«За якія грошы людзі абуюць і апрануць дзяцей!» Улады прызналі праблему ў агурочнай сталіцы Беларусі


Мясцовыя агуркі на цэнтральным рынку ў Берасці, Беларусь. 5 чэрвеня 2020 года.
Фота: Белсат

У сацыяльных сетках зʼявілася відэа, як жыхар агурочнай сталіцы Беларусі – аграгарадка Альшаны Столінскага раёну цісне агуркі сваім мікрааўтобусам.

Прычынай такіх паводзін аўтар відэа называе тое, што закупачная цана на агуркі ў Альшанах звалілася да 10 капеек за кілаграм. У выніку ён вырашыў вельмі эмацыйна расціснуць агуркі, над вырошчваннем якіх сам жа і працаваў. Відэа ўтрымлівае нецэнзурную лексіку.

Таксама ёсць відэа, як фура пераязджае адбракаваныя агуркі.

Як паведамляе «Першы Рэгіён», яшчэ пару тыдняў таму закупачныя цэны на агуркі ў Альшанах складалі 40 капеек. На рынку ў Берасці цяпер у розніцу пакупнік можа набыць ад 1 да 1,5 рубля. Некаторыя альшанцы кажуць, што не жадаюць так абясцэньваць сваю працу.

Падзеі на відэа пракаментавалі і ў Альшанскім сельвыканкаме.

«Нашы людзі настолькі паважаюць сваю працу, што такое ніколі не маглі б сабе дазволіць – ціснуць агуркі! Гэты ўкід у сетцы зрабіў чужы чалавек, які вырашыў хайпануць! Гэта быў фэйк!» – заявіла намесніца старшыні выканкаму Юлія Стрыбулевіч, піша БелТА.

Паводле яе, на відэа – адходы, якія збіраюцца і вывозяцца з рынку.

Hавiны
«Мы прадаем за бясцэнак, а нехта нажываецца». Чаму альшанскія фермеры выкідваюць агуркі?
2021.07.21 21:00

«Але праблемы са збытам ёсць, і не толькі агуркоў. У першую чаргу – пасленавых, асабліва таматаў і баклажан, якія раней у асноўным вывозіліся суседзямі. У гэтым годзе Расея забараніла іх экспарт. Нашы кансервавыя заводы не могуць столькі перапрацаваць, колькі мы вырошчваем. За якія грошы людзі абуюць і апрануць дзяцей да школы, калі кошт кіло агуркоў – 10 капеек!» – кажа чыноўніца.

Яна таксама прапанавала дапамагчы выйсці на расейскі рынак і паменшыць імпарт агародніны з Турцыі, Украіны, Расеі, бо «свае падзець няма куды». Паводле Стрыбулевіч, у Альшанах больш за 4 тыс. асабістых падсобных гаспадарак, уладальнікі якіх у асноўным семʼі, дзе ад 7 да 12 дзяцей (ёсць і па 15).

Hавiны
Знайшлі вірус. У Расею забаранілі ўвоз беларускіх памідораў
2021.07.24 17:37

МГ belsat.eu

Стужка навінаў