Вентылятары перадаваць нельга, вязні абліваюцца халоднай вадой над унітазам. Як перажыць спёку за кратамі


Калі тэмпература паветра штодня ўсё вышэй, найбольш цяжка прыходзіцца тым, хто цяпер знаходзіцца ў зняволенні, не мае магчымасці выйсці на шпацыр, ратавацца ад спякоты кандыцыянерам ці банальным вентылятарам. «Радыё Свабода» даведалася, як гэтымі днямі пачуваюцца вязні.

«Дзікая спякота і духата ў камерах»

Зняволены, які не захацеў называць сваё імя распавёў пра ўмовы ў адным з абласных СІЗА, у якім ён правёў больш за два месяцы:

«Дзікая спякота і духата ў камерах. Людзі ратуюцца тым, што абліваюцца халоднай вадой над унітазам».

Ён жа даслаў праваабаронцу Ўладзіміру Левінаву ліст з апісаннем таго, што давялося перажыць. Вось некаторыя цытаты з ліста.

Пра паветра

«Праз высокую летнюю тэмпературу і адсутнасць вентыляцыі дзікая спякота і духата ў камерах. Камераў для тых, хто ня курыць, няма. Ва ўсіх камерах, дзе пабываў, не працуе выцяжка. Дым ад цыгарэт стаіць густым туманам, бо няма ніякага руху паветра. На дадатак да ўсяго паветру шкодзіць адкрытая зверху туалетная кабіна. Усе пахі застаюцца ў камеры, бо няма вентыляцыі. Каб зменшыць пахі, вязні падпальваюць запалкі ці паперу, але ад гэтага дыхаць не лягчэй».

Пра шпацыры і душ

«Шпацыры ў цесных «дворыках» ад адной гадзіны да дзвюх, але па факце за 72 дні ніводнага разу не было шпацыру даўжэй за гадзіну. У асноўным па 15–20 хвілін. Адзін раз быў шпацыр на 40 хвілін, але разоў дзесяць усяго па 10 хвілін у дзень. Здараюцца непаладкі з гарачай вадой і, як вынік, – адмова ў наведванні душу, які павінен быць раз на тыдзень».

У СІЗА Беларусі няма лядоўняў для вязняў

Праваабаронца Павел Левінаў адзначае, што ізалятары ў Беларусі не абсталяваныя лядоўнямі, што наўпрост адбіваецца на якасці і каларыйнасці ежы, якую атрымліваюць вязні, а таксама не дае магчымасці захоўваць ежу, якую перадаюць родныя, у гарачае надвор’е:

«Як праваабаронцу, давялося пабываць у турмах ва Украіне і на свае вочы пабачыць лядоўні, усталяваныя ў калідорах вязніцы. Вязні могуць імі карыстацца, калі трэба, там у спякоту ежа добра захоўваецца. А ў нас гэтага няма, дзяржава фактычна не забяспечвае права вязняў на добрае і бяспечнае харчаванне».

Пра тое, як перажываюць спякоту ў Магілёўскім СІЗА актывісты «Еўрапейскай Беларусі», распавялі іх родныя.

Паводле Алены Церашковай, сястры Максіма Вінярскага, з ім у камеры 16 чалавек.

«Там вельмі цяжкія ўмовы. Задуха. Прагулкі бываюць, але не заўсёды. Калі хто захварэў, дык некаму трэба з ім заставацца, ці ўвогуле ніхто не ідзе. Ведаю, што ёсць праблема з добрай пітной вадой. Мог бы расказаць больш, але ў спатканні адмовілі», – расказала Алена.

«Сядаеш каля «кармушкі» і глыбока дыхаеш больш-менш нармальным паветрам»

Кацярына Людвіг, жонка Яўгена Афнагеля, паведаміла, што для вязняў магілёўскага СІЗА не прымаюць вентылятары:

«У мужа ў камеры 17 ці 18 чалавек, там гэткіх вялікіх камер шмат, ва ўсіх большасцю палітычныя. А вентылятараў для іх не прымаюць. Яны затарваюцца пітной вадой, але ня ведаю, ці хапае. Хутка да яго паедзе адвакат, тады будзем ведаць больш, як Яўген спраўляецца са спякотай».

А вось што пра Паўла Юхневіча расказала яго сваячка: «У камеры насамрэч спякотна, 18 чалавек. Ежа псуецца, таму Павал сказаў нічога не перадаваць, акрамя садавіны, гародніны і хлебцаў. Вентылятараў у Магілёве не прымаюць. Ведаю, што ў адпаведнасці з нейкай дадатковай пастановай у сувязі з высокай тэмпературай можна перадаваць дадаткова 5 літараў вады на месяц звыш агульнай вагі».

Анатоль Бокун, лідар страйкаму «Беларуськалію», якія днямі выйшаў на вол пасля 45 содняў арышту, распавёў пра ўмовы ў СІЗА ў Старых Дарогах:

«Сядаеш каля «кармушкі« (акенца ў дзвярах камеры, праз якое падаецца ежа) і глыбока дыхаеш больш-менш нармальным паветрам. Хоць 5 хвілін падыхаў, і ўжо можна трываць. Далей сядзіш на лаве, абліваешся потам, як у лазні. Што зробіш? Але бытавыя ўмовы для мяне не такія важныя, галоўнае, каб вакол былі нармальныя людзі», – кажа Анатоль Бокун.

ГГ, belsat.eu

 

 

 

 

 

 

 

Стужка навінаў