У сваякоў Сяргея Бульбы правялі ператрус – за ягоныя выступы на ўкраінскай тэлевізіі


Ператрус тлумачылі тым, што Сяргей Бульба мусіць «заткнуцца» са сваімі выступамі на ўкраінскай тэлевізіі.

Сяргей Бульба.
Фота: robim.live

Колішні кіраўнік «Белага легіёну», адзін з заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў Сяргей Бульба расказаў «Белсату», што ў яго ўдома ў Менску прайшоў ператрус. Сам ён з 2014 года жыве ва Украіне, цяпер займаецца там грамадзянскай арганізацыяй «Беларусь 2.0. Робім разам».

Паводле Сяргея Бульбы, на ператрус байцы ГУБАЗіКу прывезлі ягоную сястру, а таксама забралі з-пад Валожыну і прывезлі на ператрус у Менск 77-гадовую маці. Іх моцна «зашугалі», кажа Сяргей, у маці ад нерваў адняліся ногі. Таксама блізкіх прымусілі запісаць нейкае пакаяннае відэа, якое байцы ГУБАЗіКу абяцалі выслаць Сяргею асабіста.

«Хай ён там заткнецца»

З чым менавіта звязаны ператрус, Сяргей не ведае: апошнім часам ён не рабіў чагосьці, чаго не рабіў месяц ці два таму, ён не ўваходзіць у Полк Каліноўскага ці іншыя фармаванні беларусаў і «не бегае з аўтаматам». Але, сцвярджае Бульба, байцы ГУБАЗіКу сказалі ягоным сваякам, што «хай ён там заткнецца, а то зашмат казаць стаў».

«Мая публічная дзейнасць зводзілася апошнім часам да таго, што амаль кожны дзень я даю на ўкраінскіх тэлеканалах нейкія інтэрв’ю, – разважае ён. – Перш за ўсё я падымаю пытанне несуб’ектнасці Лукашэнкі, што не Лукашэнка вырашае, уводзіць ці не ўводзіць беларускія войскі, гэта Пуцін вырашае. А Пуцін мае дастаткова інфармацыі, што яны не гатовыя, што будуць здавацца і пераходзіць на бок Украіны.

Крайнімі днямі падымаў пытанне падрыхтоўкі правакацыяў на польскай ці літоўскай мяжы, што яны будуць Пуціну цікавыя – змадэляваць лакальны канфлікт Беларусі з адной з краінаў NATO».

Артыкулы
За вашу і нашу свабоду. Якія вайсковыя падраздзяленні стварылі беларусы для абароны Украіны
2022.04.13 17:02

Сваякі цяжка перанеслі гэты ператрус і прасілі Сяргея змоўкнуць, а з’язджаць з Беларусі па-ранейшаму не хочуць. Але ён згадвае свае мінулыя затрыманні – у тым ліку тое, як у 2007 годзе яго арыштоўвалі пасля тэракту на Дзень Рэспублікі і ладзілі ператрус удома і на лецішчы.

Ён таксама згадвае «справу Белага легіёну» ў 2017 годзе – было шмат дарадцаў, якія казалі маўчаць і нічога не казаць. Але Сяргей Бульба згадвае, як тады Аляксандр Фядута, які ўжо сам пабываў у няволі, тэлефанаваў яму, прапаноўваў дапамогу і казаў не маўчаць, а «біць ва ўсе званы», каб затрыманыя не сядзелі «да скону веку».

За дзень да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны «Белсат» публікаваў каментар Сяргея Бульбы адносна таго, чаму беларускае войска не паўстала на абарону беларускага народу з-за рэпрэсіяў 2020 года. На згадку гэтага Сяргей Бульба адзначае, што цяпер яму асабліва неспакойна: можа нешта адбыцца ў выніку візіту Аляксандра Лукашэнкі да Уладзіміра Пуціна (першы прыляцеў да другога ўчора), а з тым можа быць звязаная і актыўнасць сілавікоў.

Аналітыка
Чаму «абаронцы Айчыны» не ўсталі на бок беларускага пратэсту ў 2020 годзе?
2022.02.23 13:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў