Не хапае на кватэру. Браць крэдыт ці растэрміноўку?

Пакуль яшчэ ёсць інструменты, якія дазваляюць дафінансавацца тым, каму бракуе грошай для набыцця жытла як на першасным, так і на другасным рынку. Падрыхтавала для вас кароткую даведку.

Фота: pixabay.com

Крэдыт на другасную жыллёвую плошчу

Цяпер два банкі крэдытуюць куплю кватэры на другасным рынку: «Беларусбанк» і «Прыёрбанк». І ў абодвух жорсткія ўмовы. У «Прыёрбанку» – дзве падобныя праграмы: стаўка – 17,98 %, тэрмін крэдытавання – 5–10 гадоў, доля ўласнага ўдзелу – ад 20 %. Адна праграма абавязвае аддаць жытло, якое набываецца, у заклад банку, застрахаваць яго і прывесці паручальнікаў. Іншая дазваляе заклад без паручальнікаў, але абавязкова трэба застрахаваць і кватэру, і крэдытаатрымальніка.

Пры разліку магчымай сумы крэдыту на набыццё жытла «Прыёрбанк» улічвае даход сужэнцаў. Магчымы ўлік даходаў блізкіх сваякоў. Плацяжы з часам памяншаюцца. Калі пазычаеце Br 25 тысячаў, максімальная выплата па крэдыце будзе Br 578 за месяц, праз год – Br 540.

Больш даражэйшая – «Іпатэка Экспрэс» ад «Беларусбанку». Тут стаўка 20 % гадавых, але тэрмін крэдытавання – да 20 гадоў. Забеспячэнне выканання абавязальніцтваў крэдытаатрымальнікам: заклад (іпатэка) набыванай кватэры. У некаторых выпадках (калі даходы крэдытаатрымальніка не дацягваюць) акрамя закладу банк запатрабуе і паручальніка. Пры разліку сумы крэдыту магчымае ўключэнне ў сукупны даход крэдытаатрымальніка даходу паручальніка – блізкага сваяка або сямейніка. Калі пазычыць у банку Br 25 тысячаў, першы плацеж будзе Br 515, праз год – каля Br 505. Умовы пагашэння па крэдыце: за фактычны час карыстання крэдытам. То бок калі гасіць датэрмінова, плацяжы будуць змяншацца. Яшчэ адзін непрыемны нюанс: грошы прыходзяць прадаўцу цягам 30 каляндарных дзён пасля заключэння крэдытнай дамовы.

Фота: pixabay.com

Крэдыты на новабудоўлю

Іх выдаюць «Прыёрбанк», «БелВЭБ», «БНБ-банк», «БТА-Банк» (праекты «А-100») і «Белінвестбанк».

Самая тыповая стаўка цяпер – 17,98 %. Лепш раіцца з аддзелам продажу забудоўніка, ён падкажа, з кім і на якіх умовах мае партнёрскія (чытай, самыя танныя) праграмы. Тэрмін крэдытавання: 5, 7, 10 гадоў і 20 – у аднаго з банкаў. Звычайна банк патрабуе, каб доля ўласнага ўдзелу была не меншая за 20 %. Штомесячнае пагашэнне крэдыту ў адных банкаўскіх праграмах – з памяншэннем, у іншых – роўнымі долямі. Са стандартных умоваў – заклад жытла пасля яго здачы і парука.

Часцей за ўсё банкі патрабуюць страхаваць і нерухомасць, і крэдытаатрымальніка. Гэта дадатковыя выдаткі. Пры разліку магчымай сумы крэдыту на куплю жытла банкі могуць улічваць даход мужа і жонкі. Акрамя таго, можа ўлічвацца не толькі заробак, але і іншыя крыніцы даходу. Прыкладны разлік (калі пазычаеце ў банку на 5 гадоў Br 25 тысячаў) паказвае, што максімальны плацеж будзе каля Br 790 за месяц.

Меркаванні
Квадратны метр у прапановах падаражэў на $ 20 і выйшаў на цэнавае плато. Дык што, вось яно, дно?
2021.06.17 13:16

Самы папулярны крэдытадаўца – «Белінвестбанк». У межах праекту «Нерухомасць ад партнёра» ён «сябруе» з большасцю забудоўнікаў. Тэрміны крэдытавання – 10 і 20 гадоў. Першыя год ці два крэдытная стаўка ільготная (цяпер гэта 8,67; 9,76; 11,93 або 14,11 адсоткавыя пункты гадавых у залежнасці ад таго, на кватэру якога забудоўніка выдаецца крэдыт). Адсоткавая стаўка за карыстанне крэдытам па заканчэнні ільготнага перыяду – 16,90 %. Паколькі адсоткі прывязаныя да стаўкі оўвэрнайт, яны ў тэорыі могуць змяніцца. Яшчэ варта ўлічыць, што частка забудоўнікаў павялічвае кошт квадратнага метра, калі купля кватэры дафінансоўваецца крэдытам.

Не надта папулярным быў лізінг нерухомасці ад «дачкі» «Беларусбанку» – «АСБ Лізінг». Але цяпер згадка пра нерухомасць у лізінг на сайце кампаніі наагул адсутнічае.

Меркаванні
Ці варта купляць кватэру ў старым жыллёвым фондзе?
2021.06.03 12:15

Растэрміноўка ад забудоўніка

Гэтую форму продажу жытла, якое будуецца, пралічылі і асвоілі большасць камерцыйных забудоўнікаў як страхоўку ад знікнення крэдытавання. Тыповая растэрміноўка – на 3–5 гадоў, самая працяглая – у «Dana» (цяпер да 100 месяцаў).

Умовы растэрміноўкі ўва ўсіх розныя, але яе даюць у прывязцы да долара ці еўра паводле курсу Нацыянальнага банку. Акрамя таго, метр у растэрміноўку забудоўнікі ацэньваюць вышэй, чым пры разавым плацяжы, на $ 20–100. Яшчэ адно частае пажаданне забудоўніка – аплаціць адразу 30–40 % кошту жытла, якое будуецца (амаль яго сабекошт).

Меркаванні
На тых, хто чакае дна коштаў на жытло, разгортваецца інфармацыйная атака
2021.05.06 13:06

Браць крэдыт/растэрміноўку ці пачакаць абвалу цэнаў?

Прыкметнага зніжэння коштаў (пакуль існуе крэдытаванне) чакаць не выпадае. Калі знайшлі кватэру мары (або ідэальную новабудоўлю, якую здадуць цягам паўгода), і на яе бракуе (у залежнасці ад вашых даходаў) 5–15 тысячаў умоўных адзінак, мабыць, варта скарыстацца крэдытам або растэрміноўкай. Ува ўсіх астатніх выпадках трэба лічыць.

Вашу здольнасць гасіць крэдыт за вас падлічыць банк. З растэрміноўкаю больш склада. Ці будзе ў вас праца? Ці будуць вашыя даходы (у валютным выражэнні) стабільныя? Пастаўцеся да разлікаў як банкір. Калі даходы не прывязаныя да валюты, а выплаты па растэрміноўцы перавышаюць 40 % даходаў сям’і, выжываць будзе цяжка і рызыкі высокія.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў