«Хутка скончыцца лета, а ў нас яшчэ люты». Дзень Незалежнасці Украіны, поўны гонару, болю і надзеі


Украінцы адзначаюць 31-ю гадавіну незалежнасці са змяшанымі пачуццямі. З аднаго боку, на фронце штодня гінуць украінскія салдаты, перамога ў вайне толькі на гарызонце, а з другога – удалося абараніць большую частку краіны ад расейскай навалы, што з’яўляецца падставай для гонару. Рэпартаж карэспандэнтаў «Белсату» з Кіева.

Пенсіянерка Надзея Міхайлаўна ў вышыванцы ў Дзень Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Аб тым, што расейцы не захапілі Кіеў за 3 дні, як яны меркавалі, нагадвае выстава на галоўнай вуліцы Кіева – Хрышчаціку. На ёй была паказаная знішчаная расейская вайсковая тэхніка – спаленыя танкі, бронемашыны і ракеты, якія ўпалі на ўкраінскія гарады або былі збітыя супрацьпаветранай абаронай.

60-гадовая Вера, якая жыве ў цэнтры Кіева і з 24 лютага не пакідала свой горад ні на адзін дзень, нагадвае, што леташні парад быў выключна ўрачыстым з-за круглай гадавіны здабыцця незалежнасці.

– Тады ў мяне былі слёзы на вачах, я ганарылася нашай арміяй. Цяпер я гляджу на гэты расейскі металалом і зноў ганаруся нашай краінай, што мы здольныя супрацьстаяць гэтай саранчы, – падкрэслівае яна.

Пры гэтым яна адзначае, што Украіна яшчэ не перамагла, але ёй атрымоўваецца стрымаць наступ расейцаў.

– Гэтая выстава падобная на рэалізаваную мару, – дадае сяброўка Веры, Таццяна.

Акцыя ў падтрымку абаронцаў Марыупалю ля Гарадскога савету ў Дзень Незалежнасці Украіны. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Кіяўлянкі Святлана, Насця і Аня на Хрэшчатыку ў Дзень Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Мікалай Зяленскі працуе ў Кіеўскай гарадской радзе. Проста насупраць рады, на Хрышчаціку, арганізавалі выставу знішчанай расейскай тэхнікі. Сёння мужчына апрануты ва ўласнаручна пашытую вышыванку. На яго думку, «важна паказаць людзям гэтыя танкі і БМП для зняцця стрэсу, таму што большасць людзей ніколі не бачылі нічога падобнага, а тут відаць, што мы на шляху да перамогі». Сам мужчына не турбуецца аб магчымых правакацыях з боку Расеі, ён мяркуе, што, наадварот, трэба выйсці і паказаць усім, што мы тут і не баімся.

Сяргей Васілевіч піша на танках розныя напрамкі бліжэйшых прыпынкаў, сам захутаўшыся ва ўкраінскі сцяг. «Гэтыя паўгода былі цяжкімі, але мы былі гатовыя да вайны. Мой сын ноччу пайшоў у ваенкамат і падпісаў кантракт ужо 25 лютага, таму што чэргі ў першы дзень былі велізарныя. Вы ведаеце, мы, украінцы, можам спрачацца паміж сабою, але калі нешта адбываецца, як, напрыклад, збіццё студэнтаў у 2013 годзе, мы аб’ядноўваемся, так і тут.

Яшчэ больш гонару ўзнікае ва ўкраінцаў, калі ўспомніць, што да 2014 года ў гэтай краіне амаль не было войска. У той час армія знаходзілася ў жудасным стане. Салдаты хадзілі часта ў красоўках або пантофлях, а форму і асноўны рыштунак забяспечвалі знаёмыя. Цяпер украінцы гэтак жа падтрымліваюць войска, адпраўляючы грошы добраахвотнікам, але цяпер гэта дадатак да асноўнай камплектацыі, якую салдаты і так атрымліваюць ад дзяржавы.

– Тут відаць, што тыя грошы, якія мы перадаем, не былі выкінутыя на вецер, – заўважае 25-гадовы Дзяніс.

Ён дадаў, што ўкраінцы павінны адзначаць Дзень Незалежнасці, таму што менавіта расейцы хочуць, каб гэтага свята не было.

– Яны не дачакаюцца, калі нам скажуць, святкаваць ці не. У нас вельмі святочны настрой, – дадае ён.

– Мы будзем святкаваць, успамінаць забітых і працаваць на перамогу, – падкрэслівае 55-гадовы Сяргей.

Выстава расейскай варожай тэхнікі ў Дзень Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Сцягі з імёнамі салдат, якія загінулі. У сярэдзіне – імёны беларускіх добраахвотнікаў.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Цяпер ён разам са сваім калегам па інстытуце электразваркі робіць буржуйкі для салдат. Гэта дрывяныя і вугальныя печы, якія стаяць асобна, спецыяльна прыстасаваныя для акопаў, з высокім комінам і прутамі для сушкі адзення.

Але не ўсё так пазітыўна ставяцца да сённяшняга свята. Вера вымушаная была бегчы з Дружкоўкі ў Данецкай вобласці. Горад яшчэ абараняецца, але ён амаль на лініі фронту. Школу, у якой яна выкладала, бамбілі расейцы. Для яе ў сучасным свеце больш гора, чым радасці.

– Я не святкую, хутчэй адчуваю сум. Ты глядзіш на ўсё гэта і думаеш, навошта яны сюды прыехалі? Для мяне зараз не святочны дзень, можа, пасля нашай Перамогі будзе, – дадае яна.

Аналагічнага меркавання прытрымліваецца Аляксандр, родам з нядаўна акупаванага расейцамі Лісічанску, але ўжо шмат гадоў жыве ў сталіцы. Калі пачалася вайна, ён вывез адтуль сваіх бацькоў.

– Няма святочнага настрою, у першую чаргу мы плачам па нашых хлопцах, якія на фронце аддалі жыццё за сваю краіну, – падкрэслівае ён.

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Усе мае суразмоўцы нагадваюць, што расейцы хацелі правесці парад у Кіеве цягам 3 дзён пасля пачатку ўварвання.

– Раз хацелі дайсці да Кіева ці нават да Варшавы, то прыйшлі, але толькі ў такім стане, – дадае Аляксандр.

Усе вераць у перамогу Украіны ў гэтай вайне.

– Я на тысячу працэнтаў веру, што так і будзе. На мільён. Інакш быць не можа, – распавядае мне 20-гадовая Злата з Івана-Франкоўску, якая вучылася ў Кіеве.

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Святлана, Насця і Аня апранутыя ў футболкі колераў украінскага сцягу. Кажуць, гэтае адзенне з забегу ў вышыванках, які праводзіўся штогод з 2011 году на Хрышчаціку. «Мы прыйшлі сюды сёння, каб падтрымаць незалежнасць Украіны, і гэтая тэхніка – наш фон. Увесь гэты час, пакуль ідзе вайна, мы як у тумане, наогул не разумелі, прайшлі гэтыя месяцы ці не, калі шчыра. «Хутка скончыцца лета, а ў нас яшчэ люты, не было ні вясны, ні лета, нічога», – кажа Насця.

Фота
Незалежныя. Як украінцы ўжо паўгода змагаюцца за сябе і сваю краіну
2022.08.24 17:30

Пётр Пагарэльскі, Кіеў /ІР belsat.eu

Стужка навінаў