людзьмі, прымаючы гэтак званыя законы, якія дапамагаюць ажыццяўляць рэпрэсіі. І сілавікі, і суддзі, і гэтак званыя дэпутаты – гэта проста інструменты страху. Страх – гэта і ёсць стратэгічны хаўруснік Аляксандра Лукашэнкі, і менавіта дзякуючы яму была збітая хваля пратэсту.

Другое апірышча – гэта фінансава-эканамічная залежнасць істотнай большасці беларусаў ад рэжыму. Гэта таксама інструмент ціску ды ўплыву на людзей, бо калі ты свой заробак, сваю пенсію, сваю стыпендыю атрымоўваеш у Лукашэнкі, то, натуральна, гэта твая шворка, на якой улады Беларусі трымаюць пераважную большасць беларускіх грамадзянаў. Я думаю, што гэтая лічба нават вышэйшая за 80 %.

Трэцяе апірышча – гэта згаданы вамі Крэмль, той, хто выконвае функцыі адваката Лукашэнкі ў міжнародных арганізацыях, хто фінансава, хай і не так, як хацелася б Аляксандру Лукашэнку, але падтрымлівае гэты рэжым і гэтую сістэму. Калі знікне хаця б адзін з гэтых трох стаўпоў, то, натуральна, рэжым рухне. Але пакуль яны ёсць, застаецца і трываласць Аляксандра Лукашэнкі.

Страх, фінансава-эканамічная залежнасць і Крэмль – гэта тое, што стварае падмурак рэжыму, які паводле ўсіх законах здаровага сэнсу палітыкі ды эканомікі мусіў бы сысці з палітычнай сцэны.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 23.09.2021

ПраСвет
Пуцін вядзе гібрыдную вайну рукамі Лукашэнкі? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2021.09.23 22:35
Стужка навінаў