У Беларусі вязням пералічаць тэрміны адбыцця пакаранняў. Сяргей Зікрацкі тлумачыць, як мусіць працаваць новы закон


19 чэрвеня ўступіў у моц Закон аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці. Папраўкі сярод іншага ўводзяць новыя правілы заліку тэрмінаў утрымання пад вартаю: цяпер адзін дзень перабывання пад вартай у СІЗА будзе залічвацца як 1,5 дня ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага або ўзмоцненага рэжыму (раней 1 дзень у СІЗА адпавядаў 1 дню ў калоніі). Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі ў інтэрв’ю belsat.eu патлумачыў, як будзе працаваць новы закон і ці могуць палітычныя вязні разлічваць на скарачэнне тэрміну адбыцця пакарання.

Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас пасяджэння над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

– Чым абумоўлены такі механізм заліку тэрміну перабывання пад вартай і наколькі гэты прынцып распаўсюджаны ў свеце?

– Беларускія юрысты, крыміналісты і праваабаронцы заўсёды да гэтага заклікалі, бо ўмовы ўтрымання ў СІЗА значна больш жорсткія, чым у папраўчых калоніях. Таму гэта мусіла адбыцца яшчэ дастаткова даўно.

Я не вывучаў заканадаўства іншых дзяржаваў у гэтым пытанні. Але ж тут трэба разумець, што ў плане ўмоваў утрымання сітуацыя там не падобная да таго, што ёсць у Беларусі. Умовы ўтрымання ў беларускіх СІЗА абсалютна ненармальныя. Калі ў іншай дзяржаве ўмовы там значна больш камфортныя, то, адпаведна, у іх гэтая праблема можа проста не стаяць настолькі востра, як у Беларусі.

– Ці будуць новыя правілы працаваць у дачыненні людзей, якім ужо вынеслі прысуд на момант прыняцця закону?

– Так, гэтая норма будзе мець дачыненне да тых, хто ўжо адбывае пакаранне. Закон прадугледжвае, што новыя правілы не будуць выкарыстоўвацца толькі адносна асобаў, якія ўжо фактычна адбылі пакаранне. Калі на дзень 19 чэрвеня чалавек ужо адбыў пакаранне, то яго гэта не датычыць.

Тут мы кіруемся арт. 9 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае, што ў выпадку прыняцця закону, што паляпшае становішча асобы, якая ўчыніла злачынства, выкарыстоўвацца мусіць якраз больш мяккі закон. Такі закон мае зваротную сілу.

СІЗА на вуліцы Валадарскага, Менск.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

– Як будзе ажыццяўляцца залік тэрміну адбыцця пакарання? Тэрмін будзе пералічаны аўтаматычна ці ў кожным канкрэтным выпадку мае прымацца судовае рашэнне?

– Мусіць быць прынятая пастанова суда. Гэтае пытанне рэгулюецца арт. 402 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, якая ўстанаўлівае, што ў выпадках, прадугледжаных арт. 9 КК (пра што я казаў раней), неабходная пастанова суда, якая карэктуе ўжо вынесены прысуд. КПК прадугледжвае, што такая пастанова можа прымацца як тым судом, які выносіў вырак, так і судом паводле месца адбыцця пакарання. Ініцыятарам звароту ў суд можа быць або асуджаны, або сам орган выканання пакарання.

Я размаўляў з некаторымі адвакатамі, якія ўжо пачыналі працаваць у гэтым пытанні і кантактавалі з папраўчымі ўстановамі. Дык вось пакуль інфармацыя такая, што папраўчыя ўстановы самастойна рыхтуюць заявы ў суд з тым, каб былі вынесеныя пастановы пра карэктаванне тэрмінаў.

– А калі рабіць гэта будзе ўсё ж асуджаны, то ў які суд яму лепш звяртацца – паводле месца вынясення прысуду ці адбыцця пакарання?

– Мне складана даць тут практычную параду, бо я не сутыкаўся з такімі сітуацыямі. Але мяркую, што найлепш звяртацца ў суд, які выносіў вырак. Хаця закон прадугледжвае абодва варыянты.

– Ці могуць асуджанаму адмовіць у пераліку тэрміну? І на падставе чаго?

– Адмовіць не могуць, бо закон не прадугледжвае якіх-кольвек выключэнняў. То бок у суда няма варыянтаў. Я дапускаю, што суддзя можа нейкім чынам памыліцца і не ўжыць гэтай нормы. Але гэта магчыма толькі праз памылку.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Vadim Rymakov / TASS / Forum

– Вядома, што пасля вынясення прысуду асуджаныя нейкі час яшчэ застаюцца ў СІЗА. Гэтыя дні пасля выраку таксама будуць пералічвацца ці новыя правілы будуць выкарыстоўвацца толькі адносна перыяду перабывання ў СІЗА да прысуду?

Факт утрымання ў СІЗА павінен быць залічаны ў любым выпадку. Усе гэтыя дні павінны быць пералічаныя.

Даведка
Калі новыя правілы будуць выкарыстаныя ў дачыненні нашых каляжанак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, то іх двухгадовы тэрмін зняволення будзе канчацца не ў лістападзе, а ў жніўні 2022 года.

– Палітычных вязняў за кратамі ставяць на прафілактычны ўлік як асобаў, схільных да экстрэмізму ды іншай дэструктыўнай дзейнасці. Ці можа быць прафілактычны ўлік быць перашкодай для заліку тэрмінаў утрымання ў зняволенні?

Не. Зноў падкрэслю: гэта норма абсалютная. Гэтыя правіла могуць не быць рэалізаваныя толькі ў тым выпадку, калі прысуд ужо быў фактычна выкананы. Калі на момант уступлення закону ў сілу прысуд выкананы не быў, то тэрміны мусяць быць пералічаныя незалежна ад паводзінаў асобы, прызнання або непрызнання віны, схільнасці або нясхільнасці да экстрэмізму. Ніякія ўмовы не могуць быць падставаю не ўжываць гэтага закону.

– Ці правільна я разумею, што формула пераліку тэрмінаў мусіць выглядаць наступным чынам: колькасць дзён, праведзеных у СІЗА, варта памножыць на 1,5 і атрыманую лічбу адняць з агульнага тэрміну пакарання?

Менавіта так.

***

Першы выпадак ужывання новых правілаў у дачыненні палітвязняў стаў вядома на гэтым тыдні. 23 чэрвеня прэзідыум Менскага гарадскога суда пералічыў 21-гадоваму палітзняволенаму Антону Лакішыку тэрмін адбыцця пакарання згодна з апошнімі зменамі ў Крымінальны кодэкс. У выніку 129 дзён Антона ў СІЗА ператварыліся ў 193,5 дня ў калоніі агульнага рэжыму. Атрымліваецца, што 21-гадовы палітвязень агулам адбыў 328,5 дня з прысуджаных яму трох гадоў пазбаўлення волі.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў