«Як у турме, нідзе так не смяяўся». Павел Вінаградаў распавёў пра 48 дзён у ізалятары


Павел Вінаградаў. Менск, Беларусь. 12 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Павел Вінаградаў – блогер і аўтар праграмы «Гэта ж Вінаград!» – выйшаў на волю 22 жніўня. У ізалятары гораду Беразіно ён правёў 48 содняў. Няголены і нястрыжаны, Павел сур’ёзна сцвярджае, што ў турме «даволі міла» і зусім «не сумна». На наступны дзень пасля вызвалення ён распавёў belsat.eu аб здымках у вельмі далікатным месцы і чаму яго яшчэ доўга будзе вярнуць ад мінтая.

– Павел, з вызваленнем! Адразу падзяліся лайфхакамі, як не страціць пачуцця гумару за кратамі.

– Па-першае, гэта вельмі вялікая памылка, што ў турме сумна. Я, наколькі памятаю, так, як у турме, не смяяўся нідзе. Ну і, па-другое, гэта быў мой 21-ы з ліку адміністратыўны арышт. Да 2010-га іх было два. А потым быў 2011-ы, калі мяне ўзялі па крыміналцы, па масавых беспарадках… Таму я ўжо, уласна, прывык.

– Але, што можа быць смешнага?..

– Значыць, прыходзіць да мяне следчы і кажа, маўляў, будзе праводзіцца праверка майго мабільнага тэлефона і ўсіх файлаў, якія там ёсць, у тым ліку выдаленых. І тут я ўспамінаю адну асаблівую фатаграфію, на якой адлюстраваны чырэй у вельмі далікатным месцы. Неяк папрасіў жонку сфатаграфаваць яго, бо сам на яго паглядзець не мог. Ну, быў сфатаграфаваны, я на яго паглядзеў, жахнуўся і фотку выдаліў. І вось цяпер яна будзе адноўленая! Я ўяўляю твары людзей у пагонах, якія… Яны ж будуць шукаць экстрэмізм ці ўдзел у масавых беспарадках, а знойдуць фатаграфію майго анусу і здаравеннага фурункула. Спадзяюся, гэта нанясе каму-небудзь псіхалагічную траўму. Вось гэта экстрэмізм!

«Кожны божы дзень еў па кавалку мінтая»

– Добра, фурункул… А вось калі ўначы будзяць для праверкі і выганяюць з камеры на «прадол», тут ужо не да смеху.

– Ніякай жэсці тыпу начных праверак у ІЧУ Беразіно не было! Перадачы прыносілі, у душ праз тыдзень вадзілі, на прагулкі вадзілі. І перапіска нават была! Лісты, вядома, хадзілі праз раз, іх усіх прапусціць проста не маглі, мабыць, але, у прынцыпе, нешта да мяне даходзіла і ад мяне нешта людзям прыходзіла. Ну, у Беразіне было ўсё даволі міла. Настолькі міла, наколькі міла можа быць у турме.

«Агляд» у доме Паўла Вінаградава.
Фота: Юрый Вінаградаў

– Можа, скажаш, што ў Беразіне і матрацы на дзень не забіралі?

– Не, «вату», г. зн. матрац, забіралі і там на дзень. А 6-й гадзіне – пад’ём, і калі прыходзіць дзяжурны, «вату» адбірае. Далей – паснедаў, дзяржаўную прэсу, якую перадала мне мая любімая жонка, пачытаў, ліст ёй напісаў, з сукамернікам пагутарыў, даведаўся, колькі каштуе «чарніла» ў «Капеечцы». Глядзіш – вось ужо і абед. Прыносяць супец, катлету – смачна. Далей шпацыр, якой-небудзь душ або сам сабе ладжу з бутэлек. У мяне была цэлая батарэя бутэлек, з якіх я мыўся над прыбіральняй – бадзёрыла моцна… Так дацягнеш і да вячэры, на які давалі кавалак мінтая. Мінтая еў кожны дзень, кожны! 48 содняў, кожны божы дзень я еў кавалак мінтая. Думаю, яшчэ доўга не змагу яго есці!..

«Любіў чытаць дзяржаўную прэсу»

– Чаго больш за ўсё не хапала ў камеры?

– «Фэйсбуку». Таму што калі я на свабодзе, а не ў турме, – пастаянна ў інтэрнэце, пастаянна штосьці чытаю, сачу за навінамі. Большасць часу праводжу онлайн. Вось гэтага не хапала. Інтэрнэту.

– Што чытаў там?

– Нарэшце прачытаў «Атлант расправіў плечы» Айн Рэнд. Па класіцы – «1984» Оруэла і «Ферму» яго ж – настольныя кнігі беларускага апазіцыянера. «Радзіва «Прудок» Горвата прачытаў, нешта яшчэ. Ну і, вядома ж, дзяржаўную прэсу вельмі любіў чытаць, таму што такіх смяхотак мала дзе можна знайсці, якія там пішуць…

– Абмеркаваць было з кім? Ці былі ў камеры «палітычныя»?

– Не-не, гэта ж горад Беразіно! Тут не так шмат людзей, якіх можна пасадзіць па палітычным артыкуле. Але, у прынцыпе, часам трапляліся людзі начытаныя. У іх у асноўным, у начытаных людзей, больш за 10 гадоў адседжаных за плячыма, таму менавіта з імі можна было нешта абмеркаваць. Але пераважна сядзяць за парушэнне нагляду, п’яныя скандалы, дробныя крадзяжы…

Павел Вінаградаў. Менск, Беларусь. 12 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Я марыў, што сам першы раз завяду сына ў садок…»

– Цябе адпусцілі, але ты ў статусе падазраванага, не як «экстрэміст», а як паклёпнік?

– Так. Я застаюся ў статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 367 КК РБ. Гэта «Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Які паклёп? А ніякі! Таму што ні на якога прэзідэнта я не паклёпнічаў, бо пра Святлану Ціханоўскую я нічога не пісаў. А пра грамадзяніна Лукашэнку А. Р. мяне канкрэтна падазраюць за фразу «Лука адп…іў усіх, хто ў яго бок коса глядзеў». Але ні падпіскі аб неразгалошванні, ні падпіскі аб нявыездзе, ні, тым больш, хатняга арышту ў мяне няма.

Даведка
Павел Вінаградаў на волі з жонкай Святланай.
Фота: kosi4kina / facebook.com

– Як трымаліся твае жонка і сын?

– Ім было цяжка… Гэта было маё галоўнае перажыванне. Пакуль мяне не было, жонка пастаянна чакала ператрусу, усё на нервяках. Сын пастаянна пытаўся, дзе тата. «З’ехаў», – казала жонка. І ён зноў пытаўся: «У міліцыю?» «Так, у міліцыю», – адказвала. Таму што сын бачыў, як мяне на міліцэйскай машыне забіралі. Сыну ўжо два з паловай. Я марыў, што сам завяду яго ў сад у першы раз. Не атрымалася. Пайшоў у сад без мяне.

– Калі няма забароны на паездкі, не плануеш паехаць у адпачынак у якую-небудзь краіну, суседнюю з Беларуссю?

– Сітуацыя наступная. Працаваць там, дзе я працаваў раней, гэта значыць на «Белсаце», у мяне, мяркуючы па ўсім, не атрымаецца. І з’яжджаць, калі шчыра, жадання няма ніякага. Я разумею, вядома, што магу хоць цяпер бегчы бягом на польскую мяжу. Але не хочацца. Таму я пакуль, мабыць, тут пасяджу.

– Як сябе адчуваеш цяпер фізічна і псіхалагічна?

– Псіхалагічна я ўжо не баюся. Не баюся, што ў мяне будзе ператрус і мяне арыштуюць, таму што ўжо быў ператрус і мяне арыштоўвалі. Здароўе фізічнае, акрамя блох турэмных, якіх я ўжо з сябе вывеў, добрае. Усё дзякуй Богу!

ЗК/АК belsat.eu

Стужка навінаў