У Беларусі завялі першую крымінальную справу за заробкі «ў канвертах»


Ва ўхіленні ад выплаты страхавых унёскаў вінавацяць бабруйскую рэкламную фірму, паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Прэс-служба КДК інфармуе, што ў дачыненні рэкламнай фірмы раней ужо ўзбуджалі справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў: больш як сто работнікаў атрымлівалі «шэры» заробак.

Упраўленне Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці ды абласнога Камітэту дзяржкантролю правялі дадатковую праверку і высветлілі, што цягам 2016–2021 гадоў фірма выплаціла сваім працаўнікам больш за 1,1 мільёна рублёў заробку «ў канвертах», без афармлення з працаўнікамі працоўных стасункаў. Не былі сплачаныя абавязковыя страхавыя ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на суму амаль 375 тысячаў рублёў.

Упраўленнем Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў»). Крымінальную адказнасць за заробкі «ў канвертах» увялі ў Беларусі 19 чэрвеня 2021 года пасля таго, як уступілі ў моц змяненні ў Крымінальны кодэкс.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў