«Духам не падае». Адвакатка Ціханоўскага распавяла пра ягоны настрой у першы дзень суду


Наталля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага, якога разам з яшчэ пяццю палітвязнямі пачалі судзіць 24 чэрвеня, перадала некаторыя дэталі пра стан свайго падабароннага, паведамляе «Радыё Свабода».

Адвакатка знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, але пра настрой Ціханоўскага крыху распавесці змагла.

«Стан у Сяргея неблагі, духам ён не падае, здаровы. Настроены рашуча на абарону сваіх правоў. Рэагуе на тое, што адбываецца, працэсуальным чынам – усё, што магу вам распавесці», – сказала Наталля Мацкевіч.

Разгляд справы працягнецца 25 чэрвеня.

Суд па «справе Ціханоўскага», 24 чэрвеня, Гомель.
Фота: Людміла Гладкая/СБ – Беларусь сегодня

Што вядома пра справу?

Судовы працэс па «справе Ціханоўскага» распачаўся 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме ў Гомельскім СІЗА. На лаўцы абвінавачаных – блогер Сяргей Ціханоўскі, палітык Мікалай Статкевіч, рэдактар тэлеграм-каналаў Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Папоў, Арцём Сакаў. Палітвязняў пачалі судзіць амаль праз год пасля затрымання кожнага з іх.

Абнаўляецца
У Гомлі пачаўся суд над Ціханоўскім і Статкевічам
2021.06.24 12:24

Вядома, што ў справе ад 110 да 140 тамоў.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

  • арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
  • распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу РБ);
  • пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з прымяненнем гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:

  • распальванне сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Лосіку ўвесну да абвінавачвання дадалі яшчэ адзін артыкул. Які – пакуль невядома, адвакат не можа назваць з-за падпіскі.

Чакаецца, што «справу Ціханоўскага» будуць разглядаць як мінімум да 30 ліпеня.

ГГ, belsat.eu

 

 

 

 

Стужка навінаў