Содні і штрафы: у Менску прайшлі суды над затрыманымі супрацоўнікамі «Белсату»

Стоп-кадр з праграмы «Кожны з нас». 12 траўня 2021 года. Крыніца: Белсат

У Цэнтральным судзе Менску 24 траўня прайшлі судовыя працэсы над тэхнічнымі супрацоўнікамі «Белсату», якіх затрымалі 21 траўня.

З 10:40 да 16:00 былі запланаваны працэсы над Іванам Кашканам, Рыгорам Пятровічам і Паўлам Патапавым.

Іх усіх судзілі паводле арт. 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»). Суддзя – Аляксандр Петраш.

Па выніку судоў супрацоўнікам «Белсату» былі абвешчаныя наступныя прысуды:

  • Аляксандр Кульпо – 15 содняў;
  • Іван Кашкан – 15 содняў;
  • Міхаіл Кашкан – таксама 15 содняў;
  • Максім Ерашэнка – 15 содняў;
  • Рыгору Пятровічу далі 15 содняў;
  • Паўлу Патапаву прысудзілі арышт на 15 содняў.

Тэхнікаў студыі, дзе здымаюць ток-шоу «Кожны з нас», падазраюць у «незаконным вырабе і распаўсюдзе мэдыякантэнту»

У сюжэце БТ паведамілі, што тэхнічныя супрацоўнікі, якіх затрымалі ў Менску ў студыі, дзе здымаюць праграму «Кожны з нас», падазраюцца ў парушэнні Закону аб сродках масавай інфармацыі (арт. 23.5 КаАП).

21 траўня былі затрыманыя тэхнічныя супрацоўнікі: гукарэжысёр і чатыры аператары, а таксама адміністратар студыі, дзе здымаецца праграма «Кожны з нас». Цяпер затрыманыя – у ізалятары на завулку Акрэсціна ў Менску.

Падчас налёту на студыю праграма не здымалася. Студыя была падрыхтаваная да запісу чарговага выдання ток-шоу.

Акрамя таго, справу журналіста Алеся Сіліча адправілі на дапрацоўку, але яго не выпусцілі пасля 72 гадзін. У ІЧУ паведамілі, што яго ў іх няма, але параілі шукаць у Першамайскім РУУС. Магчыма, Алесь Сіліч зноў затрыманы па новаму пратаколу.

А ў Гомлі суддзя Цэнтральнага раёну Сяргей Кармановіч 24 траўня пакараў журналістаў-фрылансераў Яўгена Меркіса і Ларысу Шчыракову буйнымі штрафамі – кожнага на 725 рублёў.

МГ belsat.eu

Hавiны