Што за «ліст пра бомбу» і калі паднялі знішчальнік. Версія беларускага боку пра захоп рэйсу «Ryanair»


Паводле беларускіх чыноўнікаў, экіпаж сам вырашыў сесці ў Менску, хоць да Вільні было бліжэй, а ніякага прымусу не было.

Самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, а 13-й гадзіне 23 траўня зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал. У Менску затрымалі прынамсі двух пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар.

Беларускі бок працягвае настойваць, што на борце было 123 пасажыры. Пры тым літоўскі бок заяўляў, што на з Афінаў выляталі 126 чалавек, у Вільню прыбыў 121.

Брыфінг аб інцыдэнце з самалётам «Ryanair». Злева направа: генеральны дырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, дырэктар Дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту Арцём Сікорскі, камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі Беларусі Іван Голуб і вядоўца брыфінгу. Менск, 24 траўня 2021 году.
Фота: Belpresscenter / Youtube

На брыфінгу, які зладзілі 24 траўня ў Нацыянальным прэс-цэнтры ў Менску, здарэнне назвалі «інцыдэнтам з аварыйнай пасадкай». Імёны затрыманых пасля пасадкі Пратасевіча і Сапегі на брыфінгу не згадвалі.

Артыкулы
Аперацыя супраць самалёта Ryanair і затрыманне Рамана Пратасевіча. Галоўнае
2021.05.23 23:49

«Знешні інфармацыйны ўкід і некампетэнтныя ацэнкі адносна дзеянняў беларускіх упаўнаважаных уладаў шакуюць і выклікаюць здзіўленне ў Дэпартаменце авіяцыі», – заявіў дырэктар дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту Беларусі Арцём Сікорскі, заклікаўшы дачакацца вынікаў расследавання і «не палітызаваць сітуацыю».

Ён запрасіў міжнародныя арганізацыі ўзяць удзел у бесстароннім расследаванні і даць «усю аб’ектыўную інфармацыю і перадусім матэрыялы перамоваў дыспетчар-пілот». Але папрасіў і ў «адпаведных адміністрацыях» даць расшыфроўкі перамоваў з борта самалёта, «каб ацаніць нашую правату».

Што быў за «ліст пра бомбу»

Паводле Сікорскага, 23 траўня на электронную пошту Нацыянальнага аэрапорту «Менск» прыйшоў ліст на ангельскай мове з адрасу на сэрвісе «ProtonMail» з наступным тэкстам:

«Мы, салдаты ХАМАС, патрабуем, каб Ізраіль спыніў агонь у Сектары Газа. Мы патрабуем, каб Еўрапейскі саюз адмовіўся ад падтрымкі Ізраілю ў гэтай вайне. Вядома, што ўдзельнікі Delphi Economic Forum вяртаюцца дамоў рэйсам «Факстрот-Рамэа-4978». У гэты самалёт закладзеная бомба. Калі вы не выканаеце нашыя патрабаванні, бомба выбухне 23 траўня над Вільняй».

Пры тым паміж Ізраілем і сектарам Газа рэжым спынення агню быў уведзены яшчэ ў ноч на 21 траўня.

Hавiны
Навошта Лукашэнку спатрэбілася спецаперацыя супраць самалёта «Ryanair» і якімі будуць наступствы? Тлумачаць эксперты
2021.05.24 15:44

Сікорскі заяўляе, што далейшыя дзеянні адпавядалі Чыкагскай канвенцыі, а таксама патрабаванням Нацыянальнай праграмы абароны грамадзянскай авіяцыі ад актаў незаконнага ўмяшальніцтва.

Ці была пагроза, што самалёт саб’юць

Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Ігар Голуб назваў «інфармацыйным укідам» тое, што самалёт «Ryanair» прымусілі сесці з ужываннем вайсковага самалёта-знішчальніка Міг-29. Ён даводзіў, што знішчальнік падняўся ў неба тады, калі пасажырскі самалёт ужо павярнуў на Менск.

Голуб дадаў, што ў сацсетках не было фота пасажыраў, якія бачылі б у небе вайсковы самалёт побач са сваім, а «каб прымусіць да пасадкі самалёт, дзяжурнаму экіпажу трэба падысці на візуальную бачнасць і шчыльна ўступіць у кантакт з камандзірам экіпажу, каб ён яго вачыма бачыў».

Hавiны
«Гэта акт дзяржаўнага авіяпірацтва». МЗС розных краін выказваюцца наконт пасадкі самалёта ў Менску
2021.05.23 22:32

Сікорскі ж адзначыў, што вайскоўцам не даюць камандаў збіць самалёт, калі толькі няма сітуацыі, у якой самалёт «аб’ектыўна пагражае бяспецы людзей, якія знаходзяцца на зямлі». У выпадку з самалётам «Ryanair», дадаў ён, не было нават прымусу да пасадкі, бо вайсковы самалёт падняўся, калі грамадзянскі ўжо павярнуў на Менск. Сікорскі пачаў казаць: «Калі б ён працягнуў палёт, яму да мяжы заставаліся лічаныя хвіліны…». Але не завершыў сказ.

Храналогія ад беларускага боку

Траекторыя самалёта пасля павароту на Менсу. Крыніца: Flightradar24

У 12.30 самалёт увайшоў у паветраную прастору Беларусі, расказаў Сікорскі.

У 12.34, паводле Сікорскага, дыспетчарам прапанавалі сесці ў Менску ў сувязі з паведамленнем. Экіпаж некалькі разоў перапытваў пра крыніцу інфармацыі пра бомбу, распавядае Сікорскі, і ім паведамілі, што інфармацыя паступіла ў менскі аэрапорт.

«У гэты момант экіпаж мог скарыстацца магчымасцю і прыняць рашэнне вярнуцца ва Львоў, у Кіеў, Варшаву, працягнуць палёт да Вільні і гэтак далей», – заяўляе Сікорскі.

Ён прызнаў, што на момант прыняцця рашэння да Вільні заставалася 70 км, да менскага аэрапорту – 175 км, але «камандзір прыняў слушнае рашэнне: ён паляцеў на больш абсталяваны аэрадром з больш доўгай пасадачнай паласой, які не знаходзіцца ў межах гораду». Сікорскі дадаў, што пілота магло падштурхнуць тое, што ў паведамленні пра бомбу згадваўся выбух менавіта над Вільняй.

Кіраўнік палётаў менскага Цэнтру кіравання паветраным рухам некалькі разоў спрабаваў дазваніцца да прадстаўніцтва кампаніі «Ryanair» у Літве, але датэлефанавацца не ўдалося, заявіў Сікорскі. Са словаў Сікорскага не зразумела, ці адбылося гэта да таго, як пра «бомбу» паведамілі пілотам, ці ўжо пасля.

У 12.47 экіпаж самалёта ўжыў код «7700», які азначае аварыйную сытуацыю, і «ў радыётэлефонным рэжыве» перадаў трывожнае слова «Mayday». Пасля экіпаж сам паведаміў, што прыняў рашэнне прызямліцца ў Менску, заявіў Сікорскі. Ён падкрэсліў са спасылкай на перамовы дыспетчараў і экіпажу, што «ціску на прыняцце рашэння з боку беларускіх дыспетчараў не было». Паводле сэрвісу FlightRadar24, пра які на брыфінгу не згадвалі, самалёт пачаў адхіляцца ад курсу на Вільню каля 12.45

У 12.48 аператыўнаму дзяжурнаму Цэнтральнага каманднага пункту Ваенна-паветрарых сілаў паступіла каманда ад дыспетчара аэрапорту «Менск-2», заявіў Голуб.

У 12.58, кажа Голуб, ён прыняў рашэнне даць каманду дзяжурнаму экіпажу падняцца ў паветра.

У 13.04 той экіпаж узляцеў, сцвярджае Голуб, а ў той час самалёт Ryainair ужо быў над Стоўпцамі – ужо павярнуў на Менск.

У 13.18 вайскоўцы атрымалі інфармацыю з менскага аэрапорту аб тым, што самалёт «Ryanair» паспяхова сеў. Пасля гэтага дзяжурны экіпаж, які ў гэты час быў над аэрадромам «Мачулішчы», быў перанакіраваны на пасадку ў аэрадром «Баранавічы».

У 16.20 «Па заканчэнні ўсіх працэдураў» самалёту прапанавалі вылятаць з Менску, але самалёт вылецеў толькі ў 20.48, заявіў Сікорскі. У 21.15 самалёт перасек паветраную мяжу. Чаму была затрымка, на брыфінгу не казалі. Сікорскі заявіў, што вылет адкладаўся «рашэннем камандзіра паветранага судна, не паводле рашэння беларускага боку».

Што думаюць пра адмову Літвы прымаць самалёты, якія пралятаюць над Беларуссю

Літоўскі бок не паведамляў Беларусі аб нейкіх абмежаваннях, заявіў Сікорскі, але выказаў шкадаванне з таго, што «нашыя калегі прымаюць нейкія эмацыйныя рашэнні, не дачакаўшыся канчатковых расследаванняў».

Hавiны
У ЗША і ЕЗ заклікалі забараніць палёты над Беларуссю і ўвесці санкцыі
2021.05.24 09:33

На брыфінгу заявілі, што зменыў авіяцыйным трафіку невялікія: хіба два самалёты «AirBaltic» абышлі Беларусь, а цяпер у Беларусі ў сярэднім на дзень абслугоўваюць каля 400 самалётаў на дзень.

Сікорскі нагадаў, што аблятаць Беларусь «эканамічна немэтазгодна». Разліку магчымых стратаў ад таго, што еўрапейскія кампаніі могуць перастаць лётаць праз Беларусь, не рабілі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў