Праваабаронца: Катаванні – гэта праблема, якая будзе датычыць усіх


Праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваў тры справаздачы пра стан пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі апошніх гадоў. Прадстаўнікі арганізацыі прэзентавалі гэтыя даклады ў Вільні 24 чэрвеня. Мы пагутарылі з юрыстам «Вясны» Паўлам Сапелкам пра тое, нашто патрэбныя цяпер такія справаздачы і наколькі поўная карціна цяперашняй сітуацыі з іх адлюстроўваецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У дзень так званага «рэферэндуму» дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Па стане на 28 лютага, праваабаронцам вядомыя імёны 770 затрыманых. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Тры грунтоўныя працы можна знайсці на сайце «Вясна»: «Крымінальны пераслед праз палітычныя матывы. Беларусь 2021–2022 гг.»; «Месцы няволі ў Беларусі, даклад за 2020–2021 гг.» і «Палітычна матываваныя адміністратыўныя працэсы: стандарты і рэальнасць у Беларусі за 2021–2022гг». Агулам на 149 старонках эксперты аналізуюць звесткі пра матываванасць прысудаў, парушэнне заканадаўства, пераслед палітычна актыўных асобаў, пра ўмовы ўтрымання, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з затрыманымі.

«Прэзентацыя адразу трох справаздачаў абумоўленая тым, што паўсюль ёсць месца катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню», – падкрэсліў Павел Сапелка.

Крымінальны пераслед

У справаздачы «Крымінальны пераслед праз палітычныя матывы. Беларусь 2021–2022 гг.» раздзел пра катаванні займае самае вялікае месца. Там змешчаныя больш за 40 гісторыяў, сярод якіх ёсць як знаныя асобы (Вольга Залатар, Сцяпан Латыпаў, Мікола Дзядок ды іншыя), так і малавядомыя:

«Гэта звязана з тым, што фігуранты крымінальных справаў заявілі пра катаванні ў судах. Некаторыя заяўлялі пасля судоў. Да таго мы не маглі даведацца гэтай інфармацыі», – тлумачыць праваабаронца.

«Абвінавачаны Яўген Прапольскі заявіў у судзе, што яго затрымалі, калі ён выходзіў з інтэрнату на сустрэчу з дзяўчынаю. Пры затрыманні ў яго знайшлі электрашокер, які ён насіў для самаабароны:

«Мяне прымушалі пісаць прызнанне на імя начальніка УСК, – распавёў ён. – Мне пагражалі, катавалі – білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заявы. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было блага, кружылася галава, была адбітая нага».

Паводле справаздачы катаванні мелі розныя мэты: некаторых затрыманых збівалі, каб тыя сведчылі супраць сябе, разблакоўвалі тэхніку, пагаджаліся запісваць «пакаянныя» відэа. Часам катаванні адбываліся толькі таму, што сілавікі маглі сабе гэта дазволіць. У дакуменце можна заўважыць, што скаргаў на катаванні суддзі не прымалі да ўвагі, а звароты зняволеных у Следчы камітэт не мелі плёну.

Артыкулы
Як у Беларусі катуюць палітвязняў. 10 гісторыяў пра нечалавечае стаўленне
2022.06.21 12:45

Адміністратыўныя справы

У справаздачы пра адміністратыўныя працэсы – безліч гісторыяў пра парушэнні правоў і пра нечалавечае абыходжанне пры затрыманні, у аддзелах міліцыі, у ІЧУ. Часцей за ўсё, гэта ананімныя аповеды, бо людзі вымушаныя дзеля бяспекі хаваць сапраўдныя імёны.

«Дзяўчат, якія з імі размаўлялі не паводле іхных правілаў, білі па нагах (з апавяданняў самых дзяўчат), давалі дзён больш (гэта факт) і па два пратаколы (гэта і содні, і штраф)», – з расповеду Карыны праваабаронцам. Яе затрымалі на антываенным маршы. Пра свой досвед у Жодзіне яна распавядае так: «Дзяжурныя вывелі некалькі мужчынаў у душ, замкнулі іх і залілі пярцовым газам. Але гэты газ праз вентыляцыйную трубу трапіў і ў астатнія камеры на паверсе. Хлёркі не залівалі, але газ з балончыка па вентыляцыі дайшоў і да нас. Кашлялі мы «знатна», як і ўвесь паверх».

Калі гаварыць пра катаванні, то найперш гаворка пра ўмовы ўтрымання арыштаваных.

Затрыманы на ўчастку для галасавання 27 лютага Максім распавядаў, што ў адной камераў, дзе ён быў, на 4 месцы было 16 чалавек, а ў другой на 6 месцаў было 36 чалавек, у камеру залівалі хлёрку: «Тэмпература паветра была каля 30 градусаў, па сценах цёк кандэнсат. Вокны і «кармушка» былі зачыненыя. Цэлы дзень нам давалі ўсяго дзве порцыі ежы на 16 чалавек. Казалі, што астатнія мусілі нібыта з’ехаць у Жодзіна, і для іх харчаванне не прадугледжанае».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«У меншым аб’ёме, чымся ў 2020 годзе, але выкарыстоўвалася практыка размяшчэння затрыманых у месцах, спецыяльна не прыстасаваных для ўтрымання. Гэта парушае працэсуальныя правы затрыманых, а таксама ў пэўных выпадках – права не зазнаваць забароненыя віды абыходжання», – гаворыцца ў справаздачы «Палітычна матываваныя адміністратыўныя працэсы: стандарты і рэальнасць у Беларусі за 2021–2022 гг.».

Праваабаронцы фіксуюць не толькі катаванні, але і іншыя правапарушэнні ў дачыненні затрыманых. Праз тое, што адміністратыўныя справы збольшага разглядаюцца онлайн, падсудныя часам не бачылі суддзі, не маглі разабраць, што гаворыць, альбо праз кепскую сувязь яны самі не маглі данесці сваёй пазіцыі наконт справы. Таксама былыя арыштанты распавядалі, што на некалькіх працэсах быў адзін і той жа сведка, хаця арыштаваных затрымлівалі ў розных месцах.

«З 528 грамадзянаў, прыцягнутых да адміністратыўнай адказнасці, 219 не змаглі азнаёміцца ў поўным абʼёме з матэрыяламі справы; у гэтую колькасць уваходзяць тыя, каму матэрыялы справы далі бегла прагледзець непасрэдна перад разглядам справы. 68 чалавек не азнаёмленыя нават з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэнні», – паведамляюць у справаздачы.

Узровень гвалту, які складана перасягнуць

Праваабаронца адзначае, што ў параўнанні з 2020 годам выпадкаў катаванняў стала меней, але ўзровень застаўся той жа:

«Такіх масавых захопаў удзельнікаў пратэстаў не адбываецца, але з гледзішча сутнасці ні адзін чалавек у зняволенні не адчувае сябе ў бяспецы, абароненым ад катаванняў і забароненых відаў абыходжання. Гэта засталося на ўзроўні другой паловы 2020 года. Мы дагэтуль бачым, што супрацоўнікі МУС і КДБ не спыняюцца перад фармальнымі забаронамі, артыкуламі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Гэтыя нормы цяпер зусім не працуюць. Людзі безабаронныя, могуць у любы момант пацярпець ад катаванняў і жорсткага абыходжання. Таму з’яўляюцца звесткі пра новых і новых ахвяраў».

Звяртаецца ўвага на тое, як абыходзіліся з затрыманымі ўдзельнікамі антываенных пратэстаў 27–28 лютага 2022 года. Да іх выкарыстоўвалі, так бы мовіць, адпрацаваныя два гады таму практыкі здзекаў:

«Мы бачылі, што троху ў іншым маштабе, але паўтарылася сітуацыя жніўня 2020 года, калі затрыманых збівалі. І асобная размова – гэта ўтрыманне арыштаваных, для якіх ствараюць жахлівыя, бесчалавечныя ўмовы: яны пазбаўленыя месцаў для сну, прадметаў першай неабходнасці. Калі да іх змяшчаюць бяздомнікаў, якія не прайшлі санітарнага апрацоўвання, калі ў камеры заліваюць хлёрку, калі проста брутальна збіваюць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні на станцыі метро Каменная горка. Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат

Пакуль грамадскасці не вядома ніводнай справы, якую завялі па факце катаванняў супраць сілавікоў. На думку Паўла Сапелкі, такая беспакаранасць мае свае наступствы:

«У 2020 годзе быў такі высокі ўзровень гвалту, які складана перасягнуць. Пратэсты здушаныя, але калі супрацоўнікі сілавых ведамстваў могуць рабіць што захочуць і заставацца беспакаранымі, гэта параджае далейшую эскалацыю гвалту».

Звесткі, якіх пакуль няма

Некаторыя звесткі цяпер нельга спраўдзіць. Гэта датычыць не толькі канкрэтных выпадкаў катаванняў. Улады Беларусі не абнаўляюць інфармацыі пра колькасць зняволеных з 2019 года.

Праваабаронца звярнуў увагу, што ацэнкі «Вясны» на сёння нельга лічыць поўнымі, бо шмат людзей, хто атрымаў тэрміны зняволення паводле крымінальных артыкулаў, пакуль не могуць распавесці.

«Шмат выпадкаў нам сталі вядомыя падчас разгляду крымінальных справаў у судах. Калі людзі праз месяцы здолелі распавесці пра перажытае ў судзе. Я падазраю, што гэта далёка не ўсё, што яны маглі б распавесці і далёка не ўсе распавялі. Некаторых надзейна схавалі за замкнёнымі дзвярыма на закрытых судовых паседжаннях. На жаль, мы можам меркаваць, што гэтыя звесткі яшчэ будуць паступаць у парадку таго, як людзі будуць выходзіць з месцаў зняволення, будуць перадаваць нейкімі вакольнымі шляхамі звесткі пра тое, што з імі адбывалася.

Мала таго, мы будзем даведвацца пра катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні палітвязняў непасрэдна ўжо ў месцах зняволення. Цяпер мы атрымліваем адзінкавыя звесткі. Мяркую, іх будзе значна больш, але пакуль людзі за тоўстымі сценамі і калючым дротам, без спатканняў з роднымі, альбо гэтыя спатканні праходзяць пры ўмове не агалашаць звестак, што могуць скампраметаваць улады», – распавёў Павел Сапелка.

Нават тыя, хто ўжо на волі, не заўжды гатовыя распавесці пра катаванні, бо расповед пра такі траўматычны досвед шмат хто намагаецца хутчэй забыць.

«Катаванне – гэта вялікая комплексная праблема. Некаторыя не могуць распавесці, некаторыя не хочуць. Але гэтая праблема будзе датычыць усіх нас. Гэтыя людзі будуць вяртацца да нас у грамадства, у іх будзе траўмаваная псіхіка, і нам выпадзе разам жыць. Вельмі істотна, каб яны гаварылі пра свае пакуты са спецыялістамі.

Дарэчы, «Вясна» прапаноўвае дапамогу спецыялістаў тым, хто распавядае нам свае выпадкі, хто проста звяртаецца да нас, хто просіць дапамогі», – падкрэсліў праваабаронца.

Паводле эксперта, цяперашнія справаздачы – гэта толькі частка агульнай карціны, праблемы, з якою сутыкаюцца людзі пры кантакце з сілавікамі і ў зняволенні:

«Калі мы кажам, што маем звесткі пра 40 выпадкаў [катаванняў асобаў, якія цярпяць ці пацярпелі ад крымінальнага пераследу. – Заўвага рэд.], то гэта тыя гісторыі, якія нам дазволілі абнародаваць ці хаця б не забаранілі з імі працаваць. Але шмат выпадкаў, пра якія мы не ведаем і пра якія не можам гаварыць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш пратэсту пад назваю «Народная інаўгурацыя», які стаў адказам грамадства на неансаваную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, якая адбылася 23 верасня. Менск, Беларусь. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Юрыст адзначыў, што, верагодна, «Вясна» зробіць асобныя даследаванні пра катаванне жанчын і іншых уразлівых групаў насельніцтва:

«Цяпер асобна мы гэтага не адзначалі, але на сёння мы не ўсе аспекты даследавалі. Пераслед жанчын і злачынствы ў дачыненні жанчын – гэта можа стацца тэмаю нашых даследаванняў. Мы паўсюль адзначаем, што ёсць уразлівыя групы, якія асабліва цярпяць ад жорсткага абыходжання – гэта жанчыны, дзеці, прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці, людзі з інваліднасцю, людзі сталага ўзросту ды іншыя.

Для некаторых пэўныя з відаў стаўлення могуць быць проста жорсткім абыходжаннем, для людзей уразлівых групаў гэта катаванні.

Калі, напрыклад, прымушаюць прысядаць ці адціскацца, што шмат дзе практыкуецца. Здароваму чалавеку гэта будзе непрыемна, прыніжальна, вядома, але для чалавека з праблемамі са здароўем гэта ўжо будзе катаваннем. Менавіта таму мы не пералічваем, як здзекуюцца з людзей. Рэч менавіта ў тым, што штосьці не ёсць катаваннямі для адных катэгорыяў, але робіцца жорсткім катаваннем для іншых».

Hавiны
Катаванні жанчын. Сілавікі маюць больш варыянтаў для ціску
2022.06.22 14:25

Парады рэжыму

У справаздачах праваабаронцы не толькі аналізуюць сабраныя імі звесткі, але і даюць парады, як выправіць такія сітуацыі. Рэкамендацыі адрасаваныя органам заканадаўчай і выканаўчай улады, але надзеі на тое, хто да іх прыслухаюцца, вельмі мала.

«Калі шчыра, гэтыя рэкамендацыі гучаць вельмі фармальна, бо цяпер мы не чакаем супрацы з уладамі ў гэтым напрамку. Раней мы лічылі гэта істотнаю часткаю справаздачы і спадзяваліся, што ўлады будуць хоць у нейкай ступені гэта выконваць. Цяпер такіх спадзяванняў усё менш. Мы не бачым перадумоваў, каб улады мянялі стаўлення да праблемаў. Цяпер ва ўладаў выбар: ці то дэмакратычныя змены, ці працяг рэпрэсіяў. Мы не бачым, каб нешта выходзіла за межы працягу рэпрэсіяў», – прызнаецца Павел Сапелка.

Праваабаронец падкрэсліў, што для любых зменаў мае быць воля актараў. На сёння яе няма.

 

Марыя Мурашка belsat.eu

 

Стужка навінаў