За рэпосты і каментары пра Лукашэнку асудзілі вядомага гандбольнага трэнера


ПЦ «Вясна» паведамляе, што 22 жніўня суд Зэльвенскага раёна вынес рашэнне па справе аднаго з самых паспяховых гандбольных трэнераў краіны – Міхаіла Міхуты. Яго было выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 367 «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Міхаіл Міхута.
Фота: spring96.org

Міхаіл Міхута – трэнер па гандболе з вядомай спартовай «дынастыі Міхутаў». Падчас сваёй спартовай кар’еры ён стаў чэмпіёнам Еўропы і віцэ-чэмпіёнам свету ў складзе студэнцкай каманды. Пасля завяршэння карʼеры вярнуўся на малую радзіму і пачаў трэніраваць дзяцей у мясцовай спартовай школе. СМІ называюць яго найлепшым дзіцячым гандбольным трэнерам Зэльвеншчыны і адным з найлепшых – у краіне. У першыя дзесяць гадоў карʼеры ён падрыхтаваў трох прафесійных спартоўцаў рэспубліканскага ўзроўню і некалькі дзясяткаў гандбалістаў абласнога ўзроўню.

Сёлета 23 траўня ў прэсе зʼявілася навіна пра затрыманне спартоўца. Неўзабаве пасля гэтага на праўладных тэлеграм-каналах апублікавалі і «пакаяльнае відэа», на якім Міхаіл «прызнаецца» ў тым, што «распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў Лукашэнку», за што, паводле ягоных слоў, і быў затрыманы. Таксама на відэа мужчына сказаў, што раней ён ужо прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці «за абразу супрацоўнікаў міліцыі і непадпарадкаванне». Да суда Міхаіл Міхута знаходзіўся пад хатнім арыштам.

На судзе спартовец адстойваў свае правы без дапамогі адваката, растлумачыўшы, што гэта рашэнне не злучанае з цяжкім матэрыяльным становішчам.

Згодна з версіяй абвінавачвання, у чэрвені 2020 года Міхаіл зрабіў некалькі рэпостаў матэрыялаў з суполкі «Стоп Лука» ў сацсетцы «ВКонтакте». У адным з рэпостаў утрымліваліся наступныя словы: «Сусветнай супольнасці тэрмінова неабходна прыняць меры па нейтралізацыі асабліва небяспечнага злачынцы [Лукашэнкі]». У другім была размешчаная шаржавая выява Лукашэнкі, на якой ён выглядаў арыштантам. Пад гэтым шаржам быў тэкст з апісаннем «прыкметаў арыштанта» (напрыклад, «паталагічны хлус, каварны, хцівы, цынічны, псіхічна няўстойлівы…»).

Пракурор паведаміў, што гэтыя рэпосты супрацоўнікі МУС знайшлі толькі 17 траўня 2022 года падчас вывучэння зместу допісаў у сацыяльных сетках.

22 жніўня суддзя Люцыя Жук прызнала Міхаіла Міхуту вінаватым і прысудзіў яму пакаранне ў выглядзе 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў