Колькі сёння той незалежнасці? Паразмаўлялі з палітолагамі і сацыёлагамі


30 гадоў таму Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР набыла статус канстытуцыйнага закону – Беларусь канчаткова зрабілася незалежнаю дзяржавай. Але наколькі яна незалежная цяпер?

Ці незалежная Беларусь або яна ператвараецца ў аўтаномію ў складзе Расеі?

Вядомы беларускі палітолаг, які просіць не называць ягонага імя, кажа, што Беларусь пакуль не аўтаномія ці калонія Расеі. Краіна несумненна залежная ад Расеі, але Аляксандр Лукашэнка не хоча ні з кім дзяліць уладу, адбіваецца ад «дыскамфортных патрабаванняў» Расеі, як то ад дарожных мапаў інтэграцыі ці расейскіх вайсковых базаў. Ды сітуацыя ў 2020 годзе пагоршылася: рэжым «спаліў масты» ў дачыненнях з Захадам, застаўся без заходніх грошай – абвастрылася патрэба ў расейскім падтрыманні. Рэсурсаў на супраціў расейскім патрабаванням толькі меншае, а Расея карыстаецца момантам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дэпутат апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі XII склікання Сяргей Навумчык згадвае выслоўе: «Незалежнасць цяжка здабыць і лёгка страціць». За незалежнасць змагаліся не адно стагоддзе, але практыка паказала: і страціць няпроста, як бы асобныя палітыкі ні намагаліся гэта зрабіць.

«Ёсць у народзе нешта такое, што не дазваляе інкарпараваць дзяржаву ў склад іншай краіны. Вось не ўдаецца!» – кажа Навумчык.

Былы кіраўнік Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, а цяпер навуковы супрацоўнік Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Генадзь Коршунаў кажа, што існуюць дзве Беларусі: «Беларусь народу» і «Савецкая Беларусь, якую выбудоўвае ўлада». Але падчас будаўніцтва другой улада «разбурае рэшткі дзяржавы» і шмат функцыяў пры гэтым аддае на «аўтсорс» Расейскай Федэрацыі.

Тое, што праўладныя эксперты называюць Лукашэнку «гарантам суверэнітэту», Коршунаў лічыць падменай паняткаў: Лукашэнка хвалюецца за сваю ўладу, і Расея яму дапамагае ў захаванні кантролю над тэрыторыяй. Народ Беларусі («і змагары, і ябацькі», адзначае сацыёлаг) тым часам пачаў адчуваць свой суверэнітэт мацней у 2018–2019 гадах, у 2020-м прага да суверэнітэту і адчуванне яго як абсалютнай каштоўнасці дасягнула новай вышыні.

Сацыёлаг Таццяна Вадалажская лічыць, што якраз з пачатку 2019 года назіралася новая хваля небяспекі страты незалежнасці ў «саюзнай дзяржаве». Яна нагадвае, што тады Уладзімір Мацкевіч, цяпер зняволены, распачаў кампанію «Свежы вецер», каб процістаяць гэтай небяспецы. І тады – яшчэ да выбараў-2020 – людзі сабраліся на вулічны пратэст і сталі ў «ланцугі салідарнасці».

Кіраўнік Кабінету Ціханоўскай Валер Кавалеўскі кажа, што за апошні год незалежнасць моцна пахіснулася, але год таму тая незалежнасць не была значна мацнейшай, чым сёння. Колішні дыпламат прапаноўвае паглядзець на замежнапалітычныя кантакты: толькі Расея застаецца сталым партнёрам Лукашэнкі, а гэта «аб’ектыўны індыкатар таго, што замежная палітыка Беларусі вельмі аслабленая і звужаная». Яшчэ адзін індыкатар – як хутка зруйнаваліся кантакты з Захадам пасля жніўня-2020: маўляў, «быў гнілы падмурак», прагматычныя інтарэсы без каштоўнаснай базы. Пры тым замежная палітыка заўсёды была непразрыстай, а гэта дазваляла Лукашэнку прасоўваць свае асабістыя інтарэсы – нярэдка за кошт незалежнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Кавалеўскі таксама прапаноўвае паглядзець на тое, як прымалі Ціханоўскую: за год наведала 25 краінаў, сустрэлася з лідарамі трох дзясяткаў краінаў.

«Гэта паказвае, наколькі незалежнасць і суверэнітэт Беларусі запатрабаваныя светам, наколькі гэтае прызнанне ідзе шырока і далёка, што Беларусь падтрымліваюць на такім узроўні», – робіць выснову Кавалеўскі.

Што пагражае незалежнасці Беларусі?

Вадалажская пералічвае тры чыннікі, якія пагражаюць незалежнасці.

  1. Якасць кіравання дзяржавай і эканомікай пагаршаецца, вымываюцца кадры актыўныя і скіраваныя на развіццё.
  2. «Саюзныя дамовы», якія, калі будуць рэалізаваныя напоўніцу, прынясуць значную страту незалежнасці.
  3. Кіраўніцтва дзяржавы, якое нічога не цэніць больш за сваю ўладу.

Найбольшай пагрозаю для суверэнітэту сацыёлаг Коршунаў называе ўладу Беларусі: «Яна ім і гандлюе, шукаючы выгодаў выключна для сябе, а не для краіны».

Палітолаг, які прасіў не называць ягонага імя, нагадвае, што цяпер, калі ўлады Беларусі не маюць заходняга падтрымання, Масква можа «праціснуць» стварэнне вайсковых базаў у Беларусі і падпісанне такіх саюзных праграмаў, якія мацней прывяжуць беларускую эканоміку да расейскай. А там могуць сказаць: «Глядзіце, якая ўжо высокая інтэграцыя, надышоў час уводзіць адзіную валюту і ствараць наднацыянальныя органы».

Навумчык кажа: незалежнасці пагражае тое, што Беларусь пры Лукашэнку застаецца ў «арбіце ўплыву» Расеі, і выйсце з-пад гэтага ўплыву – праблема № 1 для Беларусі. Ён прапаноўвае ўявіць, што было б з Беларуссю, калі б яна суседзіла з усходу з дэмакратычнай краінай з рынкавай эканомікай, пазбаўленай імперскіх амбіцыяў. Мытны саюз і ЕАЭС, вайсковы саюз АДКБ, дамова аб паветранай абароне і іншыя ўжо ўдарылі па інтарэсах і незалежнасці Беларусі, але апошні год, кажа Навумчык, наблізіў небяспеку інкарпарацыі, бо «Лукашэнка проста пачаў прадаваць суверэнітэт». Да таго ж, доўгатэрміновы эфект будзе мець знішчэнне грамадзянскай супольнасці, нават «базавых» арганізацыяў, якіз раней не чапалі (як Саюз пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Кавалеўскі называе аслабленае грамадства пад атакаю рэжыму рэальнай пагрозай незалежнасці ў сэнсе ўстойлівасці да вонкавых пагрозаў. Беларусі доўгі час бракавала ўдзелу грамадства ў вызначэнні прыярытэтаў і нацыянальных інтарэсаў – таму і палітыка ўладаў атрымалася адарваная ад нацыянальных інтарэсаў.

Ці пагражаюць незалежнасці санкцыі і непрызнанне Лукашэнкі? Кавалеўскі запэўнівае: наадварот. Гэта аслабляе Лукашэнку, а тое, як прымаюць Ціханоўскую як прадстаўніцу беларускага народу, паказвае: самыя ўплывовыя і магутныя краіны свету прызнаюць Беларусь як незалежную краіну, гатовыя яе падтрымліваць. Навумчык адзначае, што санкцыі – толькі вынік дзеянняў Лукашэнкі. Але Вадалажская нагадвае, што санкцыі – пагроза для ўладаў, ды калі дзейная ўлада страчвае здольнасць кіраваць, то ёсць «вялікі суб’ект, які б хацеў кіраваць на гэтай тэрыторыі».

