Удзельніка страйку на «Беларуськаліі» Андрэя Прылуцкага вызвалілі з СІЗА ў Санкт-Пецярбургу


Беларус Андрэй Прылуцкі 24 чэрвеня выйшаў з Колпінскага СІЗА ў Санкт-Пецярбургу пасля амаль шасці месяцаў зняволення. Гэтая навіна з’явілася ў тэлеграм-канале расейскіх праваабаронцаў «Чай с ромашкой».

Андрэй Прылуцкі.
Фота: тэлеграм-канал «Чай с ромашкой».

Да ўцёкаў у Расею Андрэй Прылуцкі жыў у Салігорску. Працаваў электраслесарам на 1-м рудніку «Беларуськалію».

Далучыўся да забастоўкі. 9 жніўня адбыўся інцыдэнт, за які на Прылуцкага завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі (арт.364 КК РБ). Андрэй спрабаваў дапамагчы чалавека, якога затрымлівалі людзі без апазнавальных знакаў. Мужчына адштурхнуў аднаго з іх.

Прылуцкага тады адразу затрымалі, асудзілі на 15 содняў за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Адседзеў мужчына сем содняў. Праз некаторы час пасля вызвалення была распачатая крымінальная справа.

Андрэй уцёк у Расею, адтуль збіраўся ляцець ва Украіну, але 30 снежня быў затрыманы расейскімі сілавікамі ў аэрапорце «Пулкава».

«Увесь гэты час (амаль 6 месяцаў) Андрэй чакаў, калі Генеральная пракуратура разгледзіць ягоную экстрадыцыйную справу, – гаворыцца ў тэлеграм-канале «Чай с ромашкой». – У чэрвені намеснік Генеральнага пракурора пастанавіў выдаць Андрэя, але мы абскардзілі рашэнне, і цяпер чакаем суду. Але тым часам скончыўся скрайні тэрмін утрымання пад вартай, дапушчальны па такім абвінавачванні, і Андрэя давялося адпусціць».

Расейскія праваабаронцы адзначаюць, што да апошняга баяліся, што Андрэя «могуць падвергнуць таемнай экстрадыцыі, што ня рэдкасць у нашыя часы». Але Андрэй выйшаў на волю, дзе яго чакаюць жонка і трое дзяцей.

Тым не менш, для Прылуцкага гэта яшчэ не канец ягонай справы – наперадзе суд. У выпадку экстрадыцыі на радзіму, Андрэя чакае пераслед паводле арт.364 Крымінальнага кодэксу («Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі») і пагражае да шасці гадоў турмы.

У Расеі паводле палітычных матываў у зняволенні ўтрымліваюцца па меншай меры пяцёра грамадзянаў Беларусі:

Вадзім Дубойскі – затрыманы ў красавіку 2021 года, абвінавачаны ў супраціве сілавіку;

Андрэй Казіміраў – затрыманы ў студзені 2021 года, абвінавачаны ў масавых беспарадках за ўдзел 10 жніўня ў Берасці ў акцыях пратэсту;

Аляксей Кудзін – затрыманы ў снежні 2020 года, абвінавачаны ў супраціве сілавікам, чэмпіён свету ў кікбоксінгу;

Сяргей Непагода – затрыманы ў сакавіку 2021 года, абвінавачаны ў супраціве сілавікам;

Яўген Шаблюк – затрыманы ў лютым 2021 года, абвінавачаны ў супраціве сілавікам.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў