Хто падставіў вайскоўцаў? «Белсат» разабраўся ў адным фэйку


Падробка зробленая вельмі якасна.

Увечары ў чацвер шмат у якія беларускія медыі даслалі «адкрыты ліст афіцэраў асобай брыгады спецыяльнага прызначэння». У лісце нібыта вайскоўцы асуджаюць уварванне Расеі ва Украіну, а таксама ўцягванне Беларусі ў гэта. Ліст накіраваны Лукашэнку. Быў прыкладзены фотаздымак нібы з афіцэрамі, якія падпісалі ліст. Мы задалі пытанне таму, хто даслаў нам гэтую інфармацыю: маўляў, як мы можам упэўніцца ў тым, што гэта не фэйк? Але пацверджання не атрымалі.

Вайскоўцы, якія нібыта падпісалі ліст Лукашэнку (насамрэч не). Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Пры дапамозе кіберпартызанаў атрымалі пацверджанне, што мінімум 13 асобаў са згаданых 22 сапраўды служаць альбо служылі ў вайсковай частцы 89417 у Мар’інай Горцы. Што праўда, брыгада называецца не асобаю, а асобнай.

«Што гэта асобная брыгада, а не асобая, ведае кожны жаўнер. Афіцэры тым больш не маглі гэтак памыліцца. Тут сапраўды ёсць прозвішчы рэальных людзей. Фота – з армейскіх вучэнняў. Але асобы на фота і ў спісе розныя, – патлумачыла «Белсату» ананімная крыніца ў беларускім войску. – Місюкевіч, які ў лісце пазначаны капітанам, ужо маёр, Граждзіеру сышоў у іншае падраздзяленне і таксама даўно ўжо не маёр.

Дзякуючы кіберпартызанам нам удалося спраўдзіць 20 подпісаў сапраўдных асобаў з тымі, што ў спісе. Візуальна некаторыя падобныя, але большасць моцна адрозніваецца. Таксама мы заўважылі, што некаторыя подпісы былі зробленыя адною рукою (паводле кутоў, закругленняў і г. д.).

Адкрыты ліст вайскоўцаў. Фота: чытачы / Белсат
Адкрыты ліст вайскоўцаў. Фота: чытачы / Белсат
Адкрыты ліст вайскоўцаў. Фота: чытачы / Белсат

 

Хто і для чаго пастанавіў зрабіць такую якасную падробку? Пытанне, на якое няма адказу. Але фэйк добра разышоўся па ўкраінскіх пабліках.

Алена Аляксандрава Belsat.eu

Стужка навінаў