Менск мэтанакіравана дабівае стасункі з Варшавай. Дзеля чаго?

Сёння ўжо ўся Польшча ведае, дзе размяшчаецца невялічкая вёска Уснаж-Гурны (Usnarz Górny), што ў Падляскім ваяводстве.

Жыхароў там усяго некалькі дзясяткаў, але шмат хто з іх ужо стаў зоркай у польскіх медыях. Уся завіруха – праз пару дзясяткаў мігрантаў, якія ўжо больш за дзесяць дзён застаюцца на мяжы. Варшава кажа, што прыйшлі з Беларусі ды застаюцца на беларускім баку. Назад вярнуцца не могуць, у Беларусь іх не пускаюць беларускія памежнікі ці прадстаўнікі іншых спецслужбаў. Наперад – таксама нельга, стаяць польскія памежнікі ды ўзброеныя жаўнеры польскага войска. Вось так і застыла сітуацыя, у Польшчы яе ўжо называюць патавай. Але гэта зусім не так. Кіраўнік Беларусі, пасадзіўшы сотні людзей за краты, не мусіць пераймацца штодзённай крытыкай медыяў, апазіцыяй, праваабаронцамі ці заявамі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Гэта зусім не пат, гэта шах Лукашэнкі польскім уладам.

На лініі паміж межамі Польшчы і Беларусі ўжо 12 дзён жывуць больш за трыццаць мігрантаў, па іх словах, з Афганістану. Сярод ёсць непаўналетняя, жанчыны і нават кот. Яны не могуць патрапіць да Польшчы, іх таксама не ўпускаюць і ў Беларусь. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

І ў Польшчы гэта хутка зразумелі – з улікам досведу суседняй Літвы. Перакінулі з іншых рэгіёнаў краіны памежнікаў і скіравалі на ахову мяжы каля тысячы жаўнераў, пачалі расцягваць калючы дрот і нават пастанавілі будаваць плот 2,5 м вышынёй, мае быць падобны да венгерскага, што паўстаў у 2015 годзе на мяжы з Сербіяй. Толькі вось Польшча не Беларусь, тут не прымусіш маўчаць. Апазіцыя не пакідае сухой ніткі на кіроўнай партыі і ўрадзе. Маўляў, не забяспечылі ў адпаведны спосаб ахову мяжы раней, а ў спешцы расцягнуты калючы дрот толькі псуе імідж Польшчы ў свеце. На памежнікаў і вайскоўцаў, якія не дазваляюць перадаваць імігрантам ежу і рэчы, накінуліся не толькі дэпутаты апазіцыйных партыяў Сейму, але і вядомыя праваабарончыя арганізацыі. Публіцысты і аналітыкі ў сацсетках каментуюць, маўляў, як жа так, не па-хрысціянску, не па-людску глядзець і нічога не рабіць. Чаму не прыняць і не абагрэць? Нават польскае каталіцкае духавенства заклікала не распальваць варожасці і падтрымала мігрантаў. А ўпаўнаважаны ў пытаннях правоў чалавека (незалежная ад уладаў інстытуцыя) заклікаў прапусціць часова мігрантаў праз мяжу.

На лініі паміж межамі Польшчы і Беларусі ўжо 12 дзён жывуць больш за трыццаць мігрантаў, па іх словах, з Афганістану. Сярод ёсць непаўналетняя, жанчыны і нават кот. Яны не могуць патрапіць да Польшчы, іх таксама не ўпускаюць і ў Беларусь. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Улады ж у Варшаве кажуць, што гэта пастка, і што калі дазволяць нелегальна перайсці мяжу гэта невялічкай групе людзей, заўтра з Беларусі можа прыйсці некалькі тысячаў. Маўляў, не паддавайцеся на правакацыю і не гуляйце паводле правілаў Лукашэнкі, якому ўдалося падагрэць эмоцыі ў грамадстве, сутыкнуць палякаў, ажывіць старыя антаганізмы. Варшава каардынуе дзеянні з Вільняй і Рыгай. У панядзелак нават з’явілася супольная заява прэзідэнтаў (да якой далучылася і Эстонія). Гаворка ў дакуменце ідзе пра «агрэсію з боку Лукашэнкі». Непакоіць Варшаву і тое, што крызіс на мяжы і расейска-беларускія манеўры «Захад-2021», якія распачнуцца неўзабаве, могуць мець нешта супольнае. Пакуль не вядома што.

Не вядома і што рабіць у гэтай сітуацыі. Падаецца, што Польшча і Прыбалтыка вырашылі рабіць тое самае – ставіць агароджу. Аднак будаўніцтва соцень кіламетраў плота – працэс не хуткі, зацягнецца прынамсі на некалькі тыдняў. А што рабіць з мяжой, якае ідзе па Бугу? Часу думаць зусім няма, нерэгулярныя мігранты прыходзяць ужо не толькі з краінаў Блізкага Усходу, кіпіць Афганістан. Білет на самалёт з Ташкенту да Менску можна набыць ужо за 200 еўраў. Падаецца, гатовага выхаду з сітуацыі на ўсходніх межах Еўропы не мае і Брусель. Так вынікае з супольнай заявы міністраў унутраных справаў краінаў ЕЗ, якая адбылася 18 жніўня. Традыцыйна выказваецца «моцная заклапочанасць сітуацыяй» і акцэнт ставіцца на перамовы з такімі краінамі, як Ірак. Кажучы папросту, Брусель хоча пераканаць Ірак не пускаць самалётаў у Менск. Але гэта таксама не выхад, бо прыляцець можна праз Стамбул ці Маскву.

На лініі паміж межамі Польшчы і Беларусі ўжо 12 дзён жывуць больш за трыццаць мігрантаў, па іх словах, з Афганістану. Сярод ёсць непаўналетняя, жанчыны і нават кот. Яны не могуць патрапіць да Польшчы, іх таксама не ўпускаюць і ў Беларусь. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Аднак пра перамогу Лукашэнкі ў распачатай ім гульні на мяжы, закладнікамі якой сталі жывыя людзі, казаць пакуль рана. Беларусь пасля пасадкі самалёту з Раманам Пратасевічам ізноў вярнулася ў польскі парадак дня. Нават крызіс на літоўскай мяжы не асабліва прысутнічаў у польскіх СМІ. Але калі мігранты пайшлі ў Польшчу (больш за 2000 спробаў нелегальнага пераходу за жнівень, 758 чалавек затрымалі і скіравалі ў закрытыя ўстановы, звесткі МУС Польшчы ад 18 жніўня) рэжым Лукашэнкі стаў не проста «суседняй дыктатурай», а «ворагам» і «агрэсарам». А гэта ўжо зусім іншы ўзровень абвастрэння польска-беларускіх адносінаў. Што застаецца: цалкам спыніць дыпламатычныя стасункі ці прыпыніць грузаперавозы праз мяжу? Але хто ад гэтага выйграе? Адназначна не Беларусь.

Фотарэпартаж
У пастцы паміж дзвюма краінамі з катом і пад рулямі аўтаматаў. Як уцекачы намагаюцца трапіць у Польшчу
2021.08.21 12:51
Аб’ектыў
Паміж дзвюх межаў
2021.08.20 20:58
Hавiны
Польшча прапанавала Беларусі дапамогу для мігрантаў, якія заселі пад польскай мяжой
2021.08.23 09:54
Hавiны
Лукашэнка звінаваціў Польшчу ў канфлікце з мігрантамі на мяжы. Ён «забыў» адну дэталь: адкуль яны
2021.08.23 13:33

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў