Украіна і Малдова сталі кандыдатамі ў Еўразвяз. Што гэта дае і калі змогуць далучыцца цалкам?


Украіна і Малдова афіцыйна сталі кандыдатамі на сяброўства ў Еўрапейскім Звязе. Гэта дае ім істотныя перавагі ў параўнанні з ранейшым статусам. Праўда, шлях на далучэнне да аб’яднання можа быць вельмі доўгім і заняць нават не адно дзесяцігоддзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yves Herman / Reuters / Forum

Лідары Еўрапейскага Звязу 23 чэрвеня на саміце ў Бруселі зацвердзілі рашэнне надаць Малдове і Украіне статус кандыдатаў на ўступ.

«Гістарычны момант. Сёння вырашальны крок на вашым шляху ў ЕЗ. Віншую Уладзіміра Зяленскага і Маю Санду і народы Украіны і Малдовы. Наша будучыня разам», – напісаў у Twitter прэзідэнт Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Саміт ЕЗ таксама прызнаў еўрапейскую перспектыву Грузіі, што падала сваю заяўку адначасова з Малдовай, і гатовы надаць ёй статус кандыдата пасля выканання краінай шэрагу ўмоў.

«Вашы краіны зʼяўляюцца часткай нашай еўрапейскай сямʼі. І сённяшняе гістарычнае рашэнне лідараў гэта пацвярджае», – заявіла прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Што дае кандыдацтва

Малдове і Украіне нададзены паўнапраўны статус кандыдатаў – такі, які маюць шэраг краін Заходніх Балканаў і Турэччына. Цяпер іх стасункі з Еўразвязам пераходзяць у зусім іншую перспектыву – ад палітыкі суседства да палітыкі пашырэння. У краін павінна зʼявіцца дакладная дарожная мапа рэформаў, канчатковы шлях якіх – уступленне ў ЕЗ. Малдова і Украіна змогуць атрымаць доступ да фондаў, якія дапамогуць ім дасягнуць мінімальных еўрапейскіх стандартаў.

«Статус кандыдата адкрывае шлях да перамоваў з краінамі ЕЗ, а таксама мае рэпутацыйную выгоду, напрыклад, больш даверу ад патэнцыйных інвестараў, адмысловая інструменты для аднаўлення краіны пасля ваеннага канфлікту», – заявіла ў каментары «Белсату» палітолаг Кацярына Шмаціна.

Але далейшыя перамовы з Малдовай і Украінай будуць залежаць ад выканання шэрагу ўмоваў, звязаных з барацьбой з карупцыяй і ўмацаваннем вяршэнства закона. Еўракамісія плануе правесці першую адзнаку здольнасці праводзіць рэформы ў канцы 2022 года. Яна таксама прапанавала, каб Еўразвяз меў права адмяняць статус кандыдата ў выпадку, калі краіны парушаць свае абавязкі.

Што абавязалі зрабіць

У прыватнасці, Кіеў для захавання статусу кандыдата павінен:

  • прыняць і ўкараніць заканадаўства аб працэдуры адбору суддзяў Канстытуцыйнага суда, у тым ліку працэс папярэдняга адбору на падставе ацэнкі іх добрапрыстойнасці і прафесійных навыкаў, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Венецыянскай камісіі;
  • завяршыць праверку добрапрыстойнасці кандыдатаў у чальцы Найвышэйшай рады юстыцыі і адбор кандыдатаў у Найвышэйшую кваліфікацыйную камісію суддзяў Украіны;
  • узмацніць барацьбу з карупцыяй, у прыватнасці, на вышэйшым узроўні, завяршыць прызначэнне ўжо абранага на конкурсе кіраўніка Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры, правесці конкурс кіраўніка Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро і г.д.
  • забяспечыць адпаведнасць заканадаўства аб барацьбе з адмываннем грошай стандартам Групы фінансавых захадаў (FATF);
  • прыняць комплексны стратэгічны план рэфармавання ўсяго праваахоўнага сектара;
  • запусціць працу «антыалігархічнага» закону;
  • прывесці заканадаўства пра медыі ў адпаведнасць з еўрапейскім аўдыёвізуальным заканадаўствам;
  • завяршыць рэформу заканадаўчай базы для нацыянальных меншасцяў паводле рэкамендацыяў Венецыянскай камісіі і распрацаваць механізмы яе ўкаранення.

Малдова зможа прадоўжыць працэс еўраінтэграцыі пры ўмове, што яна:

  • завершыць рэформу сістэмы правасуддзя;
  • ухіліць недахопы ў сістэме юстыцыі, выяўленыя БДІПЧ/АБСЕ і Радай Еўропы/Венецыянскай камісіяй;
  • выканае абавязкі барацьбы з карупцыяй на ўсіх узроўнях;
  • актывізуе курс на «дэалігархізацыю», устараніўшы негатыўны ўплыў фінансавых групаў у эканамічным, палітычным і грамадскім жыцці;
  • узмоцніць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю;
  • павысіць здольнасць праводзіць рэформы і надаваць якасныя дзяржаўныя паслугі, у тым ліку з дапамогай рэалізацыі рэформы дзяржаўнага кіравання;
  • завершыць рэформу кіравання дзяржаўнымі фінансамі, уключаючы паляпшэнне працэдуры закупак на ўсіх узроўнях улады;
  • павялічыць удзел грамадзянскай супольнасці ў працэсах прыняцця рашэнняў на ўсіх узроўнях;
  • узмоцніць абарону правоў чалавека, асабліва ўразлівых групаў, і выканае свае абавязкі ва ўмацаванні гендарнай роўнасці і барацьбе з гвалтам адносна жанчын.

Як доўга краіны далучаюцца да Еўразвязу

На сённяшні дзень у Еўразвяз уваходзяць 27 краінаў. Яго заснавальніцамі з’яўляюцца шэсць краінаў: Бельгія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Нямеччына і Францыя. Да іх у 1970-я гады далучыліся Вялікая Брытанія (выйшла ў 2020-м), Данія і Ірландыя, у 1980-я – Грэцыя, Іспанія і Партугалія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Johanna Geron / Reuters / Forum

У 1990-я чальцамі Еўразвязу сталі Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Найбуйнейшая пашырэнне ЕЗ адбылося ў 2004 годзе, калі да аб’яднання далучыліся адразу дзесяць краінаў: Вугоршчына, Кіпр, Літва, Латвія, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія і Эстонія. Пасля чальцамі Еўразвязу сталі таксама Балгарыя, Румынія і Харватыя.

Час ад моманту падачы заяўкі да ўступлення ў Еўразвяз часам адрозніваецца вельмі моцна. Напрыклад, Швецыя здолела прайсці гэты шлях за 3,5 гады, а Мальта і Кіпр – амаль за 14.

Украіна і Малдова даволі хутка прайшлі шлях ад падачы заяўкі да атрымання статусу кандыдата. Пра сяброўства ў ЕЗ яны папрасілі 28 лютага і 3 сакавіка адпаведна, а ўжо 23 чэрвеня афіцыйна сталі кандыдатамі. У Турэччыны, напрыклад, толькі на гэта сышло 12,5 гадоў.

Апроч Малдовы і Украіны, статус кандыдата маюць згаданая Турэччына (з 1999 года), Паўночная Македонія (з 2005-га), Чарнагорыя (з 2010-га), Сербія (з 2012-га) і Албанія (з 2014-га).

Пры гэтым статус кандыдата не азначае аўтаматычнага пачатку перамоваў аб уступленні краіны ў Еўразвяз: гэта ўжо наступны этап, пра яго трэба дамаўляцца асобна. Напрыклад, Паўночная Македонія мае кандыдацкі статус з 2005 года, але афіцыйныя перамовы аб уступленні з ёй пачаліся толькі праз 15 гадоў.

Да таго ж да Украіны яшчэ ніводная краіна не атрымлівала статус кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз, пакуль на яе тэрыторыі вяліся актыўныя баявыя дзеянні.

«Украіне і Малдове, у адрозненні ад іншых краінаў-кандыдатаў, не прапанавалі пачаць перамовы з краінамі ЕЗ, нават калі яны выканаюць рэформы. Верагодна, перамовы пачнуцца пасля сканчэння бягучага канфлікту з Расеяй, або прынамсі з’явіцца больш яснасці наконт працягласці і маштабу вайны», – кажа Кацярына Шмаціна.

«Працэс можа займаць гады і дзесяцігоддзі»

Пра тое, што шлях у Еўразвяз ва Украіны можа быць вельмі доўгім, нагадалі і прадстаўнікі іншых краінаў, якія яшчэ раней атрымалі статус кандыдата.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valeria Mongelli / Zuma Press / Forum

«Я спадзяюся, што ўкраінскі народ не строіць вялікіх ілюзіяў. Паўночная Македонія мае статус кандыдата на працягу 17 гадоў, калі не памыляюся, а Албанія – ужо восем гадоў, так што сардэчна вітаем, Украіна!» – прывітаў атрыманне Украінай статусу кандыдата прэмʼер-міністр Албаніі Эдзі Рама.

З тым, што «працэс можа займаць гады і дзесяцігоддзі», згодная і Кацярына Шмаціна.

«Але ўсё залежыць ад палітычнай волі – калісьці Літву хацелі пасунуць у наступную кагорту на далучэнне, але дзякуючы намаганням літоўскіх палітыкаў атрымалася ўступіць разам з краінамі-суседкамі. Турэччына атрымала статус кандыдата ў 1999 і працэс дагэтуль, мякка кажучы, не рухаецца і рухацца наўрад ці будзе», – кажа палітолаг.

Не выключае яна і таго, што Украіна можа страціць свой статус кандыдата, калі не выканае абавязкі рэформаў. Тым больш, што «Украіна – вельмі вялікая краіна, якая да таго ж зараз уцягнутая ў вайну з Расеяй». Дый зацягванне кандыдацкага статусу Кіева будзе выгоднае Расеі, мяркуе Кацярына Шмаціна.

«Але ж запрашэнне Украіны да больш шчыльнай еўраінтэграцыі ў гэты неспакойны час мае наўпроставы мэсідж Бруселю да Крамля, аб тым, што Еўразвяз бярэ адказнасць і дапамагае краінам-суседкам. Калі працэс еўраінтэграцыі для Украіны замарудзіцца, з улікам адвагі і стратаў украінскага народу, гэта будзе істотнай рэпутацыйнай стратай для Еўразвяза як да рэгіянальнага актара», – падкрэсліла палітолаг.

Не раней як у 2029 годзе

Не чакаюць хуткага ўступлення ў Еўразвяз і самыя ўкраінскія ўлады. Як распавяла генеральная дырэктарка Урадавага офісу каардынацыі еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Наталля Фарсюк, Украіна можа ўступіць у ЕЗ не раней за 2029 год.

Яна падкрэсліла, што неабходна прыняць і імплементаваць вялікую колькасць заканадаўства, каб «жыць паводле еўрапейскіх законаў».

Напачатку 2023 года ў Кіеве чакаюць пачатак перамоўных працэдураў, якія будуць датычыцца ўступлення Украіны ў ЕЗ.

А што Беларусь?

Вітаючы наданне кандыдацкага статусу для Украіны і Малдовы, дэмакратычныя сілы Беларусі заклікалі не забывацца пры гэтым і на Беларусь і адлюстраваць «еўрапейскую перспектыву для Беларусі пасля дэмакратычных пераменаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Omer Messinger / Zuma Press / Forum

Паводле сумеснага звароту Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Каардынацыйнай рады і іншых дэмакратычных арганізацыяў, «у Беларусі павінна быць еўрапейская перспектыва, якая таксама мусіць быць прызнаная ЕЗ», бо «на працягу ўсёй гісторыі Беларусь удзельнічала і рабіла свой унёсак у развіццё Еўрапейскай цывілізацыі».

«Зараз, калі ЕЗ разглядае заяўкі з нашага рэгіёну, надышоў зручны момант таксама прызнаць і пацвердзіць еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Гэта стане асновай для прыняцця рашэнняў аб формах узаемадзеяння паміж беларускім народам і ЕЗ, што прывядзе да падтрымання бяспечнай, дэмакратычнай і квітнеючай Еўропы», – заяўляюць беларускія дэмакратычныя сілы.

Ці зможа Беларусь далучыцца да Еўразвязу, калі падзе рэжым Лукашэнкі, «будзе залежыць ад пазіцыі новага беларускага ўраду, спадзяюся дэмакратычнага», мяркуе Кацярына Шмаціна.

«Сёння з боку ЕЗ падтрымка праеўрапейскага шляху ёсць, а ці застанецца яна паслядоўнай і ці зможам на яе разлічваць, калі Беларусь стане вольнай – пакажа час», – заключыла палітолаг.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў