ЗША выдзеляць Украіне найбуйнейшы пакет вайсковай дапамогі – амаль на $3 мільярда


Пра гэта Белы дом абвесціў у Дзень Незалежнасці Украіны, 24 жніўня.  

«Злучаныя Штаты Амерыкі поўныя рашучасці падтрымліваць народ Украіны, які працягвае барацьбу за абарону свайго суверэнітэту. У рамках гэтага абавязку я з гонарам абʼяўляю аб нашым найбуйнейшым на сённяшні дзень траншы дапамогі ў галіне бяспекі», – заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Украіне плануецца перадаць зброю і абсталяванне на агульную суму прыблізна ў $2,98 мільярда.

«Гэта дазволіць Украіне атрымаць сістэмы супрацьпаветранай абароны, артылерыйскія сістэмы і боепрыпасы, беспілотныя авіяцыйныя сістэмы і радары, каб гарантаваць, што яна зможа працягваць абараняцца ў доўгатэрміновай перспектыве», – падкрэсліў прэзідэнт ЗША.

Байдэн канстатаваў, што гэты Дзень незалежнасці будзе горкім для многіх украінцаў, паколькі тысячы людзей забіты або паранены ў выніку расейскай агрэсіі, а мільёны былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

«Аднак шэсць месяцаў пастаянных атак толькі ўмацавалі гонар украінцаў за сябе, за сваю краіну, за 31 год незалежнасці. Сёння і кожны дзень мы стаім плячом да пляча з украінскім народам, каб адкрыта заявіць: цемра, якая рухае аўтакратыяй, не параўнуецца з полымем свабоды, якія асвятляюць душы свабодных людзей па ўсім свеце», – дадаў амерыканскі лідар.

Associated Press адзначае, што ў адрозненне ад большасці папярэдніх пакетаў дапамогі, новае фінансаванне ў асноўным накіравана на тое, каб дапамагчы Украіне сфармаваць сістэму абароны на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву, паведамілі агенцтву чыноўнікі, знаёмыя з гэтым пытаннем.

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў