У Кіеве затрымалі беларускую праваабаронцу Анісію Казлюк. Умяшаўся Офіс Святланы Ціханоўскай


Беларускую праваабаронцу Анісію Казлюк затрымалі ў Кіеве, калі яна выходзіла з цягніка. Прычынаю сталася адсутнасць віду на жыхарства ва Украіне, якое цяпер беларускім грамадзянам не выдаюць увогуле.

Анісія Казлюк.
Фота: Анісія Казлюк/Facebook

«Я сяджу ў Кіеве, у пастарунку. Мяне затрымалі за нелегальнае прабыванне ва Украіне. Цяпер у мяне забралі пашпарт, каб я «не згубілася».

23 лютага я атрымала пячатку аб падаўжэнні тэрміну легальнага прабывання ва Украіне. З таго часу і да чэрвеня дакументы не прымалі. Кожны з вас бачыў, што беларусаў імкнуцца выстаўляць з Украіны, паглядзім, чым скончыцца мой кейс», – напісала дзяўчына ў «Facebook».

Паліцыю на дзяўчыну выклікала правадніца. Анісію адвезлі ў аддзяленне паліцыі, а затрыманне патлумачылі нібыта нелегальным прабываннем ва Украіне, аднак падчас ваеннага стану тэрмін дзеяння ўсіх дакументаў працягваецца аўтаматычна.

Цяпер дзяўчына чакае рашэння. Анісіі пагражае штраф і патрабаванне выехаць з Украіны, як гэта было з іншымі беларусамі ў такіх выпадках.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў, што яны сочаць за справай Анісіі і ўжо вырашаюць пытанне з уладамі Украіны.

Пасля кіраўнік Офісу Святланы Ціханоўскай у Кіеве Валер Кавалеўскі паведаміў, што бліжэйшым часам Анісію Казлюк павінны адпусціць, высылкі з Украіны не будзе, а сітуацыя павінна развязацца станоўча.

Каля 17:30 стала вядома, што Анісію Казлюк адпусцілі.

У 2018-м 21-гадовая Анісія трапіла ў спіс самых перспектыўных асобаў Еўропы да 30 гадоў у намінацыі «Права і палітыка» паводле версіі часопісу «Forbes». У пачатку 2021-га яна адсядзела на Акрэсціна 17 содняў без перадачаў, яе затрымалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ды непадпарадкаванне.

Артыкулы
Беларусы маюць праблемы з легалізацыяй ва Украіне: штрафы, дэпартацыя, ігнараванне
2022.06.09 15:08

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў