Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 24 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 24 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Выгляд металургічнага заводу «Азоўсталь» пасля трохмесячнага штурму расейскай арміяй. Марыупаль, Украіна. 22 траўня 2022 года.
Фота: Alexander Garmayev / TASS / Forum

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 29 350 чалавек забітымі. Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў сваю чаргу паведаміла, што прычыны такіх катастрафічных стратаў – у правальнай тактыцы, адсутнасці гнуткасці і каманднага падыходу, што выяўляецца ў паўтарэнні ўжо дапушчаных памылак.

Пры гэтым за апошнія содні на Данецкім і Луганскім напрамках украінскімі сіламі былі адбітыя 16 атак расейцаў.

Разам з тым міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што расейскія войскі нібыта спецыяльна запавольваюць наступ, каб даць магчымасць уратавацца мірным жыхарам. Паводле міністра абароны РФ, ягоныя падначаленыя ствараюць «гуманітарныя калідоры» і абвяшчаюць рэжымы цішыні, каб людзі эвакуяваліся з абложаных мясцовасцяў. Гэта, маўляў, адбіваецца на хуткасці наступальных аперацыяў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы гаварыць з Уладзімірам Пуціным толькі ў тым выпадку, калі мэтаю гэтага дыялогу будзе спыненне вайны. Разам з тым, паводле звестак Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, апублікаваных 24 траўня, для 82 % украінцаў якія-кольвек тэрытарыяльныя саступкі дзеля міру з Расеяй недапушчальныя. Толькі 10 % лічаць, што для дасягнення міру можна ахвяраваць часткаю краіны. Астатнія 8 % не гатовыя адказаць.

Hавiны
82 % грамадзянаў Украіны не гатовыя ахвяраваць тэрыторыяй краіны дзеля міру з Расеяй
2022.05.24 15:30

Генеральны пракурор Украіны Ірына Вэнэдзіктава заявіла, што цяпер у краіне ідзе расследаванне больш як 13 тысяч справаў аб расейскіх ваенных злачынствах. Паводле Вэнэдзіктавай, 48 расейскіх вайскоўцаў бліжэйшым часам будуць судзіць паводле падазрэння ў здзяйсненні ваенных злачынстваў. Нагадаем: учора ў Кіеве асудзілі расейскага жаўнера Вадзіма Шышымарына, які прызнаўся ў забойстве 62-гадовага мірнага жыхара на ранніх этапах вайны.

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны паведамілі пра ўвядзенне забароны на перамяшчэнне ў прымежнай з Беларуссю зоне трох вобласцяў Украіны (Кіеўскай, Ровенскай і Жытомірскай). Такія абмежаванні ўведзеныя ажно да заканчэння дзеяння ўведзенага ва Украіне ваеннага становішча.

Hавiны
Украіна забараніла перамяшчэнне каля мяжы з Беларуссю ў трох вобласцях
2022.05.24 09:27

Расейскае выданне «Meduza» са спасылкаю на свае крыніцы паведаміла, што разам з рэферэндумамі ў самаабвешчаных рэспубліках Данбасу можа прайсці плебісцыт аб «зліцці» з Расеяй у Беларусі. Калі менавіта яны могуць прайсці, залежыць ад сітуацыі на фронце. Пакуль самая рэалістычная дата – 11 верасня, у адзіны дзень галасавання. Таксама паведамляюць, што ў тыя ж тэрміны можа прайсці рэферэндум аб далучэнні Паўднёвай Асеціі.

Hавiны
«Meduza»: У Беларусі можа прайсці плебісцыт аб «зліцці» з Расеяй
2022.05.24 13:48

У Кіеў 24 траўня з працоўным візітам прыбыла дэлегацыя офісу Святланы Ціханоўскай на чале з Валерам Кавалеўскім, якая перадала гуманітарную дапамогу беларускім добраахвотнікам з палка імя Кастуся Каліноўскага і палка «Пагоня»: аўтатранспарт, медыкаменты, турнікеты і прадукты. Гэтую дапамогу сабралі беларусы і мэрыя літоўскай сталіцы, пра што дамовілася Святлана Ціханоўская з мэрам Вільні Рэмігіюсам Шымашусам у красавіку.

Віцька Кавалак belsat.eu

Стужка навінаў