Партал TUT.by могуць прызнаць экстрэмісцкім


24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачнецца судовы працэс, у хадзе якога вызначыцца далейшы лёс найбуйнейшага ў Беларусі парталу – TUT.by. Суд пастановіць, ці прызнаваць прадукцыю выдання экстрэмісцкаю.

Хто ініцыяваў забарону TUT.by

Плакат на падтрыманне журналістаў. Марш вызвалення палітвязняў, 4 кастрычніка 2020.
Фота: ТК / Белсат

Як вынікае з заявы МУС, падчас маніторынгу парталу TUT.by у лютым 2021 года былі знойдзеныя «матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь», а пры іх аналізе выяўленыя «прыкметы экстрэмізму». 2 сакавіка МУС накіравала гэтыя матэрыялы ў Рэспубліканскую экспертную камісію.

21 траўня ГУБАЗіК атрымаў заключэнне камісіі № 234, дзе сцвярджаецца, што «дзеянні інфармацыйнага рэсурсу TUT.by у інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнні магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сферах і, такім чынам, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Офіс TUT.by.
Фота: TUT.by

Заключэнні так званых экспертных камісіяў (камісіі бываюць розных узроўняў) па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі – традыцыйны механізм, які выкарыстоўваецца ўладамі для забароны непажаданых кніг або інфармацыйных рэсурсаў. Дэ-факта аспрэчыць рашэнне такіх камісіяў амаль немагчыма, суды разглядаюць іх высновы як ісціну ў апошняй інстанцыі. Гэтыя камісіі – псеўдаэкспертныя групы, якія складаюцца з выпадковых у плане прафесійнай кваліфікацыі, але цалкам лаяльных да ўлады людзей. Усе яны працуюць у дзяржаўных арганізацыях і структурах або нават самі ёсць прадстаўнікамі спецслужбаў. Невядома пра выпадкі, калі б тая ці іншая экспертная камісія не пагаджалася з меркаваннямі сілавікоў, якія замаўляюць ім гэтыя экспертызы.

У склад Рэспубліканскай камісіі для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі, якая рабіла заключэнне ў справе TUT.by, уваходзяць 20 асобаў. Сярод іх – дэпутатка і экс-міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення КДБ Ігар Жукаў, прэс-сакратар СК Сяргей Кабаковіч, прадстаўніца Дзяржаўнага мытнага камітэту Кацярына Шкурдзюк, намеснік дырэктара Інстытуту філасофіі Андрэй Дудчык, кіраўнік Інстытуту гісторыі Вадзім Лакіза і адразу два прадстаўнікі ГУБАЗіК (Дзмітрый Юцаў і Юрый Ткачук).

Hавiны
Марына Золатава дала першае інтэрв’ю з СІЗА
2021.06.16 17:07

У чым абвінавачваюць TUT.by

TUT.by вінавацяць у тым, што ў матэрыялах парталу дзеянні прадстаўнікоў улады (напрыклад, Аляксандра Лукашэнкі, Наталлі Качанавай, Наталлі Эйсмант ды іншых) «характарызуюцца негатыўна». У той час як дзеянні апазіцыі TUT.by нібыта «ацэньвае выключна станоўча». Фактычна партал абвінавачваюць у тым, што журналісты асвятлялі пратэсты, распавядалі пра гвалт сілавікоў і цытавалі заявы прадстаўнікоў апазіцыі.

«Сайт мэтанакіравана праводзіць самастойную рэдакцыйную палітыку», – напісана ў заключэнні Рэспубліканскай камісіі.

Паводле заключэння, у матэрыялах парталу маюцца «лінгвістычныя прыкметы высмейвання і абразы, негатыўная ацэнка дзейнасці Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных групаў асоб, якія вылучаюцца паводле прафесійнай прыкметы». Нібыта ў дачыненні іх ужываецца «стратэгія і тактыка дыскрэдытацыі».

«У агульным кантэксце ажыццяўляецца супрацьпастаўленне групаў асоб, якія бяруць удзел у пратэстах, і іншых групаў, якія ўключаюць «дзейную ўладу», «сілавікоў», АМАП, работнікаў ЦВК, «праўладных» і да таго падобнага, – сцвярджаюць аўтары. – Гэтыя прыкметы ёсць спосабамі выражэння экстрэмісцкіх значэнняў у частцы распальвання сацыяльнай варожасці і розні».

Чальцы камісіі пішуць, што «ў выніку мэтанакіраванага падбору матэрыялаў, з дапамогаю шматразовага паўтарэння лозунгу «Я/Мы з вамі» выказваецца ідэя кансалідацыі ўсіх слаёў грамадства вакол пратэстаў, накіраваных «на страйк асноўных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Беларусі».

Агулам так званае экспертнае заключэнне выкладзенае на больш як 60 старонках, яшчэ каля 300 старонак займаюць прыкладанні.

Якія наступствы будзе мець прызнанне парталу экстрэмісцкім

Каманда парталу TUT.by.
Фота: TUT.by

Пасля TUT.by экстрэмісцкім рэсурсам распаўсюд і захоўванне з мэтаю распаўсюду яго матэрыялаў будзе лічыцца правапарушэннем і карацца штрафам або адміністратыўным арыштам. Пры гэтым, паводле закону, падпіска на старонку ў сацсетках або тэлеграм-канал, які быў прызнаны экстрэмісцкім, не можа быць расцэненая як захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Аднак у красавіку ГУБАЗіК абяцаў, што нават за падпіску на забароненыя каналы будзе прыцягваць людзей ад адказнасці.

Як адзначае рэдакцыя TUT.by, ідэя прызнаць матэрыялы парталу экстрэмісцкімі можа не проста знішчыць працу журналістаў і ўсёй кампаніі, але і будзе спробаю сцерці гісторыю краіны, якую 20 гадоў пісалі журналісты TUT.by. Усё сказанае і напісанае парталам могуць абвесціць незаконным для абмеркавання і распаўсюду.

«Больш за тое, гэтая прапанова можа ўдарыць і па нашых чытачах, бо мільёны людзей гадамі дзяліліся публікацыямі нашага парталу. Калі ж суд прыме такое рашэнне, то, паводле існай практыкі, кожны такі грамадзянін і арганізацыя апынецца пад пагрозаю пераследу за распаўсюд забароненай інфармацыі. І ўсё роўна, што матэрыялы парталу, цытаты або спасылкі на яго былі размешчаныя яшчэ да прыняцця судом рашэння, няхай нават шмат гадоў таму і толькі на асабістай старонцы. Кожны з мільёнаў нашых чытачоў будзе пастаўлены ў небяспечнае становішча, калі ў любы дзень па яго могуць прыйсці і судзіць за тое, што дзяліўся ўпадабаным матэрыялам парталу», – адзначае каманда TUT.by.

Калі суд прызнае сайт TUT.by экстрэмісцкім, то абсалютна ўсе матэрыялы парталу будуць лічыцца забароненымі, нават калі гэта была заява Лукашэнкі, МУС або проста прагноз надвор’я. Адпаведна, за распаўсюд такіх спасылак могуць прыцягнуць да адказнасці.

Тэарэтычна пасля прызнання парталу экстрэмісцкім працаўнікі TUT.by могуць трапіць і пад крымінальны пераслед. Аднак рашэнне суда ў межах грамадзянскага працэсу не лічыцца аўтаматычнаю падставаю для распачынання крымінальнай справы.

Што адбываецца з TUT.by цяпер

Акцыя салідарнасці з затрыманымі журналістамі TUT.by ля беларускай амбасады. Вільня, Літва. 18 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»).

Дамен парталу TUT.by заблакаваны з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры, а серверы захопленыя спецслужбамі, працаўнікі TUT.by не маюць да іх доступу. Журналісты і рэдактары парталу цяпер працягваюць працу толькі ў сацыяльных сетках.

Hавiны
Кірыл Валошын пра сітуацыю з сэрверамі TUT.by: «Гэта падобна на рэйдарскі захоп»
2021.05.21 17:15

Агулам у межах «справы TUT.by» былі затрыманыя 15 чалавек. 12 з іх застаюцца за кратамі:

  • генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна;
  • галоўная рэдактарка Марына Золатава;
  • рэдактарка Вольга Лойка;
  • намесніца дырэктара Ірына Рыбалка;
  • журналістка Алена Талкачова;
  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад;
  • намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік;
  • галоўная інжынерка Ала Лапатко;
  • намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека;
  • менеджар Андрэй Аўдзееў;
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў;
  • дырэктарка «Rocket Data», TAM.by Дар’я Данілава.

Яшчэ тры чалавекі былі змешчаныя пад хатні арышт:

  • Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера – заснавальніка TUT.by;
  • Кацярына Ткачэнка – юрыстка TUT.by;
  • Ірына Касцючэнка – былая юрыстка TUT.by.

Усе 15 фігурантаў гэтай справы былі прызнаныя палітычнымі вязнямі.

ЗША, краіны Еўразвязу, а таксама міжнародныя структуры асудзілі рэпрэсіі ў дачыненні парталу TUT.by.

Размова
Чаму TUT.by гэтым разам не здолеў «прайсці паміж кроплямі»?
2021.05.24 22:20

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў