«Тры дасягненні, якімі можа ганарыцца». З чым Украіна сустракае 30 гадоў незалежнасці ды якія гэта дае шанцы


30 гадоў таму Беларусь і Украіна аднавілі сваю незалежнасць ад Савецкага Саюзу. 24 жніўня сваю незалежнасць абвясціў украінскі народ, а на наступны дзень – і беларускі. Сёння, праз 30 гадоў, Беларусь апынулася ў міжнароднай ізаляцыі ды стала краінай, дзе «не да законаў». А як у гэтыя святочныя дні ўваходзіць суседняя Украіна?

Трансфармацыя грамадства

У каментары «Белсату» ўкраінскі палітолаг Алег Саакян назваў галоўным дасягненнем Украіны тое, што ідзе трансфармацыя грамадства: ад камуністычнай супольнасці да супольнасці дэмакратычнай. Праз некалькі рэвалюцый.

Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у парадзе ў гонар Дня Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2021 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

«Праз зняверанне ў шэрагу палітыкаў, якія прыходзілі на ўладны Алімп і ўжо пайшлі з яго, праз папулізм, праз засілле карупцыі і шмат іншых рэчаў. Але тым не менш, украінскае грамадства крочыць у бок развіцця паводле агульнаеўрапейскіх лякалаў і адпаведна ўласнай палітычнай традыцыі, якая была да савецкага перыяду», – заявіў палітолаг.

«Балючы, крывавы, але паказнік»

Другім дасягненнем суразмоўца belsat.eu лічыць тое, што «Украіне, вядома, з вялікімі выклікамі, атрымліваецца трансфармавацца эканамічна».

«Вельмі часта чуем маніпуляцыі, што Украіна не дасягнула ўзроўню ВУП савецкага часу. Але калі мы паглядзім на рэальныя лічбы, а не на палітычныя слоганы, то пабачым, што дабрабыт сярэдняга ўкраінца вырас у некалькі разоў адносна апошніх гадоў савецкага часу. А ўкраінскі ВУП вырас шматкроць да таго перыяду. Адпаведна, нягледзячы на перабудову эканомікі і страты таго, што было не ўкраінскім, а савецкім, нам атрымліваецца ствараць новую ўкраінскую эканоміку і Украіне развівацца, не зважаючы на выклікі вайны, грамадскіх узрушэнняў. Але калі параўнаць з той жа Грэцыяй, мы пабачым, што крызісы, якія выпадаюць на нашу галаву, мы праходзім нашмат лепш за шмат якія еўрапейскія грамадствы, якіх і меншыя выклікі выбівалі з каляіны», – мяркуе Алег Саакян.

Трэцім важным дасягненнем палітолаг назваў ратацыю палітычнай эліты.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вітае гледачоў падчас вайсковага параду ў гонар Дня Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2021 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

«У нас няма аўтакратаў, няма палітычных кланаў, няма ўзурпацыі ўлады. З усімі алігархічнымі і іншымі асаблівасцямі ў нас ёсць нармальны палітычны працэс. Адпаведна гэта не страчаныя мажлівасці, а наяўнасць новых мажлівасцяў у будучыні, якімі мы зможам або скарыстацца, або не скарыстацца і пайсці на чарговае штрафное кола. Выклікі ў выглядзе тэрытарыяльнай цэласці і акупацыі тэрыторыі Расеяй, у выглядзе вымагання ўласнага суверэнітэту ад Расеі – у сімвалічным, інфармацыйным і іншых прасторах – гэта доказ таго, што мы рухаемся ў правільным напрамку. Калі б гэтага ўсяго не было, то тады б, мабыць, трэба было б задумацца, ці мы сапраўды рухаемся», – адзначыў палітолаг.

На ягоную думку, «гэта балючы, крывавы, але паказнік таго, што Украіна стаіць на правільных рэйках, хоць рухаецца не толькі наперад, але часам і назад».

Украіна мае больш шанцаў

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук таксама лічыць адным з галоўных дасягненняў Украіны – «пабудову больш-менш дэмакратычнага рэжыму». Ён адзначыў, што тут ёсць добра развітая грамадзянская супольнасць, ёсць патрыятызм украінцаў, якія гатовыя бараніць сваю краіну коштам свайго жыцця, ёсць людзі, якія выразна ўсведамляюць сябе ўкраінцамі ды не прымаюць манаполіі на ўладу адной групоўкі.

«Палітычны плюралізм, нават адносная свабода медыяў, грамадская супольнасць – гэта тры дасягненні, якімі можа ганарыцца Украіна і якія ствараюць ёй магчымасць рухацца наперад для паўнавартаснай інтэграцыі ў еўрапейскую супольнасць», – заявіў ён.

Украінскія вайскоўцы маршыруюць падчас вайсковага параду ў гонар Дня Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2021 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

У эканоміцы, на ягоную думку, дасягненняў значна менш. У прыватнасці, не атрымалася зрэалізаваць рынкавую капіталістычную мадэль развіцця і быў сфармаваны алігархат, які перашкаджае развіццю краіны і стымулюе працоўную эміграцыю.

Разам з тым, мяркуе Яраслаў Раманчук, «Украіна праз палітычны пошук шляхоў развіцця мае больш шанцаў для таго, каб вылезці з пасткі беднасці».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў