«Першы быў смехатворны, другі – яшчэ больш смехатворны». Андрэй Дынько пракаментаваў выстаўленыя абвінавачанні


Андрэй Дынько, галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя».
Фота: baj.by

Галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько распавёў у Facebook пра сваё знаходжанне ў ізалятары і выстаўленыя абвінавачанні супрацоўнікам «Нашай Нівы».

Андрэй Дынько адзначыў, што яму спатрэбілася некалькі дзён, каб аднавіцца пасля вызвалення 21 ліпеня. У камеры ў яго была адна бутэлька, з якой ён піў, з якой мыўся і на якой спаў, замест падушкі 13 ночаў.

«На Акрэсціна сапраўдная катавальня. Усё прадумана для абесчалавечвання чалавека. Але ўсё гэта можна вытрымаць; і фізічна, і маральна чалавек мабілізуецца ў такіх умовах. Так што – спакойна. Я пэўны, што маіх калег таксама не зламаюць і не надломяць», – адзначыў ён.

Зараз Андрэй Дынько знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Тым не менш, ён пракаментаваў выстаўленыя яму і іншым нашаніўцам артыкулы абвінавачання: «Першы быў смехатворны, другі – яшчэ больш смехатворны». Сам ён «маральна гатовы ў любы момант ізноў апынуцца на тым свеце».

Дзясяткі затрыманых у справе ад «падрыве» Вілейскай РЛС

Галоўрэд распавёў, што на Акрэсціна «ў кожнай камеры па адным, сядзяць дзясяткі арыштаваных па справе аб «падрыве» антэны Вілейскай РЛС Расеі», пра якіх нічога невядома.

«Выснова тут такая: цяпер, калі легальная праца прафесійных журналістаў у Беларусі стала немагчымая, журналістам павінен стаць кожны беларус. Трэба каб усё трапляла ў СМІ, сацсеткі, каналы тыя ці іншыя. Інфармацыя, фоты, відэа – журналістам павінен стаць кожны», – заявіў ён.

Андрэй Дынько заклікаў рабіць «менш сімвалічных жэстаў, больш – практычных», каб «кожная капейка хай пападае тым, каму яна найбольш патрэбная».

Сваім сукамернікам ён чытаў лекцыі па гісторыі і цяпер задумаў кнігу на аснове іх.

Hавiны
Галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынька вызвалілі пад абавязанне аб яўцы
2021.07.21 18:51

Нагадаем, што галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу выданняў Андрэй Скурко і галоўны бухгалтар Вольга Раковіч былі затрыманыя 8 ліпеня.

Як паведаміў Следчы камітэт, усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК («Падрыхтоўка ці арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). 18 ліпеня, Марціновіча, Скурко і Дынько затрымалі ў другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэксу, абвінаваціўшы ў нясплаце камунальных паслугаў.

Вольгу Раковіч вызвалілі 16 ліпеня, Андрэя Дынько – 21-га. Астатнія нашаніўцы знаходзяцца за кратамі дагэтуль.

Артыкулы
Палітзняволеных супрацоўнікаў «Нашай нівы» падазраюць у нясплаце камунальных паслуг
2021.07.19 17:54

МГ belsat.eu

Стужка навінаў