Як улады пераключыліся на пошук грошай унутры краіны і хто купляе беларускія аблігацыі?


Мінфін у гэтым годзе запазычыў на ўнутраным рынку амаль мільярд долараў праз выпуск аблігацыяў. Каштоўныя паперы прапануюць таксама органы мясцовай улады, Банк развіцця і нават агенцтва па кіраванню актывамі. Эксперты тлумачаць такую актыўнасць недаступнасцю знешніх крыніц фінансавання. Аднак гадавая інфляцыя ў краіне прыкметна перавышае даходнасць па аблігацыях. Мы пагаварылі з экспертам пра тое, чаму ўлады актыўна пазычаюць унутры краіны, ці знойдуцца пакупнікі на каштоўныя паперы і чым пагражае эканоміцы актыўны выпуск аблігацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дзяржава зачасціла з пазыкамі

Інфармацыя пра чарговы выпуск аблігацыяў Мінфіну з’явілася на сайце Рэспубліканскага цэнтральнага дэпазітарыя 19 жніўня. Паведамлялася, што 17 жніўня быў размешчаны выпуск у расейскіх рублях на агульную суму 1 млрд. Тэрмін іх абарачэння – да 23 снежня 2026 года. Цікава, што праз пару дзён інфармацыя пра гэты выпуск знікла з сайта. Мінфін нічога не паведамляе адносна гэтага выпуску, магчыма, яго адмянілі.

Згодна з актуальнай інфармацыяй дэпазітарыю, з пачатку года Мінфін Беларусі размясціў 8 выпускаў аблігацыяў у беларускіх рублях – 6 доўгатэрміновых і два кароткатэрміновых. Тэрмін абарачэння доўгатэрміновых – 2030 і 2032 год, кароткатэрміновыя – да будучага году. На агульную суму 2,435 млрд рублёў. Яшчэ на 12,55 млн долараў прададзена каштоўных папераў у доларах (размяшчэнне адбылося ў маі). Усяго ў доларавым эквіваленце сёлета Мінфін запазычыў больш за 980 млн долараў.

Пры гэтым частата размяшчэння аблігацыяў нарастае. Калі ў чэрвені Мінфін выпусціў каштоўныя паперы адзін раз, у ліпені – тры, то ў жніўні два размяшчэнні былі ўжо на першым тыдні.

Дзяржкампаніі таксама маюць патрэбу ў грошах

Грошы для дзяржпатрэбаў на ўнутраным рынку запазычвае не толькі непасрэдна Мінфін, але і мясцовыя органы ўлады, і дзяржпрадпрыемствы. Як сведчыць статыстыка Мінфіну, аб’ём выпуску аблігацыяў мясцовых пазык у першым паўгоддзі вырас на 27,4% (да 4 млрд рублёў) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году, а прадпрыемстваў – на 30% (да 13,5 млрд рублёў).

Аблігацыі выпускаюць не толькі дзяржкампаніі. Сярод актыўных эмітэнтаў, напрыклад, Банк развіцця, які крэдытуе дзяржпрадпрыемствы, і агенцтва па кіраванню актывамі (яно займаецца праблемнымі дзяржкрэдытаатрымальнікамі). Банк развіцця ў гэтым годзе за няпоўных 8 месяцаў ужо эмітаваў сем выпускаў (з тэрмінам абарачэння ў год), а ў мінулым годзе столькі было за ўвесь год. Усяго Банк развіцця з пачатку году прыцягнуў праз аблігацыі на 2,236 млрд рублёў (больш за 870 млн долараў па цяперашнім курсе). Прычым, два апошнія выпускі аб’ёмам 670 і 300 млн рублёў адбыліся 22 жніўня. Верагодна, банк працягне запазычваць на ўнутраным рынку і далей. Падстава для такіх высноваў – сумесная пастанова ўраду і Нацыянальнага банку №538/19 ад 23 жніўня, якою павялічаны ліміт эмісіі аблігацыяў з 2,6 млрд рублёў да 5,004 млрд рублёў.

Банк развития Беларуси. Фото: Банк развития Республики Беларусь / Facebook

Агенцтва па кіраванню актывамі, якое было створанае ў 2016 годзе, да 2021 году толькі адзін раз выпусціла аблігацыі. Летась адбылося адно размяшчэнне, а за першае паўгоддзе гэтага – ужо два. Агульны аб’ём выпушчаных папераў складае каля 600 млн рублёў (237 млн долараў).

Унутраныя пазыкі павялічваюць дзяржаўны доўг

Запазычанні дзяржавы на ўнутраным рынку ўплываюць на рост дзярждоўгу. Міністэрства фінансаў ужо перастала інфармаваць грамадскасць аб яго стане – апошнія дадзеныя, якія апублікаваныя, – на 1 чэрвеня. Аднак, нават у першым паўгоддзі, калі дзяржаўныя эмітэнты былі менш актыўныя, дзярждоўг дэманстраваў рост. У асноўным рост ідзе за кошт павелічэння ўнутраных запазычанняў, паколькі знешнія ва ўмовах санкцыяў недаступныя.

Так, уся дзяржаўная запазычанасць з пачатку году павялічылася на 3,8% або на 2,2 млрд рублёў да 60% млрд рублёў. Яго доля адносна ВУП вырасла нязначна – на 0,3 працэнтных пункты да 33,8%.

Вонкавы дзяржаўны доўг пры гэтым дадаў толькі 185,4 млн рублёў, або 1%. На 1 чэрвеня ён склаў 18,4 млрд долараў. Гэта 26,6% ВУП, на 0,1 працэнтны пункт менш, чым было ў пачатку году. У той жа час унутраная дзяржаўная запазычанасць за першае паўгоддзе павялічылася на 8,6% або 1 млрд рублёў да 12, 9 млрд рублёў. Гэта 7,2% ВУП. Тады як на 1 студзеня адносна ВУП дзярждоўг складаў 6,8%.

Рынак аблігацыяў расце

Рынак аблігацыяў у цэлым расце, і тэмпы гэтага росту паскараюцца. Аб’ём аблігацыяў у абарачэнні за першае паўгоддзе павялічыўся на 10% (у студзені–чэрвені мінулага году тэмп прыросту быў 4,7%) і склаў на 1 ліпеня 2022 года 39, 5 млрд рублёў. Яго рост за год – 18, 2%.

Інфаграфіка «Белсату»
Інфаграфіка «Белсату»

Аб’ёмы запазычання праз размяшчэнне аблігацыяў найбольш высокімі тэмпамі растуць у мясцовых органаў улады і прадпрыемстваў. З пункту гледжання колькасці размяшчэнняў у іх таксама найбольш высокія вынікі, за першае паўгоддзе гэтага году – плюс 51 выпуск да ўзроўню першага паўгоддзя мінулага году. Колькасць эмітэнтаў пры гэтым застаецца ранейшай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У абарачэнні знаходзіцца больш за 60 выпускаў дзяржаўных аблігацыяў, намінаваных у замежнай валюце і парадку 20 – у беларускіх рублях. Абвешчаная даходнасць дзяржаўных каштоўных папераў у нацыянальнай валюце – стаўка рэфінансавання (цяпер яна роўная 12%). Тады як гадавая інфляцыя ўжо перавысіла 18%. Даходнасць па аблігацыях у замежнай валюце вагаецца ў межах 4–5,5%.

Дзяржава пераарыентуецца на ўнутраны рынак

«Мы бачым рост запазычанняў на мясцовым узроўні і гэта можа азначаць, што мясцовыя ўлады атрымліваюць менш рэсурсаў з рэспубліканскага бюджэту. Гэта змушае іх больш прыцягваць шляхам размяшчэння аблігацыяў», – тлумачыць рост долі ўнутранага доўгу ў агульнай суме дзяржаўнага доўгу старшы навуковы супрацоўнік цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Эксперт адзначае, што на фоне санкцыяў супраць Беларусі, з-за якіх вонкавыя запазычанні недаступныя, урад скарачае выдаткі і павялічвае ўнутраныя запазычанні.

«Калі ідзе скарачэнне выдаткаў бюджэту, то ад гэтага пакутуе, вядома, інфраструктура, – адзначае Анастасія Лузгіна. – Раней тыя ж інфраструктурныя праекты можна было фінансаваць за кошт рэсурсаў Сусветнага банку або нейкіх іншых знешніх крыніц на досыць прыемных умовах, цяпер гэтыя крыніцы зачыненыя для нас. Следствам гэтай сітуацыі можа быць не толькі рост унутраных запазычанняў, але і скарачэнне фінансавання такога роду праектаў, ад якіх можна на час адмовіцца».

Пазычальнік – не толькі Мінфін

Па ацэнцы эксперта, пакуль сукупны дзяржаўны доўг застаецца ў дапушчальных рамках – 33, 8% ВУП. «Узровень дзярждоўгу пакуль не з’яўляецца крытычным, калі яго памер менш за 60% ВУП», – адзначае эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўны офіс «Беларусбанку» у Менску.
Фота: Белсат

Зрэшты, не варта забываць, што акрамя ўласна дзяржаўных аблігацыяў, якія ўваходзяць у дзяржаўны доўг, ва ўраду ёсць яшчэ іншыя магчымасці пошукаў рэсурсаў, якія ў яго не ўваходзяць напрамую. Напрыклад, той жа Банк развіцця, праз які адбываецца пераліванне рэсурсаў у дзяржсектар. «За апошнія паўгода банк развіцця ў 2 разы павялічыў фінансаванне рознага роду праграмаў крэдытавання. Пры гэтым ён павялічыў і запазычанні шляхам выпуску аблігацыяў», – адзначае Анастасія Лузгіна.

Па словах эксперта, каштоўныя паперы Банку развіцця – гэта прывабны інструмент. «Ён можа быць цікавы тым жа камерцыйным банкам, і справа не толькі ў магчымасці атрымання даходу. Справа ў тым, што, як і дзяржаблігацыі, аблігацыі Банку развіцця могуць выступаць у якасці закладу пры аперацыях камерцыйных банкаў з Нацыянальным банкам. Там ёсць шэраг аперацый, напрыклад, калі яны прыцягваюць рэсурсы таго ж Нацбанку, пад заклад яны даюць дзяржаўныя аблігацыі або нейкія іншыя каштоўныя паперы, якія маюць нізкі ўзровень рызыкі і якія дазволеныя ў якасці закладу. Вось як раз аблігацыі Банку развіцця каціруюцца практычна на ўзроўні тых жа аблігацый Мінфіну або мясцовых органаў улады і дазволеныя ў якасці закладу», – тлумачыць эксперт.

Хто можа купіць аблігацыі і ці няма пагрозы дэфолту па іх

У дачыненні да запазычанняў праз аблігацыі на ўнутраным рынку, у адрозненні ад знешняга, няма падставаў казаць пра дэфолт, удакладняе Анастасія Лузгіна. «Горшы прагноз для ўнутранага доўгу, калі дзяржаве стане складана яго выплачваць, – уключэнне эмісійнага механізму, прасцей кажучы, надрукаваць грошай, каб разлічыцца з трымальнікамі дзяржаблігацыяў», – тлумачыць Анастасія Лузгіна. У сваю чаргу, гэта прывядзе да раскручвання інфляцыйнай спіралі. «Аднак пакуль мы бачым, што Нацбанк строга прытрымліваецца сваёй пазіцыі і не ўключае гэты механізм. Моцных змяненняў у галіне змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі мы не бачым», – канстатуе эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Яшчэ адна важная асаблівасць унутраных запазычанняў – іх абмежаванасць у адрозненні ад знешніх, якія бязмежныя. «Для таго, каб насельніцтва і прадпрыемствы куплялі аблігацыі, неабходна, каб на ўнутраным рынку былі рэсурсы. Гэта ўжо залежыць і ад даходаў – калі яны падаюць, то насельніцтва не зможа купляць аблігацыі», – тлумачыць Анастасія Лузгіна.

У сітуацыі вострай патрэбнасці ў грошах дзяржава можа пачаць перакладаць груз сваіх праблем на банкі, адзначае эксперт. У прыватнасці, абавязаць іх выкупіць дзяржаблігацыі, калі раптам насельніцтва і прадпрыемствы не змогуць гэтага зрабіць.

Што тычыцца аблігацыяў, то палова іх прададзеная за беларускія рублі, і доля нацыянальнай валюты павялічваецца – за год на 9 працэнтных пунктаў. Таксама, паводле дадзеных Мінфіну, амаль у два разы павялічылася доля аблігацыяў у расейскіх рублях – з 2% да 5%. Прырост аб’ёму выпускаў у расейскай валюце – амаль у два разы, у нацыянальнай – плюс 43,6%. Абʼёмы выпуску ў доларах і еўра скараціліся – на 1, 1% і 18, 5%, адпаведна.

Інфаграфіка «Белсату»

Пакуль ніякіх крытычных змяненняў ні ў структуры дзярждоўгу, ні ў структуры дзяржаўных запазычанняў шляхам размяшчэння аблігацыяў не адзначаецца, хоць і намеціўся трэнд на рост унутранага доўгу ў сувязі з больш актыўным выкарыстаннем такога механізму, як выпуск аблігацый, рэзюмуе Анастасія Лузгіна.

Якія з вышэйпералічаных рызыкаў рэалізуюцца, будзе залежаць ад шматлікіх фактараў – напаўняльнасці бюджэту, бюджэтнай палітыкі (скарачэнне выдаткаў і павелічэнне запазычанняў), вынікаў знешняга гандлю і эфектыўнасці эканомікі.

BB/ІР belsat.eu

Стужка навінаў