«У Беларусі ёсць дзве журналістыкі». Галоўрэд «Еўрарадыё» распавёў пра ўмовы працы медыяў


Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў даў інтэрв’ю відэапраекту «Мы вернемся» гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча пра працу журналістаў ва ўмовах пастаянных рэпрэсій, разгром рэдакцый, закрыццё карпункта «Еўрарадыё».

Павел Свярдлоў адзначыў, што «ў Беларусі ёсць дзве журналістыкі».

«Дзяржаўным журналістам усё можна. Яны ходзяць на суды. Яны могуць ледзь не з аховай з’яўляцца на масавых акцыях. Усе дзверы адчыненыя. Ім зліваюцца аператыўныя здымкі. Іх увогуле запрашаюць на допыты пакаянныя. З другога боку ёсць недзяржаўная журналістыка. Гэта людзі, якім прафесія фактычна забароненая», – заявіў ён.

Паводле яго, у краіне адбываецца сістэмная траўля недзяржаўных медыяў, іх працу ўсяляк абмяжоўваюць, а журналістаў рэпрэсуюць.

Дзяржаўныя ж журналісты, адзначыў Свярдлоў, працуюць у счэпцы з іншымі органамі ўлады, каб «захаваць адну адзіную вярхоўную ўладу». Хоць яны называюць сябе патрыётамі Беларусі, дачынення да краіны не маюць, бо працуюць на ўладу, падкрэсліў галоўрэд.

Ён адзначыў, што «Еўрарадыё» да закрыцця мела апошні карпункт еўрапейскага медыя, які працаваў у Беларусі. Цяпер засталіся карпункты толькі кітайскага агенцтва «Сіньхуа» і расейскіх медыяў.

Hавiны
Улады закрылі карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё» ў Беларусі
2021.07.05 12:39

Нагадаем, што пастанову Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб закрыцці ў Рэспубліцы Беларусь карэспандэнцкага пункту таварыства з абмежаванай адказнасцю «Еўрапейскае радыё для Беларусі» (Рэспубліка Польшча)» прынялі 2 ліпеня 2021 года і ўлучылі ў Нацыянальны рэестр 5 ліпеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў