Дэпутат Савіных беларускім айцішнікам: ці працуеце на эканоміку РБ, ці збіраеце валізкі


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных падчас круглага стала ў прэс-цэнтры Sputnik Беларусь, прысвечанага санкцыям супраць Беларусі і шляхам выхаду з эканамічнага крызісу, выказаўся пра перспектывы IT-сектара ў нашай краіне. Паводле чыноўніка, тыя IT-спецыялісты і фірмы, якія не пачнуць працаваць на беларускі рынак, будуць вымушаныя з’ехаць.

Паводле Андрэя Савіных, Парк высокіх тэхналогіяў у хуткім часе ўстане перад выбарам, абумоўленым геапалітычнымі працэсамі, а менавіта – дзяленнем свету на макрарэгіёны са сваімі эканамічнымі законамі і правіламі. Такое дзяленне, лічыць чыноўнік, выключыць у будучым магчымасць ствараць IT-прадукт, асабліва высокатэхналагічны і стратэгічны, у адным макрарэгіёне і прадаваць яго ў іншым – гэта проста будзе забаронена паводле меркаванняў бяспекі.

Гісторыі
Хочацца жыць у свабоднай краіне. Навошта беларускія айцішнікі пераязджаюць у Польшчу?
2021.03.29 19:16

«Гэта значыць, што тая частка IT-сектару Беларусі, якая працуе на амерыканскі рынак, павінна будзе пераарыентавацца на наш рынак ці з’ехаць, – піша на сваім сайце Савіных. – Чаму? Таму што працаваць з Беларусі на амерыканскі рынак праз пяць гадоў будзе проста немагчыма».

Забараняць працу ў Беларусі, паводле чыноўніка, будзе не беларускі, а амерыканскі ўрад.

«Айцішнікі мусяць дакладна зразумець: ці яны знаходзяць нішу тут і пачынаюць працаваць на ўласную прамысловасць і эканоміку, ці пакуюць валізкі і пераязджаюць бліжэй да месца сваіх замоўцаў і спажыўцоў, – кажа далей дэпутат. – Гэта не палітычная, а эканамічная рэчаіснасць».

Шчыра кажучы
«Прававы дэфолт азначае, што закон нас не абараняе». Як Лукашэнка знішчае ІТ-краіну
2021.03.03 18:30

Беларускія айцішнікі пасля выбараў-2020 пачалі актыўна з’язджаць з Беларусі. Толькі Польшча з верасня 2020 года па травень 2021 года выдала больш за 10 тысяч візаў беларускім праграмістам і чальцам іхных сем’яў. З’язджаюць як асобныя адмыслоўцы, так і цэлыя фірмы.

ГГ, belsat.eu

 

 

 

 

Стужка навінаў