МЗКЦ паказаў першы ў гісторыі беларускі БТР V-2. Ці ёсць перспектывы?


Першы ў гісторыі бронетранспарцёр беларускіх распрацоўнікаў прадэманстраваў у сераду Менскі завод колавых цягачоў на ваенна-тэхнічнай выставе «Milex-2021».

Раней Беларусь толькі мадэрнізавала старую савецкую тэхніку ці купляла больш новыя машыны такога класу ў Расеі.

БТР V-2 (МЗКТ-690003) на выставе.
Фота: VOLAT.MZKT/Facebook

 

Беларускі БТР для беларускага войска?

«Мы настроены на тое, каб такая машына сталася асноўным сродкам рухомасці ў беларускіх узброеных сілах», – піша сайт Дзяржаўнага камітэту ў ваеннай прамысловасці.

Беларускі БТР адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, паведамляе вытворца. Ён можа транспартаваць жаўнераў, падтрымліваць іх агнём у баі, абараняць іх ад варожага стралковага агню і выбуховых прыстасаванняў, знішчаць лёгкую бранятэхніку і танкі супраціўніка, а таксама малахуткасныя паветраныя цэлі.

БТР V-2 (МЗКТ-690003) на выставе.
Фота: VOLAT.MZKT/Facebook

Новая машына, што важыць 20 тонаў, можа рухацца з хуткасцю да 110 км за гадзіну на сушы і да 10 км за гадзіну на вадзе. Мае рухавік 550 к. с. і аўтаматычную скрыню перадачаў.

Узбраенне – 30-міліметровая аўтаматычная пушка, 7,62-міліметровы кулямёт, супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты.

Далей на базе гэтага БТР плануюць распрацаваць яшчэ больш цяжкую машыну вагою да 24 тонаў, што будзе мець дадатковую браню, паведамляе праспект на сайце Дзяржкамваенпраму.

Свае распрацоўкі – супраць нятанных «падарункаў данайцаў»

БТР V-2 яшчэ чакаюць выпрабаванні, толькі пасля якіх можна будзе казаць пра тое, што машыну прынялі на ўзбраенне. Аднак ужо некалькі гадоў Беларусь заключае кантракты на дзясяткі мільёнаў долараў на куплю расейскіх БТР-82А – мадэрнізаванай версіі яшчэ савецкіх БТР-80. Кожны БТР-82А каштуе для Беларусі каля $ 0,9 млн.

Аднак фактычна БТР-82А ўжо маральна і тэхнічна састарэў, бо з’явілася новая, лепш абароненая і ўзброеная версія БТР-80 – БТР-87.

У самой Беларусі ў 2008–2010 гадах распрацоўвалі канцэпт сучаснага нацыянальнага бронетранспарцёра ад МЗКЦ «Умка». Праект, дарэчы, падобны да прадэманстраванага БТР V-2. Аднак прыгожы і высокатэхналагічны (і, адпаведна, нятанны) праект з колаваю формулай 8 х 8 не пайшоў далей разлікаў інжынераў – якраз у 2010 годзе ў Беларусі пачаўся доўгатэрміновы эканамічны крызіс, які працягваецца дагэтуль.

Канцэптуальны малюнак БТР «Умка». Крыніца: military-informant.com

У сучасных умовах, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш прывязвае сябе да маскоўскага падтрымання з адпаведнай ваенна-тэхнічнай залежнасцю, перспектывы айчыннага бронетранспарцёра ў беларускім войску выглядаюць цьмяна.

Хутчэй за ўсё, айчынная ваенная вытворчасць атрымае новы штуршок і замовы толькі ў выпадку дэмакратызацыі і павелічэння вонкавапалітычнай самастойнасці Беларусі ў сферы ваеннай палітыкі і ваеннай прамысловасці.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў