У Берасці пачалі судзіць пятую групу ў «карагоднай справе»


Пачатак чарговага працэсу ў «карагоднай справе». Берасце, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

24 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця пачалі судзіць пятую групу ў гэтак званай карагоднай справе. Працэс вядзе Яўген Брэган.

Гэтым разам судзяць 13 асобаў: Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Зміцер Курганаў, Алена Лойка, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Андрэй Аніскевіч, Ілля Палхоўскі, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў, Аляксандр Храпко, Галіна Чугунова.

Пачатак чарговага працэсу ў «карагоднай справе». Берасце, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Нагадаем, што паралельна ў судзе Берасцейскага раёну разглядаюць справу чацвёртай групы людзей, у яе ўваходзіць 12 асобаў, а працэс вядзе Сяргей Маручак.

Абноўлена
Агучаныя выракі ў справе пра масавыя закалоты ў Берасці. Бальшыня пакараных – моладзь
2021.05.21 12:55

13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне «вадамётным», а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца «карагоднаю».

Паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») у гэтай справе асудзілі ўжо 32 чалавекі, 18 з іх ужо адбываюць пакаранне.

АЛ/МГ belsat.eu

Стужка навінаў