Дыпламатыя замест зброі: ці маглі міжнародныя арганізацыі спыніць вайну ва Украіне?


Пасля ўварвання Расеі ва Украіну паўстала шмат пытанняў адносна таго, ці здольныя міжнародныя арганізацыі, якія ствараліся для забеспячэння міру ў свеце, спыніць вайну або хоць неяк на яе паўплываць. Раскладаем па палічках. Спойлер: усё складана.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў і яе найважнейшыя інстытуты – Рада Бяспекі, Генеральная Асамблея і Офіс генеральнага сакратара

ААН была створаная непасрэдна для падтрымання міру ў свеце, найперш шляхам дыпламатыі і дыялогу і часам – міратворчых місіяў. Дзякуючы арганізацыі, многія канфлікты не перараслі ў поўнамаштабныя войны, з дапамогай перамоваў удавалася дабівацца мірнага ўрэгулявання розных канфліктаў. Аднак паспяховыя кейсы дзейнасці ААН датычаць выпадкаў, якія не закранаюць інтарэсаў дзяржаваў з ядравай зброяй.

Як працуе ААН?

ААН служыць сусветным форумам, на якім краіны могуць узнімаць і абмяркоўваць найскладанейшыя пытанні, уключаючы праблемы вайны і міру. Схема такая: пры асабістых зносінах кіраўнікоў урадаў паміж імі ўзнікае дыялог, што дае магчымасць выпрацоўваць шляхі мірнага ўрэгулявання спрэчак. Калі шмат краінаў выступаюць адзінадушна, гэта ўплывае на ўсіх. Генеральны сакратар таксама можа стымуляваць дыялог паміж краінамі – наўпрост або праз свайго прадстаўніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зала Рады правоў чалавека.
Фота: Un.org

Ці можа Рада Бяспекі ААН спыніць вайну?

У склад Рады Бяспекі ААН уваходзяць 15 чальцоў. Пяць з іх сталыя, гэта Кітай, Францыя, Расейская Федэрацыя, Вялікая Брытанія і Злучаныя Штаты. Дзесяць непастаянных чальцоў Рады Бяспекі выбірае Генеральная Асамблея тэрмінам на два гады.

Рада Бяспекі займаецца падтрыманнем міжнароднага міру і бяспекі. У яе задачы ўваходзіць выяўленне пагрозаў для міру і перадухіленне актаў агрэсіі. Рашэнні Рады Бяспекі абавязковыя для выканання ўсімі дзяржавамі, якія ўваходзяць у склад ААН.

У выпадку крызісу Рада, у адпаведнасці са Статутам ААН, можа зрабіць шэраг крокаў, накіраваных на дээскалацыю сітуацыі. Напрыклад, раздзел VI Статуту прадугледжвае, што Рада Бяспекі можа заклікаць бакі ўрэгуляваць спрэчку мірным шляхам і рэкамендаваць умовы дасягнення дамоўленасцяў. Рада таксама можа рэкамендаваць развязаць спрэчку ў Міжнародным судзе – галоўным судовым органе ААН, які засядае ў Гаазе.

У некаторых выпадках Рада Бяспекі можа дзеяць у рамках раздзелу VII Статуту ААН, які прадугледжвае ў якасці крайняй захады накладанне санкцыяў, а калі вычарпаныя ўсе іншыя сродкі – выкарыстанне сілы краінай – чальцом ААН, кааліцыяй краінаў-чальцоў або санкцыянаванымі ААН міратворчымі місіямі. Упершыню Рада дазволіла выкарыстанне сілы ў 1950 годзе: «дзеянне вайсковага прымусу» было накіраванае на тое, каб Паўночная Карэя вывела войскі з паўднёвай часткі паўвострава.

Што такое «права вета» і як яго можна ўжываць?

Працэдура галасавання ў Радзе Бяспекі рэгулюецца артыкулам 27 Статуту ААН, які абвяшчае, што кожная дзяржава-чалец валодае адным голасам. Калі размова ідзе аб працэдурных пытаннях, неабходна дзевяць пададзеных галасоў. Ва ўсіх іншых пытаннях акрамя дзевяці галасоў патрэбная згода ўсіх сталых чальцоў. Гэта значыць, калі хто-небудзь з «пастаяннай пяцёркі» – Кітай, Францыя, Расея, Вялікая Брытанія або ЗША – галасуе супраць, дакумент ухвалены быць не можа.

Прыкладна 49 % усіх выпадкаў выкарыстання гэтага права прыпадаюць на СССР і яго правапераемніцу Расею, 29 % – на ЗША, 10 % – на Вялікую Брытанію і па 6 % – на Кітай і Францыю.

Што адбываецца, калі якая-небудзь краіна ігнаруе рашэнні Рады Бяспекі?

Калі нейкая краіна пагражае вайной, парушае мір ці здзяйсняе акт агрэсіі, Рада можа ўвесці эканамічныя гандлёвыя санкцыі ці зрабіць іншыя канкрэтныя захады, напрыклад, увесці забарону на пастаўкі зброі, дыпламатычныя абмежаванні. Акрамя таго, у пэўных сітуацыях можа санкцыянаваць ужыванне сілы. Аднак падобныя захады – выключныя і выкарыстоўваюцца толькі ў тым выпадку, калі мірныя сродкі ўрэгулявання спрэчкі вычарпаныя.

Ці можна адклікаць сяброўства краіны ў ААН?

Артыкул 6 Статуту ААН абвяшчае: «Чалец Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, які сістэматычна парушае прынцыпы, змешчаныя ў гэтым Статуце, можа быць выключаны з Арганізацыі Генеральнай Асамблеяй на рэкамендацыю Рады Бяспекі». Аднак у гісторыі Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў такога не адбывалася ніколі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Генеральная асамблея ААН. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: UN Photo / Eskinder Debebe

Ці можа Генасамблея ўмяшацца ў выпадку, калі Рада Бяспекі няздольная спыніць вайну?

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 377A (V) Генеральнай Асамблеі ад 1950 года, шырока вядомай як «Адзінства дзеля міру», у выпадку, калі ў Радзе Бяспекі адсутнічае адзінадушнасць сярод пяці сталых чальцоў, Асамблея мае права даваць рэкамендацыі больш шырокаму колу чальцоў ААН аб калектыўных захадах падтрымання або аднаўлення міжнароднага міру і бяспекі.

Генеральная Асамблея можа сабрацца на надзвычайную сесію на патрабаванне дзевяці чальцоў Рады Бяспекі або большасці чальцоў Асамблеі. Так адбылося 27 лютага пасля пачатку вайны ва Украіне. У выніку 1 сакавіка 2022 года Генеральная Асамблея на экстраным пасяджэнні прыняла рэзалюцыю, у якой выказвалася шкадаванне наконт «агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны ў парушэнне артыкулу 2 (4) Статуту». У дакуменце змяшчалася патрабаванне да Расеі неадкладна спыніць выкарыстанне сілы супраць Украіны і цалкам вывесці ўзброеныя сілы з тэрыторыі гэтай краіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў.

Адзначым, што ў адрозненне ад рэзалюцыяў Рады Бяспекі, рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі не маюць абавязковай сілы, гэта значыць краіны не абавязаныя іх выконваць. Што выдатна прадэманстравала Расея.

Што можа генеральны сакратар ААН?

Адна з найбольш важных роляў, якую адыгрывае генеральны сакратар, палягае на наданні «добрых паслуг» – крокаў, якія прымаюцца ім публічна або ў прыватным парадку, каб перадухіліць або спыніць міжнародныя спрэчкі. Часцей за ўсё размова ў такіх выпадках ідзе аб так званай ціхай дыпламатыі.

У канцы сакавіка гэтага года, спаслаўшыся на «механізм добрых паслуг», генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш папрасіў свайго намесніка і каардынатара надзвычайнай дапамогі ААН Марціна Грыфітса вывучыць магчымасць дасягнення «гуманітарнага замірэння» паміж Расеяй і Украінай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін i Антонью Гутэрыш.
Фота: vesti.ru

Высновы

Эфектыўнасць дзеянняў ААН залежыць ад палітычнай волі дзяржаваў-чальцоў, ад іх гатовасці выконваць тыя рашэнні, якія яны самі прынялі. Міратворчыя аперацыі ААН разгортваюцца толькі са згоды асноўных бакоў канфлікту, што ў выпадку вайны ва Украіне выглядае немагчымым. Акрамя таго, гэтая дзейнасць спалучаная з немалымі выдаткамі. Недахоп сродкаў часта не дазваляе ААН узяць на сябе больш важкую ролю.

Міжнародны крымінальны суд

Адзіны міжнародны суд, які патэнцыйна мае магчымасць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асоб, у тым ліку асабіста Уладзіміра Пуціна, гэта Міжнародны крымінальны суд (МКС). Акрамя таго, Украіна таксама падала пазовы ў дачыненні расейскай дзяржавы ў Міжнародны суд, найвышэйшую судовую інстанцыю ААН, і ў Еўрапейскі суд правоў чалавека.

Варта ўлічыць, што ні Расея, ні Украіна не чальцы МКС (Расея выйшла ў 2016 годзе), але Украіна прызнала яго юрысдыкцыю ў 2014 годзе пасля таго, як Расея анексавала Крым.

У 2017 годзе МКС увёў у свой панятковы апарат ваенную агрэсію як крымінальнае злачынства, але пакуль у абмежаваным маштабе. У якім сэнсе? Рэч у тым, што суд мае права пераследаваць асоб за гэтае злачынства толькі ў тым выпадку, калі абедзве закранутыя дзяржавы (агрэсар і яго ахвяра) – чальцы суда (у дадзеным выпадку гэты крытэр не выкананы) або калі адпаведная справа перададзеная на разгляд суда Радай Бяспекі ААН. Але там Расея мае права вета, таму за агрэсію ў рамках МКС Расею пераследаваць немагчыма, але за іншыя злачынствы – можна: суд мае права пераследаваць асобных асоб за генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці і за ваенныя злачынствы.

Працэс расследавання ваенных злачынстваў Расеі адбываецца з беспрэцэдэнтнай хуткасцю. Але пры гэтым нават калі, як у выпадку з Украінай, доказы такіх злачынстваў будуць сабраныя вельмі хутка, усё роўна ўласна судовы пераслед можа зацягнуцца на гады. На тое, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто здзяйсняў ваенныя злачынствы ў былой Югаславіі, пайшлі дзесяцігоддзі. У Сірыі, дзе вайна доўжыцца ўжо адзінаццаты год, рэжым, адказны за пераважную большасць парушэнняў, наогул нават застаецца ва ўладзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародны крымінальны суд.
Фота: wikimedia.org

Ці можа Пуцін быць арыштаваны?

Ордэр МКС на арышт Пуціна – цалкам імаверная перспектыва. Але тады ўзнікае іншая праблема. Як дзейны кіраўнік дзяржавы, якая не ёсць чальцом МКС, Пуцін валодае дыпламатычным імунітэтам, яго нельга арыштаваць і судзіць. Таму МКС не можа проста накіраваць дзяржавам – чальцам суда запыт на яго арышт. Затрыманне Пуціна малаверагоднае да таго часу, пакуль ён не сыдзе ці не будзе вымушаны пакінуць сваю цяперашнюю пасаду прэзідэнта.

Разам з тым, у свеце існуе тое, што называецца «ўніверсальнай юрысдыкцыяй», так што Пуцін і ягонае атачэнне павінны будуць некалькі разоў падумаць, ці ехаць ім за мяжу, і калі так, то куды. Дзяржавы, якія залучылі гэты прынцып у сваё заканадаўства, маюць права арыштоўваць на сваёй тэрыторыі асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні міжнародных злачынстваў, такіх як генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, і судзіць іх у сваіх нацыянальных судах. Нідэрланды ўключылі нядаўна ў гэты пералік яшчэ і «злачынства ваеннай агрэсіі».

Працэдура пакарання магчымая таксама і ў дачыненні расейцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны. Калі злачынства здзейсніла асоба на загад начальніка, гэта не вызваляе яе ад крымінальнай адказнасці.

NATO

NATO – гэта абарончы звяз 30 краінаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, які існуе з мэтай абароны яго краін – чальцоў і аднаго мільярда грамадзянаў, якія жывуць у гэтых краінах. Альянс здзяйсняе свае задачы, абʼядноўваючы ўрады і ўзброеныя сілы дзяржаваў-чальцоў, а таксама гарантуючы, што напад на адну з краінаў разглядаецца як напад на ўсе астатнія.

NATO адразу ж асудзіла вайну Расеі супраць Украіны. Альянс заклікаў Пуціна неадкладна спыніць гэтую вайну, вывесці ўсе свае войскі з Украіны і заняцца рэальнай дыпламатыяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Саміт NATO ў Бруселі.
Фота: Reuters

Чым дапамагае NATO?

NATO дапамагае каардынаваць запыты Украіны на дапамогу і спрыяе чальцам Альянсу ў дастаўцы гуманітарнай дапамогі. Асобныя краіны NATO пасылаюць ва Украіну зброю, боепрыпасы і некаторыя віды лёгкай і цяжкой вайсковай тэхнікі. На сённяшні дзень краіны NATO далі і забавязаліся даць Украіне вайсковую тэхніку на мільярды долараў.

Акрамя таго, краіны NATO пасылаюць ва Украіну прадметы медычнага прызначэння і іншае жыццёва важнае абсталяванне, у тым ліку ў галіне кібербяспекі, абароны ад радыелагічных, хімічных, біялагічных і ядравых пагрозаў. Шмат хто з чальцоў NATO надае гуманітарную дапамогу цывільным асобам і прымае мільёны ўкраінскіх уцекачоў. Краіны NATO таксама падтрымліваюць міжнароднае расследаванне злачынстваў, у тым ліку надаючы Украіне экспертную прававую дапамогу.

З моманту незаконнай і нелегітымнай анексіі Крыму Расеяй у 2014 годзе NATO дапамагала рэфармаваць Збройныя сілы і абаронныя інстытуты Украіны, у тым ліку даючы абсталяванне і падтрымліваючы фінансава. Акрамя таго, краіны NATO забяспечваюць навучанне дзясяткаў тысяч украінскіх вайскоўцаў.

Чаму NATO не закрыла неба над Украінай і «тармозіць» з пастаўкамі цяжкой зброі?

Згодна статуту, дзеянні NATO носяць абарончы характар і накіраваныя на перадухіленне, а не правакаванне канфлікту. Альянс заяўляе, што нясе адказнасць за тое, каб не адбылося эскалацыі гэтай вайны і яе распаўсюджвання за межы Украіны. У такіх варунках саюзнікі дзейнічаюць вельмі і нават занадта асцярожна, каб, як кажуць, не справакаваць Пуціна і не ўступаць у непасрэднае супрацьстаянне з Расеяй. Таму замест таго, каб «закрыць» неба над Украінай, дзяржавы-чальцы і партнёры NATO навязваюць Расеі вялікія выдаткі праз жорсткія санкцыі, якія мусяць пазбавіць вайсковую машыну Крамля рэсурсаў. Пры гэтым яны нарошчваюць свой абаронны патэнцыял ва Усходняй Еўропе, перакідваючы да ўсходняй мяжы NATO дадатковыя сілы і ўзбраенне.

Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі (МАгАтЭ)

Вайна ва Украіне паставіла рубам пытанне радыяцыйнай бяспекі для ўсяго свету. Расейская армія ўпершыню ў гісторыі выкарыстала ядравыя аб’екты як абароненыя плацдармы. Гэта ядравы шантаж: яны разумеюць, што там іхная тэхніка, зброя будуць у бяспецы, бо ніводная адэкватная дзяржава не пойдзе на тое, каб сілай выбіваць іх з гэтай тэрыторыі.

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС.
Фота: Reuters

Што рэгулюе пытанні бяспекі на міжнародным узроўні?

Чацвёртая Жэнеўская канвенцыя (а дакладней, дадатковы пратакол да яе ад 1977 года) забараняе захоп ядравых сістэмаў, АЭС не мусяць рабіцца аб’ектамі нападу. Асуджае такі захоп і Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі (МАгАтЭ). У 2009 на генеральнай канферэнцыі МАгАтЭ была прынятая пастанова: любы ўзброены напад або пагроза нападу на ядравыя сістэмы, што выкарыстоўваюцца ў мірных мэтах, ёсць парушэннем прынцыпаў Статуту ААН. У МАгАтЭ ёсць пэўныя інструменты, з дапамогай якіх арганізацыя можа ўплываць на многія працэсы. Напрыклад, МАгАтЭ мае мандат на зварот да ААН аб выкарыстанні ўзброенага ўмяшання ў выпадках, калі ёсць небяспека стварэння ядравай зброі (як у Іраку) і г. д. Гэтая міжнародная арганізацыя магла склікаць Раду Бяспекі ААН, Генасамблею ААН для непасрэднага ўмяшання пасля захопу ўкраінскіх станцыяў. Аднак МАгАтЭ не скарыстала ўсіх сваіх інструментаў, затое выказала «крайнюю заклапочанасць». Арганізацыя апублікавала рэзалюцыю, у якой заклікала Расею пакінуць тэрыторыю атамных станцыяў. З 24 лютага МАгАтЭ мусіла набраць дзясятак сваіх прадстаўнікоў і адправіць іх на ўкраінскія атамныя станцыі для назірання. Магчыма, гэта стала б фактарам стрымання для Расеі. Украіна пра гэта прасіла. МАгАтЭ мусіла нагадаць, што на тэрыторыі краіны пад атакаю Расеі існуюць ядравыя аб’екты, і патрабаваць зону бяспекі 20–30 кіламетраў вакол атамных станцыяў. Аднак гэтага не адбылося. Калі б арганізацыя належным чынам выконвала свае абавязкі, Расея мусіла б або выйсці з МАгАтЭ, або пагадзіцца з законнымі патрабаваннямі.

Разам з тым дзеянні расейскіх войскаў падпадаюць пад артыкул 2 Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з актамі ядравага тэрарызму і артыкул 7 Канвенцыі аб абароне ядравага матэрыялу (РФ ёсць бокам гэтых канвенцыяў) і могуць разглядацца як злачынствы, якія павінны пацягнуць жорсткія санкцыі.

Што з гуманітарнай дапамогай? Не абышлося без скандалаў

Міжнародны Чырвоны Крыж

Сваю галоўную мэту Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа вызначае як «наданне абароны і дапамогі ахвярам узброеных канфліктаў і іншых сітуацыяў гвалту». МКЧК займаецца ва Украіне аператыўнаю дапамогай, напрыклад, дастаўкай вады, ежы, абалоны для вокнаў, купляй тэхнікі, фінансуе аднаўленне водазабеспячэння ў разбураных гарадах. Таксама арганізацыя займаецца пошукам зніклых без вестак, наведвае ваеннапалонных, вядзе перамовы аб гуманітарных калідорах і гэтак далей.

З пачатку вайны МКЧК – часты герой скандалаў і абʼект для крытыкі. 15 сакавіка ўкраінцаў абурыла, што місія выйшла з Марыупалю, пакінуўшы людзей без дапамогі. Праз дзевяць дзён прэзідэнт Камітэту Пэтэр Маўрэр сустрэўся ў Маскве з міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым, прапанаваўшы адкрыць офіс МКЧК у Растове-на-Доне. Тлумачэнне такое: арганізацыя ставіць на першае месца людзей і іх патрэбы, таму займае нейтральную пазіцыю і мусіць супрацоўнічаць з усімі бакамі канфлікту. Калі сцісла, людзі перадусім, палітыка – другаснае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уцекачы з Украіны на памежным пункце пропуску «Рава-Руська – Грэбэннэ», Украіна.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Праблемаў дадае і недастатковая празрыстасць дзейнасці МКЧК. Кіраўнікі шэрагу дабрачынных фондаў і актывісты нават напісалі адкрыты ліст з крытыкай працы Камітэту ва Украіне. Крыжу ахвяруюць велізарныя сродкі людзі і арганізацыі з усяго свету, якія жадаюць дапамагчы Украіне, але на што іх выдаткоўвае Камітэт – невядома.

Да таго ж мала хто разбіраецца ў структуры Чырвонага Крыжа, праз што цярпіць рэпутацыя Украінскага Чырвонага Крыжа. Ва ўкраінскай арганізацыі адзначаюць, што працуюць самастойна і не маюць дачынення да Міжнароднага камітэту, іх абʼядноўвае толькі эмблема і прынцыпы.

У кампетэнцыях Украінскага Чырвонага Крыжа (УЧК) – цэнтралізаванае наданне гуманітарнай дапамогі праз органы мясцовай улады, хуткая дапамога насельніцтву на вызваленых тэрыторыях, гуманітарная дапамога ў больш спакойных раёнах.

ЮНІСЭФ

ЮНІСЭФ з самага пачатку вайны працуе ва Украіне і ў суседніх краінах, якія прымаюць уцекачоў і цалкам паспяхова выконвае сваю місію. Ва Украіне ЮНІСЭФ і партнёры даставілі жыццёва важныя медычныя і лекавыя сродкі для больш як двух мільёнаў чалавек у раёны, якія пацярпелі ад вайны; запэўнілі доступ да бяспечнай вады больш як двум мільёнам чалавек там, дзе камунікацыі былі пашкоджаныя або разбураныя; надалі псіхалагічнае і псіха-сацыяльнае падтрыманне больш як 610 000 дзяцей, іхным бацькам і апекунам; забяспечылі школьнымі прыладамі амаль 290 000 дзяцей; амаль 300 000 семʼяў у патрэбе зарэгістраваліся для ўдзелу ў праграме гуманітарнай грашовай дапамогі ЮНІСЭФ і Міністэрства сацыяльнай палітыкі Украіны.

У краінах, якія прымаюць уцекачоў, ЮНІСЭФ падтрымлівае нацыянальныя і мясцовыя сістэмы, якія надаюць асноўныя паслугі і абарону. Гэта ўключае ў сябе навучанне памежнікаў пытанням процідзеяння гандлю людзьмі, пашырэнне магчымасцяў навучання і інтэграцыю дзяцей-уцекачоў у школы, куплю вакцынаў і медыкаментаў; а таксама стварэнне гульнёвых і навучальных цэнтраў, якія даюць дзецям такое важнае адчуванне нармальнага жыцця.

Дваццаць пяць «блакітных пунктаў» ЮНІСЭФ – універсальных сховішчаў, якія бясплатна падтрымліваюць семʼі, што пакінулі Украіну, – былі створаныя ўздоўж асноўных маршрутаў перамяшчэння ўцекачоў у Малдове, Румыніі, Польшчы, Італіі, Балгарыі і Славаччыне.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў