Анісію Казлюк адпусцілі: ёй пагражае штраф, але без дэпартацыі


Беларускую праваабаронцу Анісію Казлюк, якую затрымалі сёння ў Кіеве, адпусцілі да панядзелка. У Офісе Святланы Ціханоўскай сцвярджаюць, што ўлады Украіны не плануюць высылаць беларуску.

У Анісіі ўзялі тлумачэнне і склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. Паводле гэтага пратаколу ў панядзелак будзе вынесеная пастанова (імаверна, дадуць штраф).

Анісія Казлюк распавяла «Белсату», што ў міграцыйнай службе папрасіла адваката, і замест яго зайшоў мужчына, які пачаў крычаць: маўляў, з Беларусі ў бок Украіны ляцяць ракеты. Гэта ж пачула і Вольга, юрыстка «Free Belarus Center», дзе валанцёрыць Анісія, якая прыехала ў той час у Дзяржаўную міграцыйную службу. Вольга паспрабавала трапіць да Анісіі, але працаўнікі службы папрасілі яе пакінуць памяшканне.

Затрыманне Казлюк атрымала розгалас, у справу ўмяшаўся Офіс Святланы Ціханоўскай. Кіраўнік прадстаўніцтва Офісу ў Кіеве Валер Кавалеўскі распавёў, што ён звярнуўся да старшыні Камітэту ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Дмытра Лубянца. Той запэўніў, што Анісію ніхто высылаць з Украіны не будзе, штампа ў пашпарт не паставяць, аформяць адміністратыўны пратакол і сімвалічны штраф. Валер Кавалеўскі таксама сцвярджае, што для Анісіі Казлюк будзе адкрытая працэдура для аднаўлення ейнага легальнага статусу ва Украіне.

У выніку Казлюк адпусцілі да панядзелка. Прозвішча чалавека, які павышаў голас на дзяўчыну, у міграцыйнай службе паведаміць адмовіліся.

Абноўлена
У Кіеве затрымалі беларускую праваабаронцу Анісію Казлюк. Умяшаўся Офіс Святланы Ціханоўскай
2022.06.24 13:57

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў