Будслаўскі касцёл адкрылі пасля рамонту. Але грошы на аднаўленне пасля пажару яшчэ збіраюць


Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі моцна пацярпеў пасля пажару ў траўні 2021 года. На аднаўленне вернікі сабралі паўтара мільёна рублёў.

Будслаўскі касцёл. 11 траўня 2022 года. Будслаў, Беларусь.
Фота: budslau / Telegram

У пятніцу, 24 чэрвеня, Будслаўскі касцёл адкрыўся пасля больш як года рамонту па пажары, паведаміў Telegram-канал «Адновім Будслаў разам!». Рамонт купала завяршылі ў канцы траўня.

Як расказалі «Белсату» ў Будславе, касцёл адкрыўся без урачыстасцяў, там будуць праходзіць рэгулярныя службы.

Грошы на аднаўленне пасля пажару па-ранейшаму збіраюць на сайце budslau.by. Хоць ужо сабралі 1,446 млн рублёў, сродкі патрэбныя і на далейшы рамонт – у тым ліку аднаўленне роспісаў.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – парафіяльная каталіцкая святыня, помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, названы адным з «сямі цудаў Беларусі». Будынак у стылі позняга барока паўстаў у 1783 годзе, а першая згадка пра капліцу на тым месцы была ў 1504 годзе. Касцёл у Будславе загарэўся раніцай 11 траўня 2021 года. Пажар атрымалася згасіць, а таксама ўратаваць галоўны скарб святыні – абраз Маці Божай Будслаўскай. Аднак у касцёле цалкам выгарэў і абваліўся дах. У дзень пажару абвесцілі збор сродкаў на аднаўленне помніку сакральнай архітэктуры і мастацтва, валанцёры дапамагалі і фізічнай працай.

Аб’ектыў
У Будславе гарэў «беларускі Нотр-Дам». Што вядома?
2021.05.11 22:37

Неўзабаве Будслаў прыме Будслаўскі фэст, на які традыцыйна збіраюцца пілігрымы з усёй Беларусі. Імпрэзы 1 і 2 ліпеня пройдуць пад дэвізам «Каралева супакою, маліся за нас», святая імша 1 ліпеня пачнецца а 18-й. На працягу ўсяго фэсту абраз Маці Божай Будслаўскай будзе даступны для ўшанавання вернікамі. Поўная праграма фэсту тут.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў