«Я, напэўна, першы палітычны «хімік», які збег». Зміцер Кулакоў пра жыццё і ўцёкі са шклоўскай «хіміі»


Зміцер Кулакоў – палітычны вязень і першы беларус, які змог збегчы з «хіміі» ў ліпені. 4 жніўня стала вядома, што Зміцер выехаў за мяжу. «Белсат» сустрэўся з ім у Вільні.

У снежні 2020 года Змітра Кулакова асудзілі на 3,5 года «хіміі» за тое, што ён нібыта абражаў супрацоўнікаў міліцыі ды пагражаў ім гвалтам у Telegram-чаце. Зміцер адбываў пакаранне ў Шклове, у папраўчай установе адкрытага тыпу № 49.

Перад выбарамі

«Я пачаў цікавіцца палітыкай з 2009 года. Пасля гэтых прэзідэнцкіх выбараў, пасля жорсткага разгону 2020 года не было нават веры, што людзі выйдуць, не было веры, што ў 2020 годзе нешта адбудзецца», – кажа Кулакоў.

«У нас у Шуміліна збіралі подпісы толькі за Лукашэнку. Мне гэта вельмі не спадабалася, і я звязаўся з ініцыятыўнай групай Святланы Ціханоўскай з Полацку, дамовіўся, і праз дзень яны прыехалі да нас. Я загадзя напісаў пра гэта ў «Фэйсбуку» ў мясцовую суполку, і ў выніку вельмі шмат людзей сабралася, каб аддаць подпісы за Ціханоўскую. Яшчэ я клеіў розныя ўлёткі, стыкеры. Гэтага, думаю, хапіла, каб мною зацікавіцца.

Чарга, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Травень 2020 году.
Фота: Белсат

Праз супрацоўнікаў міліцыі прывітанні пачалі перадаваць мне кадэбэшнікі. Ім патрэбна была нагода для таго, каб мяне пасадзіць. І яны знайшлі такую нагоду – допіс у Telegram-суполцы «Лепель для жизни» – у дачыненні маёра Патоцкага: «Чакай, прыкарытнік, люстрацыі, бо…» Далей я хацеў напісаць: «…страшны суд азначае для цябе канец», – але аўтазамена выдала «самасуд».

Прыкарытнік, на думку маёра Патоцкага, – гэта публічная абраза. Самасуд па выніках лінгвістычнай экспертызы – гэта пагроза выкарыстання гвалту. Прайшлі тры экспертызы, з 23 верасня да 23 лістапада, пакуль адзін і той жа эксперт у адным і тым жа тэксце змог знайсці абразу і пагрозу выкарыстання гвалту», – распавядае Кулакоў.

Жыццё да «хіміі»

«Я займаўся будаўніцтвам каркасных дамоў. Хацелася б зарабляць трошкі больш, але па беларускіх мерках мне хапала. Я працую з людзьмі, замоваў стала менш, кліенты лічаць кожную капейку. Гэта правільна, але ты бачыш, што ў людзей нават грошай на матэрыял няма. Выйшаў з палітычнымі лозунгам таму, што няма свабоды ў краіне. Тыя, хто ў Беларусі цяпер застаўся, яны цяпер у вялікай турме, дакладней сказаць, на вялікай «хіміі».

Палітвязень Зміцер Кулакоў, які збег з «хіміі» у Літву, разам са сваёй сям’ёй у Вільні. Ратушная плошча, Вільня, Літва, 12 жніўня 2021 года.
Фота: ГР / Белсат

Дзень, калі я збег

«19 ліпеня я выйшаў на працу і ўжо ведаў, што сёння ўцяку. Паводзіў сябе як звычайна, каб не выклікаць нейкіх падазрэнняў. Пасля маіх уцёкаў на «хіміі» зрабілі больш жорсткімі ўмовы. Але я б не сказаў, што кантролю стала больш. Былі ж уцёкі, і на нашай хіміі быў уцёк. Хлопец з Крупак два разы бегаў – першы раз у склепе ягонай хаты ўзялі, другі раз – на шляху дадому.

Я, напэўна, першы палітычны «хімік», які збег. Вырашыў збегчы і збег удала. У першыя дні, калі я хаваўся, яны стараліся замоўчваць інфармацыю, бо гэта быў шок, яны не разумелі, што рабіць, паведамляць або не паведамляць пра гэта».

Пабег з-пад «хіміі»

«Самым складаным было не падрыхтавацца, а пасля ўцёкаў хавацца, усведамляць, што цяпер ты адказваеш не толькі за сябе, але і за тых, хто табе дапамагае. Калі б мяне ўзялі на працягу двух-трох содняў, то ў ШІЗА адседзеў бы содняў 10, а тых людзей маглі пасадзіць. Таму нельга было з роднымі на сувязь выходзіць, яны за цябе непакояцца, нічога пра цябе не ведаюць, а ты не можаш ім паведаміць, што з табой».

Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуска Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Як мінуў мяжу

«Гэта быў адзін з самых узрушальных момантаў, гэты шлях. Але гэта хваляванне было дарма – гэта як звычайная прагулка па лесе. Ішлі, ніякага калючага дроту, ніякіх патрулёў. Ішлі днём, хоць нам казалі, што лепш ісці ноччу. Але днём фонавы шум, нейкія машыны ездзяць, трактары, у памежнікаў менш верагоднасці нас пачуць. Прайшлі спакойна, зайшлі ў літоўскую вёску, адразу не паверылі, уключылі навігатар GPS. Сімак у нас не было, каб не адсачылі. Паглядзелі – сапраўды Літва, папрасілі мясцовых жыхароў, каб выклікалі памежнікаў.

Яны яшчэ ўдакладнілі: «Якіх? Беларускіх? Магчыма, заблукалі, грыбнікі». – «Не, менавіта літоўскіх». Яны выклікалі, і тыя забралі нас.

Літоўскія памежнікі вельмі добразычлівыя людзі, напэўна, у Беларусі я не сустракаў нават міліцыянтаў такіх добрых. Яны павінны былі нас перавозіць у пікапах ззаду за кратамі. Не, яны нас пасадзілі да сябе, яны разумелі, што мы самі выклікалі іх, і яны нармальна да нас паставіліся».

Палітвязень Зміцер Кулакоў, які збег з «хіміі» у Літву. Вільня, Літва, 21 жніўня 2021 года.
Фота: ГР / Белсат

Жыццё ў калоніі

«Самае складанае… калі рэпрэсіі гэтыя ўсе пайшлі, суды, ты чытаеш і разумееш, што нічога зрабіць не можаш. Ты нават не можаш выйсці на вуліцу з плакатам і сказаць: «Хопіць! Спыніце!» Зусім нічога не можаш зрабіць…

Потым з часам адносіны наладзіліся з адміністрацыяй. Больш-менш цярпіма. Але зноў жа, гэта працягваецца пэўную колькасць часу, потым зноў нейкі выбух, і пачынаюць зноў закручваць гайкі, хвалямі неяк накатвае. Маральна ўсё душыць.

Навіны прымушалі глядзець нас кожныя выходныя, лекцыі праводзілі. Але прапаганды занадта жорсткай не было.

Навіны ўсе ведалі, тэлефоны ж былі. Гэта не турма, усё нашмат прасцей. Але зноў жа, гэта і мінус, і плюс, што ёсць сувязь. Ты бачыш, што адбываецца, але нічога зрабіць не можаш. Калі ў СІЗА сядзеў, там білі, але там маральна было нашмат прасцей – ты разумееш, што нешта адбываецца, але што дакладна, ты не ведаеш. На «хіміі» ты ўсё ведаеш, але ніяк не можаш на гэта паўплываць».

Праглынуў ручку ад лыжкі

«Уладкавалі мяне ў ТАА «Александрыйскае», лічы, у самае логава, на камбікормавы завод, размяшчаецца ён у Шклове. Спачатку начальнік калоніі Корнеў А. К. і намеснік па аператыўнай рабоце Шылаў П. С. абяцалі мне, што будуць адпускаць мяне на выходных на спатканне з сямʼёй. Але калі дайшло да справы, пачалі аднеквацца і гаварыць, што я магу сустрэцца з сямʼёй у будныя дні на шляху з працы да «хіміі», калі ў мяне было дзве гадзіны вольнага часу. Выйшла, што гэта былі ўсяго толькі словы, дзеяннямі яны не пацвердзіліся.

Мяне гэта вывела, і я проста зʼеў лыжку. Зламаў ручку і праглынуў яе.

Палітвязень Зміцер Кулакоў праглынуў лыжку ў знак пратэсту, калі быў на «хіміі». Шклоў. Беларусь, 12 чэрвеня. Фота з асабістага архіва

Я ўзяў вось гэты кавалачак, абмазаў хлебам, акунуў у алей, закінуў галаву, закінуў і ўсё. Там секунд 30 непрыемных адчуванняў і ўсё, не адчуваеш, што там у цябе ўнутры адбываецца.

Зʼеў, каб мяне забралі ў шпіталь. Выйшла сама, натуральным шляхам. Лекарам адразу не сказаў. Яны на паўторны здымак мяне павялі, а там яе няма. Лекар пытаецца: «Як ты глядзіш на выпіску?» Я папрасіў застацца, ці мала там нешта ўнутры, нейкія пашкоджанні. Ён пагадзіўся, што трэба прайсці абследаванне. Прыехаў супрацоўнік з «хіміі», малодшы опер. Пачаў казаць, што праблемы вялікія праз гэтую лыжку. Калі выйшла, давай на «хімію». Я сказаў, што буду пад наглядам. Ён патэлефанаваў старэйшаму, потым мы з ім выйшлі пакурыць. Хвілін праз пяць зайшлі ў аддзяленне і ўжо на пасту мне сястра аддае картку: «Ты ўжо выпісаны». Як? Калі толькі з лекарам размаўляў… Мабыць, старэйшы ўжо патэлефанаваў лекару і запатрабаваў, каб мяне выпісалі. Нават лекар не вызначае, здаровы ты ці не, а вызначаюць сілавікі».

Палітвязень Зміцер Кулакоў праглынуў лыжку ў знак пратэсту, калі быў на «хіміі». Шклоў. Беларусь, 12 чэрвеня. Фота з асабістага архіва

Першая спроба

«У снежні я збег першы раз. Але недалёка ад мяжы, у вёсцы, мяне затрымалі беларускія памежнікі, выпісалі штраф 10 базавых і перадалі супрацоўнікам Шумілінскага РАУСу.

Да гэтага я даў інтэрвʼю «Нашай Ніве» і пасля гэтага пачаліся ўздзеянні з боку адміністрацыі. Напэўна, ім прыходзілі загады з Дэпартаменту выканання пакаранняў, каб мы сядзелі спакойна, нікому нічога не казалі. Усё, што адбываецца на «хіміі», павінна заставацца на «хіміі».

Нават загадалі напісаць распіску, што больш нікому ніякіх інтэрвʼю даваць не буду. Я сказаў, што нічога пісаць не буду. Яны не ведалі, што рабіць, вось так і жылі ўвесь гэты час.

У адміністрацыі ёсць такія метады ўздзеяння, калі яны рукамі іншых асуджаных, якія не палітычныя, спрабуюць заткнуць табе рот і сутыкнуць лабамі. Супраць мяне гэта не працавала, пасля майго інтэрвʼю «Нашай Ніве» ў мяне з іншымі адбыўся канфлікт, але прайшло 2–3 дні, яны самі падыходзілі і прасілі прабачэння».

Палітвязень Зміцер Кулакоў, які збег з «хіміі» у Літву, разам са сваім малодшым сынам. Ратушная плошча, Вільня, Літва, 12 жніўня 2021 года.
Фота: ГР / Белсат

Адчуванні цяпер

«Цяпер я адчуваю сябе добра, я ў бяспецы, у бяспечнай краіне. Я магу цяпер выйсці на вуліцу і сказаць, што мне не падабаецца, і мне з-за гэтага нічога не будзе. Я не шкадую, што так адбылося. Я б зрабіў тое ж самае, толькі трошкі больш асцярожна, каб мяне не знайшлі. Нават больш паспрабаваў бы зрабіць. Магчыма, тады ўжо зусім іншы артыкул быў, зусім іншае пакаранне прыдумалі б. Але я не шкадую ні пра што. Шмат часу было страчана, калі 9 жніўня мяне пасадзілі на содні».

Палітвязень Зміцер Кулакоў разам з іншымі беларусамі ў Вільні дэманструе цішоткі Цэслера пад час мерапрыемства: «Рэвалюцыя з жаночым тварам» прысвечаны гадавіне жаночых пратестаў у Беларусі. Ратушная плошча, Вільня, Літва, 12 жніўня 2021 года.
Фота: ГР / Белсат

Пажаданне беларусам

«Беларусам трэба пажадаць рашучасці, і самае простае, што яны могуць зрабіць, – гэта сысці ў страйк. Можаце не пісаць нейкіх заяваў, атрымалі заробак – запіце на 2 тыдні. Не жадаеце піць – зʼездзіце ў вёску, да сваякоў, на лецішча, забудзьцеся пра гэтую працу. Два тыдні пройдзе, гэтыя прыкарытнікі зразумеюць, што вы настроены рашуча, а вас будуць мільёны. Яшчэ хочацца пажадаць, каб усе добрыя людзі за сваю дабрыню атрымалі ў адказ такую ж дабрыню ад такіх жа добрых людзей».

Hавiны
«Зборышча суцэльных крымінальнікаў». Хто робіць праект «Malanka Media»
2021.08.21 08:30
Гісторыі
Кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Марыя Мароз: Цешуся, што справа Сяргея Ціханоўскага жыве
2021.05.29 10:44
  • Зміцер Кулакоў адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 49 у Шклове. Яму прысудзілі 3,5 года за паведамленні міліцыянту ў суполцы «Лепель для жизни». Допіс расцанілі як «пагрозу гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі і абразу прадстаўніка ўлады».

Ганна Русінава belsat.eu

Стужка навінаў