А палітолаг Сяргей Нікалюк лічыць само пытанне пра незалежнасць другасным: кажа, абсалютна незалежных дзяржаваў ніколі не было і сёння быць не можа. Кожны саюз дзяржаваў абмяжоўвае суверэнітэт, накладае абавязкі, але «і Бог з ім, з гэтым дзяржаўным суверэнітэтам: нашмат важней, як жывецца пры гэтым людзям». Дзяржава, кажа ён, – гэта толькі інструмент забеспячэння грамадзянам годнага жыцця, эканамічных і палітычных правоў.

Нікалюк заклікае глядзець не проста на пагрозу ад аб’яднання з Усходам ці з Захадам, а на тое, што атрымаюць грамадзяне і ці пашырацца іхныя правы. Саюз з Расеяй ніякага пашырэння правоў беларусам не дае – і працэс абмежавання правоў «яшчэ далёка не скончыўся». А пры тым без расейскіх датацыяў, якія даходзілі да 25 % валавога ўнутранага прадукту, «гэтая беларуская мадэль – не жылец».

Як змянілася стаўленне беларусаў да незалежнасці сваёй краіны?

Шырокіх сацыялагічных даследаванняў таго, як беларусы ставяцца да незалежнасці, не было даўно. Але ў красавіку 2021 года «Chatam House» праз інтэрнэт апытаў амаль тысячу беларусаў і пабачыў: 48 % лічаць, што Лукашэнку абыякавая незалежнасць краіны і 44 % лічаць, што ён гандлюе незалежнасцю. 39 % назвалі Лукашэнку галоўнай пагрозай для незалежнасці. Толькі 27 % сказалі, што без Лукашэнкі не было б незалежнай дзяржавы. Больш за палову апытаных былі за тое, каб Расея не ўмешвалася ў беларускі палітычны крызіс. Толькі 7 % былі за ўваход Беларусі ў склад Расеі, 10 % былі за адзіную эканамічную прастору з адзінай замежнай палітыкай і войскам, 44 % былі проста за адзіную эканамічную прастору з Расеяй, 33 % – толькі за зону свабоднага гандлю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Палітолаг Нікалюк кажа, што калі былі рэгулярныя масавыя сацыялагічныя даследаванні, было відаць: колькасць ахвотных аб’яднацца з Расеяй пастаянна скарачалася, ужо гадоў пяць таму яна не перавышала 4–5 %. Ён тлумачыць: на гэта працуе сам факт стварэння беларускай дзяржавы. Калі чалавек у ёй жыве, то «прывучаецца» да незалежнасці краіны праз бытавыя і сацыяльныя практыкі (напрыклад, уладкаваць дзіця ў садок трэба паводле беларускіх законаў, а не расейскіх), праз пару дзясяткаў гадоў успрымае незалежнасць сваёй краіны як нешта натуральнае.

Нікалюк згадвае, як шмат гадоў таму напісаў артыкул «Беларускі нацыяналіст Лукашэнка». Кажа, і цяпер не адмаўляецца ад гэтых словаў. Але Лукашэнка – прыхільнік «дзяржаўнага нацыяналізму», стварэння дзяржавы не з грамадзянамі, а з падданымі. Гэта не этнічны нацыяналізм, у якім трэба размаўляць па-беларуску і звяртацца да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Паралельна з тым, тлумачыць ён, існуе «праект грамадзянскага нацыяналізму», у якім беларусы – гэта тыя, хто адчувае сябе грамадзянамі, адчуваюць адказнасць за краіну і гатовыя дзеля яе нешта рабіць. Але ёсць і вялізная колькасць людзей, якія ў адносінах з Расеяй хочуць «і рыбку з’есці, і ног не замачыць»: напрыклад, атрымліваць расейскі газ на ўмовах расейскага рэгіёну. Прыхільнікаў такога прагматычнага аб’яднання, кажа Нікалюк, будзе не менш за палову.

А Навумчык распавядае, як размаўляў з чалавекам, які казаў, што «было б добра, калі б прыйшоў Пуцін, замяніў бы Лукашэнку, была б тут Расея». Таго чалавека ён спытаў, ці хоча ён, каб ягоныя дзеці служылі ў расейскім войску, напрыклад, у Сірыі – і той аслупянеў, прызнаўся, што пра такое і не думаў.

Вадалажская звяртаецца да даследаванняў, якія паказалі, што за 2019 год істотна ўпала падтрымка інтэграцыі з Расеяй, з 60,4 % да 40,4 % . Яна тлумачыць, што тады людзі адчулі грамадзянскую адказнасць за незалежнасць, адчулі небяспеку інтэграцыі. Сёння, мяркуе яна, гэты паказнік зніжаецца яшчэ больш, накладаецца недавер да ўладаў Беларусі.

За апошнія 30 гадоў змянілася пакаленне, тлумачыць Коршунаў: напрыканцы існавання Савецкага Саюзу і падчас яго распаду былі вялікія ваганні адносна незалежнасці. Успаміны пра ўсё савецкае пэўны час заміналі развіцца адчуванню неабходнасці суверэнітэту. Гэта было выразна вілаць у сацыялагічных даследаваннях: у канцы мінулага стагоддзя гэтыя ваганні былі, потым пачалося асэнсаванне неабходнасці суверэнітэту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

А калі ў 2018–2019 гадах паўстала абмеркаванне дарожных мапаў з Расеяй і вострае пытанне аб суверэнітэце, людзі зрабілі выбар на карысць суверэнітэту, заяўляе Коршунаў. Потым, у 2020-м, падчас пандэміі, людзі зразумелі, што могуць самі пераадольваць свае праблемы: выйшла на паверхню і проста выбухнула сістэма гарызантальных стасункаў. Урэшце праз вялікую траўму і трагедыю людзі асэнсавалі сябе як нацыю, як «агульнае, што яднае». Ды пакуль новую суверэнную Беларусь выбудоўваюць, на жаль, у супраціве з дзейнай уладай.

Навумчык разважае: у Літве ці Латвіі, напрыклад, не трэба даказваць міністру абароны, што ёсць пагроза з боку Расеі і што трэба сябраваць з Захадам, што трэба бараніць нацыянальную ідэнтычнасць або сваю эканоміку. Ва ўладаў Беларусі, кажа ён, нацыянальных каштоўнасцяў зусім няма – яны бароняць інтарэсы дзяржавы настолькі, наколькі тыя супадаюць з іхнымі ўласнымі інтарэсамі. З камуністамі ў 1990-я, маўляў, яшчэ можна было дамовіцца, з гэтымі ўжо не.

Палітолаг, які прасіў не называць ягонага імя, заўважае, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады на хвалі настальгіі па Савецкім Саюзе, абяцаў «адкруціць час» і «вярнуць міфалагізаваны сацыялістычны рай». А цяпер дзеці расплачваюцца за выбар бацькоў, седзячы ў турмах ці ў вымушанай эміграцыі.

Кавалеўскі прапаноўвае паглядзець на ідэнтычнасць народу: на тое, як хутка ў 2020 годзе людзі прыйшлі да нацыянальнай сімволікі, і зрабілі гэта самастойна, без заклікаў палітыкаў, «арганічна». На ягоную думку, гэта паказвае, што імкненне да незалежнасці насамрэч заўсёды было на высокім узроўні, што незалежнасць Беларусі «вырастае ад людзей». А тое, як рэжым нападае на нацыянальную сімволіку, кажа Кавалеўскі, паказвае толькі, што гэтая ўлада акупацыйная і не дбае пра Беларусь як пра незалежную краіну.

АА belsat.eu

Стужка навінаў