Бацька Залатарова пра новую справу: Гэта адмысловая правакацыя

17-гадоваму хлопцу з эпілепсіяй Мікіту Залатарову далі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі». Дзмітрый Карнееў (злева) і Мікіта Залатароў (справа). Гомель. 22 лютага 2021 года. Фота: svaboda.org

Новую крымінальную справу супраць няпоўнагадовага Мікіты Залатарова перадалі пракурору для накіравання ў суд.

17-гадовага палітычнага вязня вінавацяць у нападзе на супрацоўніка СІЗА № 3 паводле арт. 364 КК. Паводле матэрыялаў справы, Мікіта «наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку Лучкіну, у выніку чаго той упаў на падлогу, а калі падняўся, то прыхіліў Мікіту да сцяны, але падлетак схапіў Лучкіна за валасы і шыю, прычыніўшы фізічны боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу ўжыць гвалт над супрацоўніцаю Хаўбок і ейнымі блізкімі».

«Я лічу, што гэта адмысловая правакацыя. Мой сын хворы на эпілепсію. Яны адмыслова не давалі яму лекаў, у яго з’яўляецца раздражнёнасць. Ён мусіць не сядзець у турме, а лекавацца ў шпіталі. У іх там ёсць нейкі кабінет псіхолага, але ўсё гэта бздура, каб галачку на паперы паставіць. Але што там адбываецца насамрэч, ніхто не ведае», – распавёў Міхаіл Лапуноў, бацька Мікіты.

Дакументы паводле новай справы супраць Мікіты Залатарова. Фота даслаў Міхаіл Лапуноў
Дакументы паводле новай справы супраць Мікіты Залатарова. Фота даслаў Міхаіл Лапуноў
Дакументы паводле новай справы супраць Мікіты Залатарова. Фота даслаў Міхаіл Лапуноў

Паводле спадара Міхаіла, ахоўнікі пачалі выцягваць Мікіту за рукі з камеры, хлопец мог за нешта схапіцца ці выпадкова нешта зрабіць: «Ён важыць 50 кілаграмаў, якую шкоду ён мог прычыніць? Можа, калі яго валаклі, нага некуды і патрапіла. Але сутнасць у тым, што ён палітычны, і гэта яўная замова зверху: ціснуць на ўсіх, хто мае палітычны статус, хто хоць неяк рот адкрыў, што ён супраць. Усіх ціснуць да канца».

Міхаіл Лапуноў падкрэсліў, што такое стаўленне да падлетка – за мяжою чалавечнасці:

«Я не ведаю, пра што яны там думаюць, так здзекавацца з хлопца. Яны ж і паперы пастаянна дадому дасылаюць, і паўсюль ставяць свае подпісы ды прозвішчы. Гэтыя людзі жывуць з намі ў адным горадзе, у адным доме! Гэтыя дакументы будуць для гісторыі. Калі ўлада памяняецца і будзе нармальная дэмакратычная краіна, усе адкажуць».

22 лютага ў гомельскім судзе Мікіту прызначылі 5 гадоў у выхаваўчай калоніі паводле крымінальнай справы аб кактэйлях Молатава. Хлопец віны не прызнаў, а пасля прысуду ў яго здарылася істэрыка: ён кідаўся на краты і прасіў яго выпусціць.

Мікіта Залатароў – падлетак, хворы на эпілепсію. Хлопец неаднаразова скардзіўся бацьку на жорсткае збіццё – ужывалі нават электрашокер. Таксама Мікіта заявіў у судзе, што яму ў СІЗА не даюць таблетак: «Канваір сказаў, што я палітычны і тут здохну».

16-гадоваму хлопцу з эпілепсіяй далі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі»

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны