ГУР Украіны: Крэмль плануе падрыў жылых дамоў у Мазыры, каб уцягнуць Беларусь у вайну


Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што Расея плануе арганізаваць серыю тэрактаў на тэрыторыі Беларусі. Ніякіх доказаў ГУР не прыводзіць.

Даведка
Звяртаем увагу: падчас вайны спецслужбы канфліктуючых бакоў могуць актыўна выкарыстоўваць дэзынфармацыю для вырашэння сваіх ваенна-палітычных задач.

Паводле ГУР, у Мазыр ужо прыбылі дыверсійныя групы, у склад якіх уваходзяць кадравыя супрацоўнікі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення РФ і найміты з падкантрольных расейскім уладам прыватным ваенным кампаніям (ПВК). У іх задачы нібыта ўваходзіць арганізацыя серыі тэрактаў на тэрыторыі Беларусі.

Украінская выведка сцвярджае, што Расея хоча паўтарыць у Беларусі сцэнар, які быў выкарыстаны для таго, каб апраўдаць Другую чачэнскую вайну. Тады, у 1999 годзе, у падрывах жылых дамоў у Маскве, Буйнакску і Валгадонску абвінавацілі чачэнскіх баевікоў (у інфармацыі ГУР чамусьці згадваюць выбухі ў Разані, але як раз там тэрактаў не адбылося).

«Такім чынам, расейскае ГРУ плануе правесці серыю артылерыйскіх і ракетных удараў па Мазырскім НПЗ, абʼектах цывільнай інфраструктуры і жылым масівам. Пры абстрэле дадаткова адбудуцца падрывы жылых дамоў, лякарні і школы.

Гэта, на думку крамлёўскі куратараў «спецаперацыі», створыць для Лукашэнкі так званы casus belli. То бок фармальную нагоду для вядзення вайны», – адзначаюць у ГУР Мінабароны Украіны.

Нібыта праз гэта афіцэры Узброеных сілаў Беларусі ўжо пачалі эвакуацыю сваіх сем’яў з Мазыра. Але крыніцы «Белсату» інфармацыю аб эвакуацыю не пацвярджаюць. Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» звестак пра эвакуацыю таксама не мае.

Hавiны
Хто падставіў вайскоўцаў? «Белсат» разабраўся ў адным фэйку
2022.06.24 14:16

Прадстаўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі інфармацыю ГУР пакуль што ніяк не пракаментавалі.

Нагадаем, 17 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ў украінскага боку нібыта была «шальная думка» ўдарыць па Мазырскаму НПЗ. «Калі яны ўдараць па Мазыры, то мы ўдарым па Кіеве, не заходзячы ва Украіну. Яны гэта павінны разумець. Але для таго, каб ударыць, трэба мець, чым ударыць. У нас гэта ёсць», – адзначыў ён.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу адкрыцця «новага фронту» ў Беларусі
2022.05.27 18:22

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў